Нататкі пасля XIV Мінскага міжнароднага опернага форуму, які чарговы раз прайшоў у Вялікім тэатры Беларусі.
Оперны форум — нагода паразважаць: як далучаць моладзь да оперы і балета? Гендырэктар Вялікага Кацярына Дулава нядаўна ў гасцях у нашай рэдакцыі гаварыла з аптымізмам: большае ў зале маладых людзей. А як вам ідэя: каб усе будучыя педагогі краіны здавалі “тэатральны залік”, наведваючы тэатры Мінска, у тым ліку і Вялікі? Ну, можна ж і пра такое памарыць. Бо калі настаўнік у тэатры ні разу не быў, пра оперу толькі чуў, то гэта званочак для сістэмы выхавання пачуццяў, эстэтычнага густу будучых педагогаў.
Яшчэ адна ініцыятыва з Вялікага, яе агучыла Кацярына Мікалаеўна: паказаць для школьнікаў і студэнтаў краіны маштабны праект “Патэтычны дзённік памяці”. Ён рэалізаваны дзякуючы гранту, атрыманаму з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Сёлетняя пастаноўка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета глыбока патрыятычная, гэта сінтэз драмы, музыкі, відэакантэнту, сучасных тэхналогій, оперы і балета. На сцэне — больш за 300 чалавек, усе калектывы тэатра: хор, аркестр, салісты оперы, балета, міманс і юныя артысты дзіцячай студыі. Вельмі цікавая мастацкая з’ява, дзея хвалюе і ўражвае гледачоў. Разам з Мінадукацыі Вялікі тэатр шукае варыянты правядзення мэтавых паказаў “Дзённіка…”.
І яшчэ раз агучым ідэю: білеты альбо сертыфікаты ў Вялікі тэатр могуць быць каштоўным дадаткам да дыпломаў пераможцы этапаў прадметнай алімпіяды. Дзе ўзяць грошы — галоўнае пытанне ў размовах з кіраўнікамі аддзелаў па адукацыі ў рэгіёнах. Урэшце гаворка тут пра справу дзяржаўнай важнасці: выхаванне будучай нацыянальнай эліты на лепшых узорах прыгожага сінтэзу розных мастацтваў. Добра б не толькі выдатнікаў далучаць да оперы — іх бацькоў, настаўнікаў таксама. Уявім сабе: пераможца раённага ці абласнога этапу алімпіяды з глыбінкі запрашае “на оперу ў Мінск” і настаўніка, і бацькоў. Ён свята зарабіў! А дыплом на ўзроўні рэспублікі, на міжнародных алімпіядах павялічвае “інтэлектуальна-тэатральны капітал” алімпіядніка: ён ужо можа запрасіць з сабой і братоў-сясцёр, сваякоў, сяброў.
Аднак не кожнаму опера, як гаворыць моладзь, заходзіць. Каб атрымліваць ад яе асалоду, хоць збольшага нешта пра яе трэба ведаць. Засвоіць правілы прыгожай і вытанчанай ігры, дарасці да яе. А інакш опера можа… выклікаць стрэс. Як анекдот, ведаю, у адной сям’і расказваюць пра мілага хлопчыка ў касцюмчыку, белай кашулі з бабачкай, які выйшаў з мамай пад ручку з тэатра. Як адышлі ад ганка, вырваўся-пабег, падабраў дубчык на газоне — і давай малаціць па кустах: аж лісце сыпалася. “Сынок, што ты робіш?” — у мамы-тэатралкі чуць мову не адняло. “А каб не пелі, каб не пелі!” — вішчаў малы, даючы волю эмоцыям.
Сучасная опера, між тым, гэта не толькі спевы: музыка, сцэнаграфія, касцюмы, акцёрская ігра, візуальныя эфекты, элементы харэаграфіі… Гэта бачым і ў апошняй прэм’еры Вялікага — оперы “Яўгеній Анегін” Пятра Чайкоўскага ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Ганны Маторнай.
Спектакль быў своеасаблівай дамінантай Опернага форуму, і гэта ўжо 8-я версія “школьнай класікі” на беларускай опернай сцэне. Як прызналася журналістам Ганна Дзмітрыеўна, даўно марыла прадставіць публіцы сваё бачанне оперы паводле паэмы Аляксандра Пушкіна: “Гэты геніяльны твор! Чым далей па жыцці іду, тым больш пранікаю ў яго неверагодныя глыбіні: эмацыянальныя, духоўныя, псіхалагічныя, інтанацыйныя, маральныя. З аднаго боку, гэта “энцыклапедыя рускага жыцця”, з другога — гісторыя пра чалавека па-за часам. Чайкоўскі стварыў дзівосны твор, на які адгукаецца кожная часцінка душы сучаснага чалавека”.
Вось і паспрабуйце, шаноўныя чытачы, праверыць гэта разам з вучнямі-старшакласнікамі, а потым абмеркаваць убачанае. Класіка ж, кажуць, не старэе…
Маргарыта Фінагенава выконвае адну з партый у “касмічнай оперы” “Галоўнае пытанне”
І для тых, каму падабаюцца тэатральныя эксперыменты, у арганізатараў форуму знайшлося што прапанаваць. Варонежскі тэатр оперы і балета прывёз у Мінск “Вяселле Фігара” Вольфганга Амадэя Моцарта: па касцюмах, сцэнічным антуражы дзея оперы адбываецца… на пачатку ХХ стагоддзя. А тэатр “Волга-опера” з Чувашыі паказаў эксперыментальную “касмічную оперу” “Галоўнае пытанне” Рустама Сагдзіева, у якой на сцэне ёсць і сабака-робат.
“Ну, як не спевамі, то, можа, такімі вось “акцёрамі” завабім у тэатр моладзь!” — жартавалі пасля сустрэчы з гледачамі стваральнікі незвычайнага спектакля з Чабаксар.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара
Фота на прэўю з архіва БелТА