Гутарка з чытачом

- 11:03Авторские колонки, Мнение
Вольга ДУБОЎСКАЯ

Газета, як вядома, з’яўляецца крыніцай інфармацыі. А “Настаўніцкая газета” прадастаўляе ўнікальную інфармацыю — галіновую. І не карыстацца ёй — значыць распісацца ва ўласным непрафесіяналізме.

Адчуваючы ваша здзіўленне, маўляў, усё можна знайсці ў інтэрнэце, дастаткова толькі пальцам націснуць, адразу хачу запярэчыць: не ўсё. Прычым далёка не ўсё. Канечне, агульныя навіны хутка разлятаюцца па інфармацыйных рэсурсах, бо адукацыя датычыцца кожнага. Але толькі на старонках нашай газеты можна не проста азнаёміцца, а ўзяць на ўзбраенне аўтарскія метадычныя распрацоўкі, даведацца пра адметных педагогаў, зразумець, на якіх прынцыпах будуецца вучэбна-выхаваўчая дзейнасць у школах краіны.

Мы заўсёды пазіцыянавалі сябе як пляцоўка для абмену вопытам і меркаваннямі, выданне для педагогаў і пра педагогаў. І не па чутках ведаем, што многія нашы падпісчыкі (як індывідуальныя, так і ведамасныя) карыстаюцца тым інавацыйным вопытам, які друкуецца на старонках газеты. Прынамсі, размова на гэтую тэму заходзіць у кожнай камандзіроўцы, а ездзім мы вельмі многа! І на ўласныя вочы бачылі не проста прачытаную “Настаўніцкую”, а з каляровымі абазначэннямі, асабліва калі гэта матэрыялы метадычнага, арганізацыйнага, прававога кірункаў.

Упэўнена, што толькі ў нашай газеце можна знайсці ўнікальныя метадычныя распрацоўкі і прапановы па павышэнні ўзроўню вучэбна-выхаваўчага працэсу ў школах і дзіцячых садах. Так, нядаўна мы друкавалі вопыт фіналістаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” (а іх, нагадаю, было 56 чалавек). Мяркую, многім было цікава даведацца, з чым такім адметным яны здолелі дайсці да фіналу, якія тэндэнцыі назіраюцца сёння ў арганізацыі ўрокаў, якімі метадамі і тэхналогіямі карыстаюцца лепшыя педагогі краіны. Хто прапусціў, вельмі раю пачытаць нумар “Настаўніцкай” за 22 верасня.

А тым, хто актыўна ўключыўся ў падрыхтоўку сваіх вучняў да ЦЭ, увогуле рэкамендую пільна са­чыць за нумарамі, бо з 24 кастрычніка мы пачалі друкаваць аналіз памылак, якія былі дапушчаны адзінаццацікласнікамі падчас здачы цэнтралізаванага экзамену ў гэтым годзе. Запэўніваю, што гэты аналіз Рэспуб­ліканскі інстытут кантролю ведаў прадастаўляе толькі “Настаўніцкай”.

Карысць ад валодання галіновай інфармацыяй у шырокім і вузкім сэнсе відавочная: такія веды дапамагаюць выпрацоўваць стратэгіі развіцця ўстановы адукацыі, даюць правільныя арыенціры для прафе­сійнага росту педагогаў. У газеце даўно з’явілася рубрыка “Чаму я чытаю “Настаўніцкую газету”, дзе нашы чытачы дзеляцца, за што яны лю­бяць прафесійную газету, і рас­казваюць пра яе ўплыў на развіццё сваёй установы адукацыі. Хочацца звярнуцца да апошніх меркаванняў. У прыватнасці, дырэктар Іўеўскай пачатковай школы Аляксандр Раманюк адзначыў, што, менавіта дзякуючы публікацыям у нашай газеце, у іх школе з’явіўся факультатыў па Scratch-праграмаванні. А метадыст Крычаўскага ВМК Святлана Меркуленка заўважыла, што асобныя метадычныя артыкулы, надрукаваныя ў газеце, абмяркоўваюцца на метадычных пасяджэннях з мэтай далейшага практычнага прымянення.

Ад сябе хочацца дадаць, што такія публікацыі і абмен вопытам павышаюць прафесійную знач­насць педагога-аўтара, папулярызуюць лепшыя педагагічныя практыкі краіны. Так, “Настаўніцкая газета” кансалідуе міжпрадметныя сувязі, якія ў вучэбным працэсе вельмі важныя. “Добры настаўнік шукае зерне не толькі ў сваім прадмеце, ён гля­дзіць значна шырэй. І “Настаўніцкая” якраз пашырае яго кругагляд”, — адзначыў неяк мой знаёмы настаўнік-метадыст.

Карысць ад валодання галіновай інфармацыяй у шырокім і вузкім сэнсе відавочная: такія веды дапамагаюць выпрацоўваць стратэгіі развіцця ўстановы адукацыі, даюць правільныя арыенціры для прафе­сійнага росту педагогаў.

А дырэктар адной са сталічных школ не захацеў падзяліцца сваім вопытам на старонках газеты проста таму, што не захацеў. Сказаць, што я была здзіўлена, — нічога не ска­заць. Тым больш што дзяліцца было чым. На жаль, у пераважнай большасці сталічныя настаўнікі не ідуць на кантакт з газетай. Не хочуць? Не ведаюць цяперашняй газеты? Або не хочуць ведаць?

Па апошніх даных, толькі 5 працэнтаў педагогаў Мінска выпісваюць “Настаўніцкую”. Вельмі сумная лічба, бо якраз сталічныя педагогі заўсёды задавалі педагагічныя трэнды. І ім ёсць пра што расказаць сваім калегам. Ды і ў калег за МКАДам метадычныя скарбонкі даўно ры­пяць ад перагрузкі. Узаемаўзбагачэнне гарантавана. Трэба толькі зрабіць крок насустрач. “Настаўніцкая” заўсёды гатова прадаставіць пляцоўку для гэтага. Педагагічная супольнасць Ленінскага раёна сталіцы ведае, пра што гаворка. Дарэчы, гэта адзіны са шмалікіх раёнаў Мінска, які мае даўнія і трывалыя традыцыі супрацоўнітва з прафесійнай газетай.