Гульнявы інтэрактыў

- 16:37Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Сучасныя запыты часу патрабуюць ад педагогаў пошуку новых актыўных метадаў, прыёмаў і форм навучання, што павышаюць матывацыю дзяцей да вывучэння прадмета.

У сваёй рабоце шырока выкарыстоўваю інтэрактыўныя гульні, якія вельмі падабаюцца вучням, бо ствараюць спрыяльную атмасферу, дапамагаюць наладзіць камунікацыю, развіць важныя вучэбныя ўменні.  

Удзельнікамі інтэрактыўнай гульні “Гасцініца” з’яўляюцца 8—10 вучняў, астатнія — назіральнікі. Кожнаму з гульцоў прымацоўваецца да лба этыкетка з абазначэннем яго ролі. Задача ўсіх удзельнікаў — праз ускосныя пытанні, на якія трэба адказваць толькі “так” ці “не”, дапамагчы кожнаму вучню вызначыць, каго ці што ён прадстаўляе. Напрыклад: “Я мужчынскага ці жаночага роду?”, “Колькі мне прыкладна гадоў?”, “Я жыву ў лесе?”, “У мяне ёсць канечнасці?” і г.д. 

Пасля таго як вызначаны ўсе героі, удзельнікі цалкам уваходзяць у іх вобразы. Далей яны рассяляюцца ў гасцініцы (у іх распараджэнні два трохмесныя і адзін двухмесны нумары). Рассяліцца ўсе павінны па агульнай згодзе. Героі могуць быць самыя розныя. Пры размеркаванні роляў неабходна асцярожна і прадумана падыходзіць да іх выбару, каб не пакрыўдзіць вучняў. Гульцы называюць варыянт рассялення ў нумары гасцініцы, да якога яны прыйшлі ў выніку абмеркавання, і каменціруюць яго. Свае варыянты прапануюць таксама назіральнікі і настаўнік.

Гульнявыя формы дзейнасці дазваляюць вучням замацаваць тэарэтычныя веды, падштурхоўваюць да ўдумлівай і мэтанакіраванай работы, самастойных пошукаў, павышаюць цікавасць да прадмета. Актывізаваць унутраную матывацыю да вучобы дапамагаюць таксама элементы займальнасці і мультымедыйныя прэзентацыі.

Наталля СІДАРЭВІЧ,
настаўніца біялогіі Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.