Гуляем — маўленне запускаем  

- 15:22Інклюзія, Сацыяльны ракурс

З году ў год павялічваецца колькасць дзяцей з парушэннем маўлення. Усё часцей яны пачынаюць гаварыць пазней, іх маўленне беднае і прымітыўнае. Важную ролю ў вырашэнні гэтай праблемы адыгрываюць гульні, якія стымулююць пэўныя ўчасткі мозга, пабуджаючы да мазгавой актыўнасці. 

Практычных дапаможнікаў з апісаннем захапляльных развіццёвых гульняў маўленчага характару, якія зацікавілі б сучасных дзяцей, няшмат. Збіранне пірамідак, катанне машынак, пальчыкавая гімнастыка і карцінкавы матэрыял вялікай цікавасці не выклікаюць. Больш за тое, дзеці часам не хочуць выконваць такія заданні. Каб гэтага не было, карэкцыйную работу варта пачынаць з чагосьці незвычайнага.

Прычыны парушэння маўленчага развіцця даволі разнастайныя. Але ў любой сітуацыі неабходны зносіны дарослага і дзіцяці. Праўда, бывае, што ніякія намаганні не прыводзяць да жаданага выніку: малыш да 3 гадоў ці то працягвае маўчаць, ці то вымаўляе пэўныя невыразныя гукі, ці то імкнецца пазбягаць зносін. Эфектыўнасць маўленчага развіцця дзяцей ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў павышаецца пры выкарыстанні гульняў. 

Карэкцыйныя заняткі гульнявога характару выклікаюць у малышоў станоўчыя эмоцыі. Выконваючы розныя заданні, дзеці выказваюцца простымі словамі ці гукаперайманнямі. Маўленчыя ўменні і навыкі фарміруюцца на фоне яркіх уражанняў.  

У сваёй рабоце прымяняю заданні на развіццё слыхавых арыенціровачных заданняў, разуменне маўлення і маўленчага дыхання, на фарміраванне перадумоў актыўнага маўлення, актывізацыю і ўдасканаленне слоўніка, а таксама артыкуляцыйную гімнастыку. 

Прычыны парушэння маўленчага развіцця даволі разнастайныя. Але ў любой сітуацыі неабходны зносіны дарослага і дзіцяці.

Каб дзеці настроіліся на сумесную дзейнасць, абавязкова выконваю рытуал пачатку і заканчэння заняткаў. Так, у пачатку кожных заняткаў прапаную пакатаць паміж далонямі мяч, прыгаворваючы: “Я мячом круги катаю, взад-вперед его гоняю, им приглажу я ладошку, будто я сметаю крошку, а теперь последний трюк — мяч летает между рук”, ці павадзіць карагод, узяўшыся за рукі: “Кто у нас хороший, кто у нас пригожий? Антон у нас хороший, Антон у нас пригожий” (рытмічна пляскаючы ў далоні). Напрыканцы заняткаў дзеці слухаюць казку з выкарыстаннем лялечнага тэатра бібабо ці пальчыкавага тэатра. 

Калі дзеці не рэагуюць на пытанні і прапанаваныя заданні, звяртаюся да шэрага прыёмаў, якія павышаюць увагу да іх. Так, гуляю з малышамі не толькі за сталом, але і на падлозе нароўні з імі. Здзіўляю дзяцей, ствараючы яркія эмацыянальныя стымулы: запальваю свечкі, пырскаю вадой, кідаю мячык у сцяну ці карзіну, арганізую жартоўны бой мяккімі цацкамі, падушкамі, папяровымі трубачкамі. Прапаную малышам для гульні незвычайныя прадметы: мухабойку, бляшанкі, пульверызатар, шчыпцы і інш. Пастаянна чаргую віды дзейнасці, даю дакладныя, даступныя, паэтапныя інструкцыі, не дапускаю лішніх пабочных слоў.

На кожных занятках право­джу работу над слыхавымі арыенціровачнымі рэакцыямі дзяцей. Для гэтага звяртаюся да гульняў на развіццё слыхавой увагі і памяці, на адрозненне немаўленчых шумаў. Асаблівую ўвагу ў дзяцей выклікаюць гульні-практыкаванні “Адгадай, што гучыць”, “Шумныя каробачкі” і “Адкуль даносіцца гук?”, якія з’яўляюцца базавымі для далейшага фарміравання ра­зумення звернутага маўлення.

Для выпрацоўкі рытмічнасці дыхання, фарміравання плаўнага накіраванага ўдыху прапаную пагуляць з мыльнымі бурбалкамі, запаленай свечкай, ватай, дудачкай, кактэйлевымі трубачкамі, шарыкамі, пёркамі.

Эфектыўнасць маўленчага развіцця дзяцей ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў павышаецца пры выкарыстанні гульняў.

Для фарміравання адвольных рухаў маўленчай мускулатуры, развіцця рухавасці языка і губ праводжу артыкуляцыйную гімнастыку. Малышам нецікава выконваць спецыяльныя практыкаванні перад люстэркам, але ўсё кардынальна мяняецца, калі прапанаваць ім гімнастыку з выкарыстаннем прадуктаў харчавання (сушак, абаранкаў, мармеладу, хлебных палачак), логамяшочкаў з цацкамі і назвамі артыкуляцыйных практыкаванняў (“Гадзіннічкі”, “Слон”, “Плоцік”, “Трубачка”, “Жабка”), кантэйнераў ад кіндар-сюрпрызаў са спецыяльна падабранымі цацкамі для артыкуляцыйнай гімнастыкі. Так, дзеці кладуць за шчаку кавалачак яблыка, ягадку ці разынку і перакочваюць ад шчакі да шчакі, ганяюць языком па роце крошкі пячэння, шакаладу ці цукатаў, забіваючы гол, намазваюць губы чым-небудзь салодкім, а потым злізваюць. 

Малышам вельмі падабаюцца практыкаванні “Ядомыя палачкі” (утрымліваюць саломінку паміж верхняй губой і носам і прыўзнімаюць яе), “Чароўны мяшочак” (дастаюць з мяшочка цацку і выконваюць адпаведнае практыкаванне), “Жабка” (губы ва ўсмешцы, бачны верхнія і ніжнія зубы), “Слонік-хабаток” (губы выцягнуты ўперад трубачкай), “Трус” (зубы сціснуты, верхняя губа прыўзнята і агаляе верхнія разцы). 

Гульні для запуску маўлення падбіраю з улікам каляндарна-тэматычнага планавання, бо яно фарміруе дакладную і ўпарадкаваную структуру работы, сістэматызуе і задае паслядоў­насць у вывучэнні тэм з паступовым ускладненнем (“Піражкі з фруктовай начынкай”, “Гучна Ванечка галасіў…”, “Птушыны двор”, “Брудныя цацкі”). 

Выкарыстанне гульняў павышае матывацыю дзяцей да маўленчай дзейнасці і маўленчую актыўнасць, зніжае празмерную стамляльнасць, няўседлівасць, схільнасць да маўленчага негатывізму. Галоўнае — пачаць работу як мага раней. Тады да старэйшага дашкольнага ўзросту дзеці з затрымкай маўленчага развіцця паспяхова дагоняць равеснікаў.  

Аксана ГУЗАРЭВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Пінскага раёна.