Гуляем і словы ўтвараем

- 14:06Інклюзія, Сацыяльны ракурс

“Маўленчыя парушэнні ў дзяцей часцей за ўсё выяўляюцца ў дашкольным узросце. У гэты перыяд яны лепш за ўсё паддаюцца карэкцыі”, — гаворыць настаўнік­дэфектолаг ясляў­сада № 28 Мінска Наталля Уладзіміраўна Вераб’ёва.

Комплексная дыягностыка

Калі праблемы не лі­кві­даваць своечасова, яны пераходзяць у школу і адмоўна ўплываюць на паспяховасць дзіцяці.

У дзіцячым садзе працуюць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і дзве групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, якія наведваюць выхаванцы пачынаючы з 4 гадоў. У іх у большай ці меншай ступені парушаны ўсе кампаненты маўлення: фанематычны слых, лексіка, граматыка, звязнае маўленне, гукавымаўленне, складовая структура. З больш чым 250 выхаванцаў сада 25 наведваюць карэкцыйны пункт, а больш за 30 — спецгрупы, дзе заняткі праходзяць штодзень. 

— Дзеці падчас заняткаў не сядзяць увесь час за партамі, як у школе, яны гуля­юць у спецыяльныя дыдактычныя гульні з прымяненнем нагляднасці. Часам запрашаю бацькоў паназіраць за маёй работай. Яны таксама мо­гуць дапамагчы, калі бу­дуць дома выкон­ваць з дзіцем пэўныя заданні, — гаворыць мая суразмоўніца. — Каб зразумець, як будаваць сваю работу, праводжу дыягностыку. Прыходжу ў групу, прыхапіўшы з сабой дыягнастычны матэрыял, і прапаную дзецям выканаць гульнявыя заданні. Напрыклад, сабраць рассыпаную пірамідку, раскласці прадметы па пэўных колерах, памерах і формах. Ці бяру музычныя інструменты (маракасы, званочкі) і прашу дзяцей: калі інструмент гучыць — тупаць ножкамі, а калі змаўкае — ска­каць. Прапаную скласці апавяданне па серыі сюжэтных карцінак або выкладваю перад дзіцем візуальна-рытмічны рад, напрыклад, “шышка, шышка, камень, шышка…”, які неабходна працягнуць. У гэты час назіраю за кожным і адзначаю, ці сфарміраваліся ў дзяцей кампаненты маўлення, якія павінны быць у пэўным узросце. Толькі комплексная дыягностыка дапамагае выявіць механізм парушэння. 

Працуем над словаўтварэннем

Наталля Уладзіміраўна асаблівую ўвагу звяртае на словаўтварэнне. Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту з агульным недаразвіццём маўлення пачнуць разумець значэнні слоў і ўжываць іх самастойна, калі сфарміраваць у іх словаўтваральныя працэсы. 

— Яшчэ ва ўніверсітэце я пісала курсавую работу па гэтай тэме. Даследаванне было ацэнена высока, што надало мне ўпэўненасці ісці далей. Я пачала знаёміцца з падыходамі навукоўцаў і меркаваннямі прагрэсіўных лагапедаў па тэме, перапрацоўваць існуючую навуковую і метадычную літаратуру, і з улікам уласнага вопыту пачала распрацоўваць заданні па словаўтварэнні, адначасова апрабоўваючы іх з дзецьмі, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна.

Так, пры словаўтварэнні назоўнікаў педагог прапануе выхаванцам параўноўваць словы з аднолькавай марфемай (дом(ік), гном(ік) і г.д.). Каб падтрымаць ціка­васць малых, выкарыстоўвае карцінкі ў якасці гульнявога поля, па якім трэба рухацца пры дапамозе кубіка і фішак. На якім малюнку спынілася фішка, той прадмет і неабходна на­зваць ласкава. Выйграе той, хто адказаў правільна. Заданне можна ўсклад­ніць, аб’яднаўшы два гульнявыя полі з рознымі марфемамі. У дыдактычную гульню можна ўклю­чыць казачных персанажаў Машу і Мядзведзя, Гнома і Волата. Напрыклад, гульня “У каго што”: у Мядз­ведзя — дом, а ў Машы — домiк, у Волата — нос, а ў Гнома — носiк і г.д.

Пры ўтварэнні зваротных і незваротных дзеясловаў дзеці вучацца вызна­чаць і называць па малюнках сітуацыю, калі чалавек, напрыклад, “апранае”, а калі “апранаецца”, калі “мые”, а калі “мыецца” і г.д. Дыферэнцыруюцца дзеясловы з прыстаўкамі (за-, вы-, ад -, пры-,
пера – і г.д.). Называецца слова, што азначае дзеянне, а дзеці павінны змя­няць яго з дапамогай прыставак. Затым педагог называе назоўнік з прыназоўнікам, а дзеці падбіраюць дзеяслоў: Маша ў дом… (уваходзіць), з дому… (выходзіць), дарогу… (пераходзіць). Словы параўноўваюцца, вызначаецца агульная частка і прыстаўка, іх значэнне. Напрыклад, прыстаўка у- азначае ўваход куды-не­будзь. Малыя, якія адказваюць правільна, атрымліваюць падарункі ад педагога — “скарбы” з куфра.

Работа над прыналежнымі прыметнікамі пачынаецца з утварэння слоў з выкарыстаннем суфікса -ін (мамін, бабулін і г.д.). А пры ўтварэнні адносных прыметнікаў з суфіксам -н дзеці разглядаюць малюнкі і адказваюць на пытанне “які?”: сок з морквы — маркоўны, суп з грыбоў — грыбны.

Да кожнага задання педагог падбірае тэматычныя карцінкі. Так, пры словаўтварэнні назоўнікаў з суфіксам -ніц (са значэннем ёмістасці) дзеці з дапамогай візуальных падказак са слоў “цукар”, “мыла”, “хлеб”, “сурвэткі” ўтвара­юць “цукарніца”, “мыльніца”, “хлебніца”, “сурвэтніца”. Затым выпраўляюць памылкі ў прапанаваных сказах і складаюць свае сказы з гэтымі словамі. Такія гульні і практыкаванні Наталля Уладзі­міраўна выкарыстоўвае на падгрупавых і індывідуальных занятках.

Маўленне — гэта псіхічная функцыя, яна не парушаецца сама па сабе, а звязана з увагай, памяццю, мысленнем. Развіццё маўлення людзей падпарадкоўваецца адзіным законам. Але, калі ёсць праблема, патрэбна спецыяльнае навучанне.

Вучыць і вучыцца

— У гэтым годзе ў мяне выйшаў аўтарскі дыдактычны дапаможнік “Фарміраванне словаўтварэння ў дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення”(5—8 гадоў), які атрымаў рэцэнзіі старшага выкладчыка кафедры спецыяльнай і інклюзіўнай педагогікі АПА А.В.Вераценнікавай і настаўніка-дэфектолага спецыяльнага дзіцячага сада № 6 для дзяцей з парушэннем маўлення Пінска С.С.Яваровіч, — расказвае педагог. — У яго ўвайшлі распрацаваныя мной гульні і практыкаванні па спосабах утварэння асноўных часцін мовы, рабоце над слоўнікам і звязным маўленнем, калі дзіця да прадметных малюнкаў падбірае словы-прыкметы і словы-дзеянні, складае сказы. Зай­маючыся па дапаможніку, выхаванцы таксама вучацца вызначаць коль­касць складоў, першы і апошні гук у словах, развіваюць зрокавую памяць. Напрыклад, паглядзеўшы на ліст з прадметнымі малюнкамі на працягу 20 секунд, дзіця хавае яго і па памяці называе як мага больш прадметаў, што ўбачыла на ім. 

Наталля Уладзіміраўна пастаянна ўдасканальвае свае веды і майстэрства, але ў той жа час дзеліцца сваім вопытам з калегамі падчас курсаў павышэння кваліфікацыі ў МГІРА. 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.