“Яшчэ ў пачатковай школе вельмі важна выхаваць у дзіцяці пачуццё ўласнай паспяховасці, веры ў сябе, жаданне вучыцца, — лічыць настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 33 Мінска Вольга Аляксандраўна Жарская. — Прычым чым больш у звычайнай практыцы разумных гульнятэхнік, тым вышэй шансы выхавання паспяховага дзіцяці”. А таму ўрокі настаўніцы з выкарыстаннем сучасных гульнятэхнік адпавядаюць формуле Г + І = І, што азначае гульнятэхніка, прапанаваная педагогам, плюс ініцыятыва, праяўленая навучэнцамі-ўдзельнікамі, роўныя індывідуальнасці, інтарэсу, ісціне. Вопыт педагога па тэме “Інтэнсіфікацыя адукацыйнага працэсу шляхам прымянення сучасных педагагічных гульнятэхнік ва ўмовах безадзнакавага навучання” летась быў адзначаны прэміяй Мінгарвыканкама.
Вольгу Аляксандраўну я адшукала ў яе вучэбным кабінеце, светлым і чыстым, па-дамашняму ўтульным, з прыгожымі кветкамі, абсталяваным сучаснай тэхнікай: камп’ютарам, прынтарам, інтэрактыўнай дошкай. За сталом сядзела прыгожая маладая жанчына з прамяністымі блакітнымі вачыма і прыемнай усмешкай. Дзявочым звонкім голасам яна запрасіла мяне зайсці. Якое ж было маё здзіўленне, калі Вольга Аляксандраўна расказала, што ўжо больш за 25 гадоў працуе ў школе: у 1988 годзе настаўніца закончыла на выдатна Мінскае педагагічнае вучылішча № 2 і прыйшла працаваць у школу. Нездарма ж гавораць, што работа з пачаткоўцамі не дае старэць, зараджае энергіяй і працаздольнасцю і педагог заўсёды застаецца маладым.
“Кажуць, што час імкліва бяжыць наперад і людзей мяняе з гадамі, але, калі шчыра, я не заўважаю, што моцна змянілася за гэтую чвэрць стагоддзя. Мне па-ранейшаму хочацца смяяцца і жартаваць разам з маімі маленькімі вучнямі, хадзіць у паходы і спяваць песні ля вогнішча, адпраўляцца ў далёкія падарожжы з іх дружнай ватагай”, — гаворыць настаўніца.
В.А.Жарская — прадаўжальнік сямейнай педагагічнай дынастыі. У родзе настаўніцы больш за 70 педагогаў. Сярод іх — дырэктары школ, выдатнікі асветы, дэлегаты ўсесаюзных з’ездаў настаўнікаў. Зараз у Мінску два вядучыя ўніверсітэты ўзначальваюць прадстаўнікі яе педагагічнай дынастыі.
Вольга Аляксандраўна прыгадвае, як страшна было адпраўляцца на свой першы ў жыцці ўрок у ролі настаўніка. Аднак хваляванне і страх заўсёды адступалі перад усмешкай, запалам і жаданнем тварыць. І зараз педагог заўважае, што чым глыбей уваходзіць у прафесію і больш асвойвае яе, тым большую адчувае адказнасць і хваляванне. Хаця, здавалася б, усё павінна быць наадварот.
Значны след у жыцці настаўніцы пакінуў конкурс “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, у якім педагог прымала ўдзел у мінулым годзе. “Конкурс — гэта парывісты і вокамгненны рух наперад, да новых адкрыццяў, найцікавейшых сустрэч. У тыя конкурсныя дні я ні разу не адчула сябе адзінокай. Мае калегі і вучні паказалі мне, што за чароўнымі дзвярыма ў краіну ведаў жывуць падтрымка і поспех, удзел і спагада, уменне радавацца чужым поспехам, жаданне перамагаць. На конкурсных сцэнах, адкрытых уроках заўсёды была побач каманда аднадумцаў. У гэтыя моманты я ўспамінала сябе маленькай дзяўчынкай, якая стаіць на парозе школы. Усё калісьці было ўпершыню: першы раз у першы клас, першы школьны званок, першы ўрок, першы рабочы дзень, першы педсавет… У такія адказныя моманты я адчувала яднанне сэрцаў, сугучча душ, бо невыпадкова дэвіз маёй гімназіі “Наша гімназія — адна каманда”.
Як кропля абуджае насенне да новага жыцця, так і настаўніца імкнецца навучыць дзяцей мысліць самастойна. “Я пераканана, што мэта навучання дзіцяці ў тым, каб зрабіць яго здольным развівацца без дапамогі настаўніка. Я не крыніца ведаў, я — крыніца жадання ведаць, — заўважае Вольга Аляксандраўна. — У маёй педагагічнай дзейнасці мне імпануюць словы Канфуцыя: “Высакародны чалавек дапамагае ўбачыць людзям тое, што ёсць у іх добрага, і не вучыць людзей бачыць тое, што ёсць у іх дрэннага”. Я гавару дзецям, што памылкі — гэта нашы спадарожнікі, гэта рухавікі, якія дапамагаюць нам бачыць свае адмоўныя якасці і недапрацоўкі. Яны даюць магчымасць нам расці. А таму не трэба баяцца памыліцца”.
Укараняючы ў педагагічны працэс сучасныя адукацыйныя тэхналогіі (а ў арсенале педагога — элементы мадэлі “Крок за крокам”, тэхналогій развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, гульнявых, трэнінгавых, інфармацыйных, тэхналогіі ўзаемнага навучання, метады інтэрактыўнага і інтэнсіўнага навучання, праектна-даследчая дзейнасць, развіццёвае навучанне), настаўніца імкнецца праяўляць выдумку, вынаходніцтва, прыцягваючы кожнага навучэнца ў арганізацыю і правядзенне ўрока. У класе пануе спрыяльная псіхаэмацыянальная атмасфера даверу, узаемаразумення і супрацоўніцтва. І ў многім гэтаму садзейнічаюць ранішнія сустрэчы. Кожную раніцу дзеці садзяцца на дыванку, гледзячы адно аднаму ў вочы, расказваюць аб мінулым дні, дзеляцца сваімі ўражаннямі, планамі, абмяркоўваюць надзённыя пытанні. У выніку ў класе няма ізаляваных дзяцей, тых, якія выпадаюць з калектыву. Усе знайшлі сябе, нібы набылі сваё гучанне.
Цікавай знаходкай педагога з’яўляецца групавая работа ў форме арганізацыі факультэтаў. Прычым гэтая работа ажыццяўляецца не эпізадычна, а сістэмна. У цяперашнім наборы навучэнцаў факультэты дзеці вырашылі назваць па імёнах смяшарыкаў, таму і з’явіліся факультэты Кроша, Савунні, Бараша і г.д. Менавіта па факультэтах арганізоўваецца групавая работа на ўроку. Дзякуючы ёй, фарміруецца высокі ўзровень камунікатыўнай кампетэнцыі малодшых школьнікаў, уменні параўноўваць, аналізаваць, весці дыялог, дыскусіі, прыводзіць аргументы, рабіць высновы, абагульненні. Нават бацькоўская работа вядзецца па факультэтах. Напрыклад, факультэту Кроша да пэўнага свята трэба ўпрыгожыць клас, факультэту Савунні — арганізаваць салодкі стол з прызамі.
Настаўніца прапаноўвае вучням заданні, якія прадугледжваюць здабыванне ведаў у праблемных сітуацыях, даследчай дзейнасці, на аснове камунікатыўна-ролевых гульняў, дыскусій, праектаў. Высокую ступень самастойнасці, ініцыятыўнасці Вольга Аляксандраўна фарміруе ў сваіх выхаванцаў шляхам правядзення пазнавальна-даследчых праектаў “Смецце вартае ўвагі”, “Шлях у навуку”, “Вялікія мастакі” і інш. Былі рэалізаваны і ўласныя аўтарскія даследчыя праекты “Сем навыкаў паспяховых дзяцей”, “Мы будуем музей дзяцінства”. Дарэчы, апошні праект набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння. На працягу года тры залы — “Зала мінулага”, “Зала сучаснага” і “Зала маёй мары” — гасцінна запрашалі наведвальнікаў у класе. Прадстаўленыя на іх экспанаты — цацкі, гульні, прынесеныя дзецьмі, — выклікалі непадробленае захапленне і ў малых, і ў дарослых. Гульні з мінулага развучваліся на ўроках фізкультуры і на гадзіне здароўя і спорту (“Класікі”, “Рызінкі”, “Казакі-разбойнікі”). Усе праекты, якія рэалізоўваюцца, не з’яўляюцца яркай успышкай, яны доўгатэрміновыя, інтэрактыўныя. У працэсе іх рэалізацыі вучань можа развіваць свой творчы патэнцыял, мысленне, маўленне.
Сучасных дзяцей прымусіць чытаць вельмі складана. Праект “Суперчытарык” рэалізоўваецца ў 1 класе і звычайна праходзіць на ўра. Ён накіраваны на развіццё матывацыі вучняў да чытання. Малодшыя школьнікі адзначаюць, колькі старонак у дзень прачыталі, тым самым расфарбоўваючы размалёўку. У выніку за год дзеці назапашваюць вялікі матэрыял і ствараюць ілюстраваны том энцыклапедыі. Дарэчы, пры рэалізацыі праекта кожнаму малодшаму школьніку настаўнік выдае пакрокавы алгарытм дзеянняў.
На сваіх уроках, пазакласных мерапрыемствах педагог карыстаецца ўласнай сістэмай распрацаваных гульнятэхнічных метадаў і сродкаў, якія дапамагаюць дзецям гнутка адаптавацца ў зменлівых жыццёвых абставінах.
“Мы добра разумеем, што навучанне ў пачатковых класах немагчыма без гульнявой дзейнасці, — адзначае настаўніца. — Аднак гульню ў чыстым выглядзе ў практыцы школьнага навучання выкарыстоўваем не так часта, прымяняюцца толькі яе элементы: гульнявая сітуацыя, прыём, практыкаванне. Гэта і дае магчымасць гаварыць аб гульнятэхніцы, г.зн. аб прымяненні тэхнічнай характарыстыкі гульні. Элементы гульнятэхнікі можна прымяняць на любым этапе ўсіх тыпаў урокаў, і тады нават самыя сумныя заняткі набываюць захапляльную форму”.
Пры абагульненні вопыту В.А.Жарская абапіралася на распрацоўкі беларускіх даследчыкаў і гульнятэхнікі адаптавала для навучэнцаў 1—2 класаў. Цікавыя і аўтарскія распрацоўкі настаўніцы. Педагог падбірала гульнятэхнікі, якія не патрабуюць доўгай падрыхтоўкі (напрыклад, “Сувязная нітка”, “Рэцэпты поспеху”, “Бумеранг”), для правядзення якіх не патрэбна вырабляць вялікую колькасць наглядных дапаможнікаў (“Магутнасць”, “Маятнік”, “Пароль”), якія не нагрувашчаны працаёмкімі правіламі тлумачэння ўзаемадзеяння (“Дакладна ў цэль”, “Усё ў мяне ў руках”, “Міксер”). Любы педагог, выкарыстоўваючы іх, эканоміць час і ў перыяд падрыхтоўкі да вучэбных заняткаў, і ў працэсе іх правядзення.
Для малодшага школьнага ўзросту характэрна яркасць і непасрэднасць успрымання, лёгкасць уваходжання ў вобразы. Напрыклад, гульнятэхніка “Неразлучныя кветкі”, якая прымяняецца на ўроках матэматыкі ў 1 класе, дазваляе зняць псіхалагічныя бар’еры зносін паміж партнёрамі па камунікацыі, праявіць інтарэс непасрэдна да асобы кожнага дзіцяці, што з’яўляецца неабходным для стварэння сітуацыі поспеху ва ўмовах безадзнакавага навучання.
У працэсе прымянення выбудаванай сістэмы Вольга Аляксандраўна высветліла, што найбольш жыццяздольнымі сталі гульнятэхнікі, адметнай рысай якіх з’яўляецца пераважная ўстаноўка на міжвольнае запамінанне, якое забяспечваецца стварэннем на вучэбных занятках атмасферы эмацыянальнага ўздыму. Так, гульнятэхніка “Вясёлка” дазваляе ўзмацніць вучэбную матывацыю, вучыць сумеснаму мэтавызначэнню, развівае навыкі самарэгуляцыі ў другакласнікаў. Мадэлюючы гульнявую сітуацыю на ўроку навучання грамаце ў 1 класе па тэме “Гукі і літары. Алфавіт”, настаўніца фарміруе навыкі самастойнай работы, садзейнічае развіццю творчага самавыяўлення навучэнцаў праз прымяненне гульнятэхнікі Facebook.
На думку В.А.Жарскай, на занятках прысваенне кожнаму дзіцяці прэстыжнай сацыяльнай ролі робіць яго значным у асяроддзі равеснікаў і садзейнічае зняццю пачуцця няўпэўненасці. Прымяненне сістэмы гульнятэхнік прадастаўляе неабмежаваныя магчымасці па стварэнні ўмоў для паўтарэння і засваення вучэбнага матэрыялу, развіцця навыкаў узаема- і самакантролю, дазваляе значна сэканоміць вучэбны час, эфектыўна выкарыстоўваць інфармацыйную ёмістасць зместу адукацыі. У малодшых школьнікаў расце пазнавальная актыўнасць, узровень ведаў, назіраецца рост камунікатыўнага ўзаемадзеяння.
І спыняцца на дасягнутым Вольга Аляксандраўна не збіраецца. Калі састаў ужо разагнаўся, то спыніць яго дастаткова цяжка — так разважае педагог. У перспектыве яна плануе распрацаваць праект па прыцягненні дзяцей у чытацкую дзейнасць, улічваючы пытанні пераемнасці паміж пачатковай і сярэдняй школай; больш эфектыўна авалодаць навыкамі работы з інтэрактыўнай дошкай, распрацаваць уласныя прадукты, адаптаваныя менавіта пад свае ўрокі. У планах настаўніцы таксама сістэматызаваць свае распрацоўкі і зрабіць метадычны дапаможнік для калег-педагогаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.