Гуляюць усе!

- 11:16Выхаваўчая прастора

З 28 па 30 кастрычніка ў НДЦ “Зубраня” з мэтай выяўлення і распаўсюджвання станоўчага вопыту работы педагогаў у арганізацыі гульнявой дзейнасці, павышэння ўзроўню іх прафесійнага майстэрства праводзіліся міжнародны фестываль і рэспубліканскі конкурс гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”.

Калі аб’яднаць два вядомыя выслоўі “Усё наша жыццё — гульня” і “Век жыві — век вучыся”, то атрымаецца прыкладна такі выраз: “Усё жыццё гуляй — усё жыццё вучыся”. Менавіта гэтыя словы з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам для педагогаў-гульнятэхнікаў, якія прыязджаюць на бераг Нарачы ў славуты цэнтр “Зубраня” з усіх куточкаў Беларусі, з суседніх Літвы, Украіны, Расіі і блізкіх нам Малдовы і Казахстана, каб выдатна адпачыць, а таксама даказаць, што гульня можа быць не толькі забаўляльным адпачынкам, але і адпачынкам карысным, падчас якога можна не толькі скакаць, танцаваць, усміхацца, але і развівацца інтэлектуальна, спазнаваць гэты свет, набываць пэўныя ўменні і навыкі. Адным словам, гульня — гэта класна, гульня — гэта карысна, гульня — гэта здорава. — На працягу ўжо 11 гадоў “Зубраня” становіцца міжнароднай педагагічнай пляцоўкай для абмену вопытам па арганізацыі і правядзенні гульнявых праграм. Асабліва гэты вопыт карысны для важатых, для іх гэта сапраўдная акадэмія творчасці і талентаў. Кожны год да нас прыязджаюць новыя каманды, аднак ёсць ужо і свае заўсёднікі. Гэта ўсерасійскія дзіцячыя цэнтры “Арляня” і “Акіян”, “Змена”, цэнтр “Балдаурэн” з Казахстана. Яны традыцыйна прывозяць нешта новае, цікавае, як і традыцыйна вязуць з берагоў Нарачы багаты багаж беларускага вопыту правядзення гульнявых праграм, — падзялілася дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева.
Супрацоўнікі “Зубраняці” робіць вялікую справу па папулярызацыі культуры адпачынку. Па выніках фестывалю і конкурсу выдаюцца спецыяльныя брашуры, ствараюцца належныя ўмовы для абмену вопытам, правядзення семінараў, майстар-класаў, трэнінгаў, што выдатна садзейнічае развіццю конкурсу, павышэнню ўзроўню прадстаўленых праграм. Ды і Нарачанскі край, сасновы бор, чыстае паветра, залатыя восеньскія далягляды — выдатнае месца і час для такога ўзаемадзеяння.
— Мэта самага першага конкурсу была вельмі простая: нам хацелася проста паглядзець, прааналізаваць, чым займаюцца цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў плане гульнявой арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, у чым сутнасць зместу гульнявых праектаў, наколькі гэтыя праграмы карысныя для падрастаючага пакалення і дарослых, на што яны накіраваны, на якім узроўні знаходзіцца валоданне педагогамі методыкай правядзення гульнявых праграм, якія формы адпаведнай работы яны выкарыстоўваюць. Праграмы першага конкурсу, канечне, не параўнаюцца з сучаснымі. З кожным годам іх якасць, як і колькасць, павялічваецца. Сёння гульнятэхнікі выдатна разумеюць, што смяяцца можна з пальца, а можна і з цікавай незвычайнай сітуацыі, якую можна прайграць, — расказала прафесар, кандыдат педагагічных навук, загадчык кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, адна з ініцыятараў правядзення конкурсу і фестывалю, а сёлета старшыня яго журы Людміла Іванаўна Казлоўская. Два дні на вялікай і малой “зубраняцкай” сцэне доўжыўся гульнявы марафон, падчас якога ўдзельнікі адзін за адным прадстаўлялі гульнявыя праграмы. Вечарам і раніцай, у перапынках марафону ладзіліся трэнінгі, прафесійныя разборы, расстаўляліся пэўныя акцэнты на развіцці культуры адпачынку, працавалі інфармацыйныя і дыскусійныя пляцоўкі. Члены журы праводзілі майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, рэжысуры пастаноўкі гульнявой праграмы, сцэнічным маўленні, асаблівасцях пабудовы гульнявой праграмы. Гэтыя сустрэчы заўсёды праходзяць цікава, насычана, удзельнікам ёсць што сказаць, ёсць што прадэманстраваць, ёсць чым падзяліцца. Напрыклад, Людміла Іванаўна Казлоўская яшчэ ў 1991 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Аптымізацыя гульнявой дзейнасці ў маладзёжных культурна-адпачынкавых праграмах”. Хто-хто, а яна дакладна ведае, як гуляць, калі гуляць, з кім гуляць, як праводзіць вольны час забаўляльна, карысна, здорава. Як, дарэчы, і яе калега, старшыня журы сёлетняга рэспубліканскага конкурсу, актрыса тэатра і кіно, дацэнт кафедры тэатральнай рэжысуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Мікалаеўна Акулёнак.
У прадстаўленых на конкурс гульнявых праграмах журы ацэньвала арыгінальнасць сцэнарнай ідэі, кампазіцыйнае рашэнне гульнявога праекта, якаснае і правільнае выкарыстанне сродкаў мастацкай выразнасці, майстэрства і артыстычнасць выканання, работу з глядацкай аўдыторыяй, эфектыўнасць далучэння да сюжэтна-гульнявога дзеяння. Адным з важных крытэрыяў ацэньвання была актуальнасць праграмы. Так, гульнявы праект “Песня мацней за вайну” Шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва быў прысвечаны 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па выніках конкурсу ён заняў ганаровае 3-е месца. Разам з магіляўчанамі дыпломамі адпаведнага ўзроўню былі ўзнагароджаны прадстаўнікі Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскай вобласці за паказ гульнявой праграмы “Аднойчы ў сетцы…” і Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці за праграму “Гузікавы ваяж”.
— Многія гульнявыя праграмы расказваюць пра прыроду Беларусі, пра нашу гісторыю, традыцыі, актуальныя праблемы жыцця сучаснай моладзі. А педагогі са Смаргоні зрабілі раптоўны паварот і вырашылі паведаміць пра гузікі. Незвычайна, да таго ж вельмі цікава. Дык хто ж першым стварыў гузікі? Калі гледачам было зададзена гэтае пытанне, яны ўсе з задавальненнем далучыліся да гульні, ніхто не саромеўся, як нярэдка здараецца. У гульнявой праграме прысутнічаў момант нечаканасці, момант падарожжа ў мінулае, калі ўдзельнікі гульні даведаліся пра гісторыю стварэння гузікаў, а таксама прафарыентацыйны момант, калі гледачам расказвалі, які гузік прышываецца да формы чыгуначніка, а які да формы лесніка або марака, — паведаміла Алена Мікалаеўна. Актуальнай з’яўляецца і тэма фінансавай граматнасці навучэнцаў. На павышэнне яе ўзроўню была накіравана гульнявая праграма “PROденьги” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Гомельскай вобласці. Гульня была напоўнена фінансавымі тэрмінамі, аднак гульнятэхнікі настолькі метадалагічна выверана адаптавалі праграму да дзіцячай глядацкай аўдыторыі, што знаёмства з сухой тэрміналогіяй ператварылася ў цікавую і захапляльную гульню. На думку старшыні журы рэспубліканскага конкурсу, такую праграму было б карысна паказаць ва ўсіх школах краіны, каб дзеці вучыліся не толькі траціць грошы, але і ведалі, як няпроста яны зарабляюцца. Праект светлагорскіх педагогаў быў удастоены дыплома ІІ ступені, як і гульнявыя праекты “Вясёлая падзарадка” Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці, а таксама “Школа магіі і чараўніцтва” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Пераможцам конкурсу быў прызнаны праект “Жарты, танцы, гульні, смех — здаровай формулы поспех” Абласнога цэнтра творчасці Магілёва. Па словах Алены Мікалаеўны Акулёнак, гульнявая праграма мае пераважна забаўляльнае значэнне, аднак абаяльнасць вядучага, яго харызматычнасць, уменне працаваць з залай, завесці залу, прычым завесці граматна, дакладна расставіць мізансцэны зрабілі сваю справу — праграма была прызнана журы лепшай, а яе стваральнікі ўзнагароджаны дыпломам І ступені. Гран-пры конкурсу атрымала гульнявая праграма Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч (Брэсцкая вобласць) “Мы пачынаем наш шлях…”. Па выніках двухдзённага марафону міжнароднага фестывалю лепшай была прызнана гульнявая праграма Палаца дзіцячай творчасці Петраградскага раёна Санкт-Пецярбурга (Расійская Федэрацыя) “Как молодцу полюбиться и как девицы добиться”.
Вызначаць пераможцаў было няпроста. Кожная праграма атрымала высокія балы, а раздзялілі пераможцаў усяго некалькі пунктаў пратакольнага ліста журы. Так, праграма “Сярод шумлівага балю”, паказаная супрацоўнікамі НДЦ “Зубраня”, расказала яе ўдзельнікам, як правільна, у адпаведнасці з традыцыямі праводзіць баль, як правільна запрашаць даму або кавалера на танец, як правільна кружыцца ў танцы, як правільна рабіць піруэты і, нарэшце, як правільна трымаць веер. Праграма накіравана на павышэнне культуры маўлення яе ўдзельнікаў, вучыць іх быць ветлівымі, выхаванымі людзьмі. Праект “Намалюй дзяцінства” гімназіі № 8 Віцебска атрымаўся па-дамашняму цёплым, добрым, светлым і быў накіраваны на папулярызацыю гульняў, калісьці папулярных у асяроддзі нашых бацькоў і дзядоў. Цікавым атрымалася і выкарыстанне рэквізіту, некаторыя гульнятэхнікі правялі ўвесь час на сцэне на… хадулях.
— Падчас гэтай праграмы мы з калегамі ўзгадалі сваё дзяцінства, як калісьці з равеснікамі ў выхадныя дні і падчас канікул ад раніцы да самай ночы знаходзіліся на свежым паветры. Летам прыходзілі дадому пыльныя, брудныя, а ўзімку з ног да галавы выкачваліся ў снезе. Мы гулялі ў “Ручаёк”, “Лапту”, “Бульбу”, “Мора хвалюецца раз…”. Добра, што гульні нашага дзяцінства арганічна далучаюцца да сучасных гульнявых праграм. Як паказвае конкурс, такія сучасныя прыёмы, як, напрыклад, відэарад, выдатна спалучаюцца з традыцыйнымі гульнявымі прыёмамі. Дзякуючы конкурсу захоўваецца пераемнасць пакаленняў, павага да народных традыцый, — адзначыла Алена Мікалаеўна.
Упошуках цікавых форм выхаваўчай работы педагогам часта даводзіцца звяртацца да метадычнай літаратуры, адпраўляцца ў бібліятэкі, на прасторы інтэрнэту. Аднак эфектыўны крок у гэтай справе можа быць больш простым: дастаткова прыехаць у “Зубраня” на бераг Нарачы і прыняць удзел у традыцыйным міжнародным фестывалі і рэспубліканскім конкурсе “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”. Вас чакаюць не толькі выдатны адпачынак, але і своеасаблівыя курсы павышэння кваліфікацыі, знаёмства з цікавым светам гульні.

Л.І.КАЗЛОЎСКАЯ: “Гульня заўсёды была, ёсць і будзе важным сродкам выхавання. Цяпер гэта асабліва актуальна, бо гульня ў яе традыцыйным выглядзе пакрыху забываецца. Прыйшлі планшэты, смартфоны, якія паніжаюць значэнне рэальных гульняў. А рэальная гульня — гэта школа ведаў, школа адаптацыі дзяцей да свету, маральнага, эстэтычнага выхавання. У сённяшніх навучэнцаў яскрава адчуваецца недахоп жывой гутаркі, а празмерная захопленасць віртуальнымі гульнямі нярэдка выліваецца ў агрэсію. Кожная гульнявая праграма, прадстаўленая на конкурсе і фестывалі, з’яўляецца своеасаблівым адукацыйным і выхаваўчым асяроддзем, прапагандай здаровага ладу жыцця. Гульня далучае дзіця да працэсу дзеяння, дапамагае яму праявіць свае таленты, падчас гульні дзіця самасцвярджаецца, самавыражаецца, пазбаўляецца комплексаў, вучань бачыць лідара, разумее, у чым праяўляецца лідарства, сам становіцца лідарам”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.