Гульня вучыць бяспецы

“Планета бяспекі” — так мы назвалі свой вэб-праект, які быў прадстаўлены на Абласным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект-2018” у секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі” і адзначаны дыпломам І ступені.

Як не папасці ў непрадбачаныя сітуацыі, што рабіць, калі здарылася няшчасце, як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях? На гэтыя і многія іншыя пытанні вучні пачатковых класаў знойдуць адказы, калі здзейсняць віртуальнае падарожжа па старонках створанага намі вэб-праекта.

Праект “Планета бяспекі” складаецца з некалькіх блокаў. У інфармацыйным блоку, прадстаўленым раздзеламі “Азбука бяспекі”, “Гэта цікава” і “Што рабіць, калі…”, мы размясцілі матэрыял, які ў даступнай форме нагадвае вучням пра правілы бяспечных паводзін на вуліцы, вадаёмах, у лесе, пры знаходжанні падазроных прадметаў, а таксама вучыць правільна дзейнічаць у небяспечных і экстрэмальных сітуацыях.

Праверыць свае веды па асновах бяспечных паводзін вучням дазволяць гульні, змешчаныя ў блоку “Гульнятэка”. Мы распрацавалі сем гульняў, разнастайных па сваё тэматыцы: віктарыны “Знаўцы АБЖ”, “Дарожныя знакі”, “Загадкі доктара Айбаліта”, “Дарожная азбука”, пазлы “Пажарная бяспека”, “Гэта карысна ведаць”, “Разгадай і абазнач”. Усе гульні маюць адукацыйную накіраванасць і спрыяюць паспяховаму засваенню навучэнцамі ведаў, уменняў і навыкаў бяспекі жыццядзейнасці.

Таксама на старонках праекта размясцілі заданні дыстанцыйнай алімпіяды па АБЖ “Прыступкі бяспекі”, прыняць удзел у якой могуць усе жадаючыя вучні.

Праект набывае папулярнасць сярод вучняў і педагогаў раёна, актыўна выкарыстоўваецца на класных і інфармацыйных гадзінах, пры падрыхтоўцы да конкурсаў па АБЖ.

Запрашаем усіх зацікаўленых наведаць старонкі нашага праекта, размешчанага па адрасе planetabez10.blogspot.com.by.

Марыя КАНДАКОВА,
Юрый КАЗЕКА,
вучні 10 “Б” класа сярэдняй школы № 10 Слоніма.