Гульня на ўсё жыццё

- 11:21Прафесійна-тэхнічная адукацыя

“Что наша жизнь? Игра!”… Пераканана, што практычна ўсе чытачы не проста прачыталі гэтыя словы, а ў думках праспявалі знаёмую мелодыю. У многіх пры гэтым ва ўяўленні паўстаюць аднолькавыя карцінкі — круглы гульнявы стол, ваўчок, што круціцца на ім, напружаныя і азартныя твары гульцоў. Таму што многія ведаюць і любяць культавую інтэлектуальную гульню “Што? Дзе? Калі?”. Тысячы людзей па вечарах не адрываючыся сачылі за ходам гульні, перажываючы за знатакоў, спрабуючы раней за іх даць адказ на пытанне гледачоў. А яшчэ гэтая гульня папулярызавала цікавы кірунак выхаваўчай работы з падлеткамі — інтэлектуальныя клубы. Так, напрыклад, для многіх навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі гульні розумаў сталі любімым спосабам баўлення вольнага часу.

Амаль 10 гадоў ва ўстанове дзейнічае клуб “Імпульс”. Яго кіраўнік — бібліятэкар Ала Міхайлаўна Быкава. Ала Міхайлаўна — заўзяты аматар інтэлектуальных гульняў. Прызнаецца, што старалася не прапускаць ніводнай тэлеперадачы “Што? Дзе? Калі?”. У 2007 годзе яна прыйшла праца­ваць у каледж. У той час у Гомелі рэгулярна праходзілі інтэлектуальныя турніры паміж супрацоўнікамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Каманда каледжа, часткай якой стала Ала Міхайлаўна, не раз станавілася лідарам спаборніцтваў. І калі спатрэбілася вылучыць на спаборніцтвы ўжо каманду навучэнцаў, менавіта бібліятэкар узялася за яе падрыхтоўку. Так з’явіўся “Імпульс”.

— Як бібліятэкар я добра ведаю практычна ўсіх навучэнцаў каледжа. І вылучыць тых, каму такі занятак быў бы цікавы, нескладана. Так з’явілася першая каманда. Велізарную метадычную дапамогу ў рабоце мне аказалі Леанід і Тамара Клімовічы, якія з’яўляюцца аднымі з самых магутных рухавікоў развіцця інтэлектуальных гульняў у нашай краіне. Каманда адразу заняла 2-е месца ў турніры Чыгуначнага раёна Гомеля і 3-е месца ў гарадскім турніры па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. І з таго часу на раённых і гарадскіх спаборніцтвах ніколі не пакідала тройку лідараў.

На жаль, спаборніцтвы па “Што? Дзе? Калі?” сярод навучэнцаў устаноў ПТА і ССА, якія раней ладзіліся ў горадзе некалькі разоў на год, зараз не праводзяцца. Аднак гэта не паўплывала на актыўнасць клуба “Імпульс”. У пачатку навучальнага года ў каледжы абавязкова праходзіць самы першы турнір, які дазваляе ацаніць, якія дзеці прыйшлі вучыцца на 1 курс, хто з іх у перспектыве можа стаць удзельнікам клуба. Адчуўшы смак азарту, многія вырашаюць працягваць працаваць у гэтым кірунку, і яны прыходзяць на трэніроўкі, якія арганізоўваюцца па суботах у бібліятэцы. У Алы Міхайлаўны склалася свая сістэма работы з дзецьмі.

 — Надзвычай важна пашырац­ь кругагляд юнакоў і дзяўчат. Я “кірую” іх чытаннем — дапамагаю выбраць карысныя кнігі для вывучэння. Гэта даволі проста, бо працую бібліятэкарам. Раблю для іх падборкі па тэмах, агляды кніг і перыёдыкі,  — расказвае кіраўнік каманды. —  Аднак шмат ведаць — гэта яшчэ не ўсё. Нярэдка бывае, што чалавек — быццам жывая энцыклапедыя, аднак прымяніць падчас гульні свае веды не можа, бо трэба ўмець разблытаць клубок задання і зрабіць гэта хутка.  Таму вучымся шукаць прычынна-выніковыя сувязі і знаходзіць падказкі ў самім пытанні. Абавязкова разбіраем пытанні, на якія не ўдалося адказаць. Па кроках выбудоўваем шлях да адказу. Таксама на трэніроўках працуем над удасканаленнем увагі і ўменнем праца­ваць у камандзе. 

Усе набытыя ўменні — хутка рэагаваць на змяненне сітуацыі, працаваць у камандзе, шукаць крэатыўныя рашэнні — безумоўна, дапамогуць аматарам інтэлектуальных гульняў у прафесійнай дзейнасці.

У каледжы традыцыйна праводзяцца некалькі інтэлектуальных турніраў на год. Абавязкова ладзяцца гульні, прысвечаныя Дню вызвалення Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гадавінам аварыі на ЧАЭС. А­дзін з самых любімых навучэнцамі турніраў — Калядны. У першым этапе турніру вызначаюцца пераможцы сярод навучэнцаў на ўзроўні ПТА і ССА.  У фінале дзве каманды-пераможцы сустракаюцца з камандай выкладчыкаў каледжа і камандай дырэктара. Дарэчы, практычна заўсёды ў турніры перамагаюць навучэнцы. На спаборніцтвы каледжа запрашаюць і навучэнцаў іншых устаноў прафесійнай адукацыі.

 Жыццё клуба не абмяжоўваецца трэніроўкамі. Разам клубаўцы ходзяць на выставы, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы і проста сумесныя прагулкі па горадзе. Яны становяцца не проста гульцамі адной каманды, а сябрамі. Дарэчы, сяброўскія адносіны яны падтрымліваюць і пасля заканчэння каледжа. Стварэнне камфортнай, даверлівай атмасферы ў клубе — найважнейшая задача, таму што інтэлектуальнае развіццё, гульні і перамогі — гэта вельмі важна, аднак не менш важна, каб у кожнага было месца, дзе яму добра, дзе яго разумеюць. Менавіта такім месцам становіцца для навучэнцаў клуб “Імпульс”.

 — Дэвіз нашага клуба: “У кожным чалавеку ёсць сонца. Толькі дайце яму свяціць”, — расказвае Ала Міхайлаўна Быкава. — Так і імкнёмся працаваць.

А нашым чытачам, якія, як і ў­дзельнікі клуба “Імпульс”, любяць інтэлектуальныя гульні, прапануем паспрабаваць адказаць на некалькі пытанняў, якія прагучалі на Калядным турніры ў каледжы.

1. У чэшскім горадзе Брук ёсць музей шчасця. Экспануюцца ў ім шматлікія мадыфікацыі аднаго а­дзінага прадмета. Якога?

2. За ўвесь перыяд сваёй работы гэтая помпа робіць у агульнай складанасці 3 мільярды пампаванняў, перапампоўваючы пры гэтым больш за 300 млн літраў вадкасці. Што за вадкасць яна перапампоўвае?

3. Чаму ўвечары 31 снежня італь­янцы, згодна з тэхнічнай бяспекай, ходзяць строга па сярэдзіне маставой?

Дар’я РЭВА.