Гульня па бяспецы жыццядзейнасці

- 10:18Навіны рэгіёнаў

Інтэлектуальны анлайн-конкурс “101 разумнік” прайшоў у Гомельскай вобласці. Удзел у ім прынялі больш за 800 чалавек, лепшыя з іх сустрэліся ў фінале. 40 школьнікаў вобласці, якія найлепш арыентуюцца, як сябе паводзіць у надзвычайных сітуацыях, прадэманстравалі выдатныя веды па бяспецы жыццядзейнасці.

Інтэлектуальны батл разгортваўся кожны дзень на працягу тыдня роўна ў 15.00 у групе “МНС Гомельскай вобласці” сацыяльнай сеткі “УКантакце”. Ратавальнікі выходзілі ў прамы эфір і праводзілі гульню. Удзельнікам задавалі 50 пытанняў на тэму бяспекі, прапануючы па чатыры варыянты адказу, — расказалі ў абласным упраўленні МНС.

Дзеці далучаліся да анлайн-трансляцыі, адказвалі на пытанні супрацоўнікаў МНС з дапамогай мабільнага тэлефона і зараблялі балы. Рэйтынг лепшых гульцоў вызначаўся пры аналізе хуткасці і правільнасці адказаў на працягу гульні. Па выніках конкурсу ў фінал прайшлі 10 самых моцных юных ратавальнікаў.

Першыя адборачныя туры прадэманстравалі сур’ёзную барацьбу паміж дзецьмі з розных раёнаў вобласці. Кожны ўдзельнік імкнуўся максімальна хутка і правільна адказаць на пытанні ратавальнікаў. Гульня доўжылася амаль гадзіну.

Чатыры адборачныя этапы вызначылі пераможцаў літаральна ва ўсіх раёнах Гомельшчыны. У фінале школьнікі хваляваліся, гульня ішла напружана, кожнае пытанне магло стаць вырашальным. Пасля заключных 50 пытанняў ратавальнікаў была вызначана тройка прызёраў.

Бронзавым прызёрам конкурсу “101 разумнік” стаў Арцём Юрчанка, вучань 8 класа Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна. Арцём не першы год удзельнічае ў конкурсах і віктарынах ад МНС, з’яўляецца лідарам у камандзе, гуляючы ў брэйн-рынг “За бяспеку”. Пасля адборачнага этапу хлопец разам з сябрамі штодня рыхтаваўся да фіналу.

Сярэбраным прызёрам конкурсу стаў Кірыл Шкулепа, вучань 9 класа спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Пасля гульні Кірыл расказаў, што яму было вельмі цікава сапернічаць з моцнымі дзецьмі з іншых раёнаў і, хоць некаторыя пытанні былі з падвохам, яму вельмі спадабалася.

Залатым прызёрам і знаўцам бяспекі стаў Ягор Ключнікаў, які таксама вучыцца ў 9 класе спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь:

— Для мяне гульня была хвалюючай і захапляльнай. Было жаданне не толькі трапіць у тройку лідараў, але і апярэдзіць па ведах сваіх таварышаў.

Ратавальнікі віншуюць усіх дзяцей з добрай гульнёй і ўсеагульнай зацікаўленасцю ў вывучэнні асноў бяспекі жыццядзейнасці. Дарэчы, на Гомельшчыне гульня прайшла ўпершыню. Яе мэта — папулярызацыя руху ратавальнікаў-пажарных, работы аб’яднанняў па інтарэсах “Юныя ратавальнікі-пажарныя” і замацаванне ведаў па бяспецы жыццядзейнасці, гісторыі і развіцці службы выратавання.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.