Гульня ператвараецца ў справу жыцця

На 5-ы адкрыты Абласны турнір па робататэхніцы Roboquest, які прайшоў у Жлобіне, прыехалі больш як 300 дзяцей і падлеткаў ад 6 да 17 гадоў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці.

Арганізатары мерапрыемства — Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама. Старт турніру даў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. Ён падкрэсліў, што інжынерная думка — адзін з асноўных вектараў руху наперад.

— Дзеці, якія займаюцца робататэхнікай, атрымліваюць веды адразу па некалькіх дысцыплінах: матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, — сказаў ён. — Тое, што заняткі добра ўплываюць на вучэбныя дасягненні, даказваюць вынікі алімпіяд. На апошняй рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе вельмі добра выступілі нашы школьнікі, якія прадстаўлялі ў тым ліку фізіка-матэматычны цыкл. Практычна ўсе яны прайшлі праз Roboquest. Таму такія мерапрыемствы для нас вельмі важныя. Мы рыхтуем на іх будучых чэмпіёнаў па прадметных алімпіядах, тут яны робяць і першыя крокі ў прафесію. 

Спачатку робататэхніка абслугоўвала прамысловасць, але, дзякуючы развіццю мікраэлектронікі, інфарматыкі, мініяцюрызацыі механізмаў, тэхналогій штучнага інтэлекту прымяненне робататэхнікі распаўсюдзілася на многія іншыя сферы. І вельмі важна, што на Гомельшчыне становіцца ўсё больш аб’яднанняў, клубаў і гурткоў па асваенні гэтай цікавай і перспектыўнай галіны.

Спаборніцтвы прайшлі па некалькіх дысцыплінах. Гэта “Мабільная робататэхніка”, “Свабодныя платформы”, “Робафутбол”, “Свет WeDo”, “Беспілотныя лятальныя апараты”. Гледачы турніру змаглі ўбачыць спаборніцтвы, наведаць выставы робататэхнікі і інтэрактыўныя пляцоўкі. Напрыклад, на выставе быў прадстаўлены лазерны гравёр на Arduino, з дапамогай якога можна выгравіраваць малюнкі, фатаграфіі на дрэве і пластыку. Гледачы пазнаёміліся з унікальным домам, які дапамагае сачыць за якасцю паветра, тэмпературай і вільготнасцю, і з іншай робататэхнікай. У сёлетняй праграме спаборніцтваў з’явілася новая кампетэнцыя. У асобнай зале беспілотна-лятальны апарат за дзве хвіліны павінен быў зрабіць максімальную колькасць кругоў. Траекторыя для малодшай групы — эліпс, для старшай — васьмёрка. 

Для самых маленькіх гасцей турніру былі прадстаўлены казачная азбука, якая навучала алфавіту і дапамагала трэніраваць памяць, робат-сумо, а таксама Micro:bot, які валодае функцыяй распазнавання чалавека. Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік паведаміла, што больш за ўсё першых месцаў  — у навучэнцаў установы, якую яна ўзначальвае. Таксама пераможцамі сталі каманды з Рэчыцкага цэнтра творчасці, клубаў робататэхнікі “Аксіёма”, “Імпульс”, гомельскай гімназіі № 51, гомельскіх сярэдніх школ № 59 і № 8, абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, светлагорскага камп’ютарнага цэнтра.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.