Гуляйце, дзеці, у футбол!

“Шаноўныя пасажыры! Самалёт кампаніі “Міханавіцкія школьныя авіялініі” здзяйсняе рэйс № 2015 па маршруце “Дзяцінства — Дарослае жыццё”. Камандзір карабля і экіпаж вітаюць вас на борце самалёта “Выпускнік-2015”. Такая незвычайная аб’ява пачала свята апошняга званка ў Міханавіцкай сярэдняй школе. Урачыстая лінейка, якая завяршыла навучальны год, надоўга запомніцца вучням. У першую чаргу адзінаццацікласнікам, для якіх яна стала апошняй у школьным жыцці, а таксама першакласнікам. Не толькі таму, што малыя ўпершыню пачулі апошні званок, але і таму, што для іх быў падрыхтаваны прыемны сюрпрыз. Кожны з іх атрымаў у падарунак футбольны мяч.

У рамках традыцыйнай рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч!” гэты спартыўны атрыбут 86 маленькім школьнікам уручылі намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Юрый Аляксеевіч Курбыка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Віктараўна Баляба, намеснік старшыні праўлення ААТ “Белінвестбанк” Андрэй Уладзіміравіч Сакірка. Ганаровыя госці павіншавалі дзяцей з заканчэннем першага навучальнага года і пажадалі ім вясёлых, актыўных і спартыўных канікул.
“Вучні нашай школы рэгулярна паказваюць добрыя вынікі на спартыўных спаборніцтвах рознага кшталту, — расказвае дырэктар Міханавіцкай сярэдняй школы Уладзімір Данілавіч Каліноўскі. — І мы, педагогі і адміністрацыя, прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб стварыць умовы для гарманічнага фізічнага развіцця дзяцей, зберажэння іх здароўя. У школе працуюць дзве спартыўныя залы, ёсць вялікае футбольнае поле. Нядаўна з’явілася поле для міні-футбола. У нашай школы багатыя футбольныя традыцыі. Многія нашы выпускнікі сталі прафесійнымі футбалістамі і сёння гуляюць у вядомых беларускіх футбольных клубах. Школьная секцыя па футболе не ведае дэфіцыту жадаючых. А акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч!” яшчэ больш стымулявала цікавасць навучэнцаў да гэтага віду спорту і наогул жаданне быць актыўнымі і спартыўнымі”.
Акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч!” праходзіла чацвёрты раз. Сёлета прадстаўнікоў арганізатараў акцыі і мясцовай улады сустракалі ў 1790 школах вёсак і аграгарадкоў. Спартыўнае свята для школьнікаў Міханавіч і яшчэ для больш чым 19 тысяч першаклашак арганізавалі Міністэрства адукацыі, асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў пры падтрымцы ААТ “Белінвестбанк”. Галоўная мэта акцыі — папулярызацыя футбола і прапаганда здаровага ладу жыцця.
Футбол — самы масавы спорт у свеце. Хто ведае, магчыма, менавіта мяч, падораны падчас гэтай цудоўнай акцыі, стане першым крокам у спартыўнай кар’еры новай футбольнай зоркі сусветнай велічыні. Наперадзе тры месяцы адпачынку. Атрыманыя падарункі дапамогуць дзецям правесці іх цікава і з карысцю для здароўя.

Дар’я РЭВА.
Фота Андрэя БАКІНОЎСКАГА.