Гульня-заняткі для дзяцей другой малодшай групы “Да бабулі, на аладкі”

- 14:52Портфолио

Адукацыйная галіна: развіццё маўлення і культура маўленчых зносін.

Від заняткаў: засваенне новага матэрыялу.

Праграмныя задачы:

вучыць дзяцей адказваць на пытанні выхавальніка асобнымі словамі, працягваць вучыць правільна вымаўляць гукі, уласныя імёны;

актывізаваць слоўнікавы запас дзяцей;

заахвочваць да эмацыянальнага і выразнага прагаворвання тэксту гульні;

выхоўваць цікавасць да роднай мовы.

Матэрыял: курачка, пеўнік, кот, карова, кошык з сенам, зярняткі, малако, яечка, аладкі, галасы жывёл.

Ход заняткаў.

Дзеці прыйшлі да бабулі, вітаюцца з ёю.

Дзеці: Добрай раніцы, бабуля!

Бабуля: Добрай раніцы, мае маленькія ўнучаткі. Мяне завуць бабуля Алена. А вас як? (Кожнае дзіця называе сваё імя на беларускай мове.)

Бабуля: Я вельмі рада вас бачыць у сябе ў хаце. Праходзьце, калі ласка. Паглядзіце, як прыгожа я прыбрала хату. І сама таксама прыбралася. Паглядзіце на мяне, якая я прыгожая! Так?

Дзеці: Так, прыгожая!

(Чуюцца галасы жывёл.)

Бабуля: Ай-я-яй! Я ж пакарміць жывёл забылася. Дзеці, дапамажыце, калі ласка.

(Падыходзяць да пеўніка з курачкай.)

Бабуля: Хто гэта?

Дзеці: Курачка, пеўнік.

Бабуля: Так, правільна. Гэта ён сёння першы прачнуўся і заспяваў. Як спявае пеўнік?

Дзеці: Ку-ка-рэ-ку!

Бабуля: Ко-ко-ко! Чуеце, дзеці, курачка сакоча, яна есці хоча. Давайце мы яе пакормім. Вось тут ёсць зярняткі. (Сыплюць зярняткі.)

Бабуля: А паглядзіце, што гэта я ў гняздзечку знайшла?

Дзеці: Яечка.

Бабуля: Вось і добра, аладкі спячом. Давайце скажам курачцы “дзякуй”.

Дзеці: Дзякуй!

Бабуля: Му-у-у! А хто гэта мяне кліча? Чый гэта голас?

Дзеці: Каровы.

Бабуля: Зараз мы і цябе пакормім. Вось табе сена. (Кормяць сенам.)

Дзеці, а што мы папросім у кароўкі?

Дзеці: Малачка!

Бабуля: Мычыць карова на лузе:

— Му-у, му-у!

Я малака вам даць магу!

А давайце пагуляем у гульню “Пастух і каровы”, я буду пастух, а вы — каровы.

Гульня “Пастух і каровы”

Выйшлі ўсе каровы на лужок,
Каб паскубсці муражок.
Тут пастух: “Ту-ру-ру-ру”,
А каровы ўслед яму:
— Му-му-му, малака каму?
Усе каровы маюць рожкі,
Хочуць пабадацца трошкі.
Тут пастух: “Ту-ру-ру-ру”,
А каровы ўслед яму:
— Му-му-му, малака каму?

(Дзеці ходзяць за выхавальнікам, імітуючы, як каровы пасуцца, бадаюцца.)

Раптам чуецца “Мяў-мяў”.

Бабуля: Гэта ж мой коцік прыбег. Дзе ж ты гуляў? Відаць, малачка хочаш? Дадзім коціку малачка?

Дзеці: Дадзім!

(Бабуля налівае ў місачку коціку малако.)

Бабуля: Дзеткі, у нас і яечка ўжо ёсць, і малачко. Будуць у нас зараз добрыя, смачныя аладкі. А пакуль аладкі спякуцца, давайце пагуляем.

Гульня “Шэры кот”

Раз, два, тры, чатыры,
Ката грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць
А за мышкамі скакаць.
“Кот”: Мышы ката баяцца?
“Мышы”: Не баяцца!
“Кот”: А я Кот-Катафей
Разганю ўсіх мышэй!
“Кот” ловіць “мышак”.

Бабуля: Пакуль мы гулялі, спякліся аладкі (уносіць аладкі).

Пойдзем мыць рукі і будзем частавацца.

Ілона ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ,
выхавальнік Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.