ГЮНЭШ: “Так проста нічога з неба не падае”

- 11:59Моя школа

Ёсць перыяд, які ў сваім жыцці праходзіць кожны чалавек. І гэты перыяд — школа. Менавіта там мы вучымся зносінам з навакольным светам. Вельмі часта менавіта ў школьныя гады мы перажываем першае каханне. Многія ў школьны час праходзяць праз першыя выпрабаванні і першыя перамогі. Сённяшняя госця праекта “Мая школа” — беларуская спявачка з азербайджанскімі каранямі Гюнэш.

— Гюнэш, вы сапраўды лічыце сябе менавіта беларускай спявачкай?
— А чаму не? Я нарадзілася ў Баранавічах і ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. Бацька, калі выхоўваў мяне і майго брата, заў­сёды казаў: тое месца, дзе вы нарадзіліся і выраслі, гэта ваша Радзіма. Для нас гэта Беларусь, таму мы павінны паважаць і ведаць беларускую мову, традыцыі і культуру, але не забывацца пра тое, што ваша этнічная радзіма — Азербайджан. Дзякуючы майму бацьку, Алісафу Абасаву, мы ведаем беларускую і рускую мовы, традыцыі і, канечне, азербайджанскую мову і культуру. Дома з бацькамі мы заўсёды гаварылі па-азербайджанску, каб не забываліся пра свае этнічныя карані.
А вось у школе і садку мы размаўлялі па-руску. Неяк тата расказваў мне, што аднойчы, калі ён забіраў мяне з дзіцячага садка, стаў гаварыць са мной па-азербайджанску, а я яму і кажу: “Тата, як табе не сорамна! Тут ніхто не ведае азербай­джанскай мовы. Давай размаўляць па-руску”.

— Дарэчы, а як вашы бацькі апынуліся ў Баранавічах?
— Такое пытанне мне шмат разоў задавалі, ды і мне цікава было пра гэта даведацца. І тата расказаў, як здарылася, што наша сям’я звязала свой лёс з Беларуссю. Старэйшы татаў брат ажаніўся з беларускай (пазнаёміўся ён са сваёй жонкай Валянцінай у Казахстане) і пераехаў у Баранавічы. А мой баць­ка, як і ўсе тады ў Савецкім Саюзе, служыў далёка ад свайго дому — у Ленінградзе — і падчас водпуску прыехаў у госці да брата ў Баранавічы. “Як толькі прыехаў у гэты горад, ён мне адразу спадабаўся, — расказваў тата, — душа лягла да яго”. І пасля таго як бацькі ажаніліся, з Азербайджана яны пераехалі ў Беларусь, у Баранавічы. Мая маці, Шахназ Абасава, тады нават рускай мовы не ведала. Прыехалі яны ў сярэдзіне лютага, усюды ляжаў снег, а мама, як яна потым успамінала, прыляцела ў адных басаножках (у Азербайджане ў гэты час цёпла). “Вось паеду жыць за мяжу, як усё будзе цудоўна!” — марыла яна, але, выйшаўшы з самалёта і трапіўшы ў –30, адразу змяніла сваё меркаванне. “Куды ты мяне прывёз? — гаварыла яна. — Вязі мяне назад!”. Але тата змог яе пераўпэўніць, і з таго часу яны жывуць у Беларусі. Зараз мама ведае рускую мову нават лепш за бацьку і нават гаворыць амаль без акцэнту. І калі я пытаюся ў іх, ці не хо­чуць яны вярнуцца ў Азербай­джан, атрымліваю катэгарычны адмоўны адказ. Так жыццё маленькай дзяўчынкі Гюнэш пачалося ў маленькім гарадку Баранавічы.

— Ці многа клопатаў вы рабілі бацькам?
— Я заўсёды была вельмі жвавым дзіцем, сябравала з хлопчыкамі: “строіла” іх і застаўляла слухаць мае канцэрты. Я ім гаварыла: “Калі вырасту, стану Алай Пугачовай, таму, калі вы прыходзіце на мае канцэрты, нясіце кветкі!”. Канцэрты гэтыя праходзілі прама на вуліцы (жылі мы ў прыватным доме на вуліцы 8 Сакавіка). Хлопчыкі рвалі суседскі бэз і дарылі мне, а потым скардзіліся сваім бацькам, што ёсть такая дзяўчынка Гюнэш, якая прымушае іх па працягу гадзіны слухаць песню пра мільён пунсовых руж, якую я з задавальненнем спявала “ў скакалку”. Ну і, канечне, іх бацькі потым выгаворвалі маім.

— А чым асабліва запомніліся школьныя гады?
— Свае школьныя гады я ўспамінаю да сённяшняга часу. Ад аднакласнікаў я заўсёды адрознівалася. Перш за ўсё незвычайным імем. Усім было даволі складана называць мяне Гюнэш, таму мне прыдумалі іншае імя: усе называлі мяне Гуня. Спачатку я вельмі крыўдзілася — такое прыгожае імя Гюнэш (у пера­кладзе з азербайджанскай — сонца), але потым прывыкла.
Як і ва ўсіх дзяцей, у мяне было вельмі вялікае жаданне пабываць у піянерскім лагеры. Але (не ведаю, на шчасце ці на жаль) у летніку я так ніколі і не адпачывала, таму што кожны год, як толькі пачыналіся летнія канікулы, мы з маці і братам накіроўваліся ў Азербайджан, каб пабачыцца са сваякамі, якія там засталіся (і жывуць да сённяшняга часу), і пагасцяваць у бабулі і дзядулі. І мы з нецярплівасцю чакалі гэтага часу. Адна думка пра персікі і апельсіны нас уводзіла ў стан эйфарыі — для нас гэта ўсё ж была экзотыка.

— У вас былі любімыя прадметы ці любімыя настаўнікі?
— Я была вельмі прыкладнай дзяўчынкай, але не скажу, што вучылася вельмі добра. Па шэрагу прадметаў — музыцы, фізкультуры, выяўленчым мастацтве, біялогіі — я была выдатніцай. І асабліва мяне прываблівала французская мова. Настаўніца заўважыла ў мяне здольнасць да яе і бачыла мяне ў якасці перакладчыцы. Неяк, калі яна захварэла, парэкамендавала мне правесці замест яе ўрок. На тым уроку я адарвалася па поўнай праграме: я па чарзе выклікала ўсіх хлопчыкаў, што крыўдзілі мяне і дзёргалі за косы, і алоўкам у журнал паставіла сваім крыўдзіцелям двойкі: выклікала іх, а калі яны не адказвалі на маё пытанне, казала: “Не ведаеш? Сядай, “два”!”. Такім чынам я ім і адпомсціла.

— Ці можа, на ваш по­гляд, асоба настаўніка паўплываць на адносіны вучня да прадмета?
— Па-рознаму. Напрыклад, наша настаўніца біялогіі была вельмі строгай жанчынай, і знайсці паразуменне з ёй было вельмі цяжка. Але з-за таго, что біялогія мне вельмі падабалася, я проста не звяртала ўвагу на яе стро­гасць і атрымлівала асалоду ад вывучэння біялогіі.
Мне вельмі падабалася беларуская літаратура. Настаўніца па гэтым прадмеце была вельмі спагадлівая і добрая. Але палюбіла беларускую літаратуру я з іншай прычыны.
Гэтаму паспрыя­ла адна вельмі цікавая гісторыя. Я сядзела за адной партай з сяброўкай Інай. Яна была бландзінка, а я — брунетка. А наш аднакласнік Віця, які сядзеў перад намі, усё ніяк не мог выра­шыць, хто з нас яму больш падабаецца. Неяк мы з ім паспрачаліся, хто больш пяцёрак атрымае, а для спаборніцтва выбралі менавіта беларускую літаратуру. Кожны ўрок мы расказвалі вершы на памяць. У яго атрымлівалася ўсё вельмі добра, але я здолела атрымаць на адну пяцёрку больш. Дарэчы, настаўніцы вельмі падабалася, як я чытаю вершы. Неяк яна нават запыталася, ці не спяваю я: “Калі ты расказваеш верш, нібы песню спяваеш”.
Мы ўсе вельмі любілі настаўніцу геаграфіі, нягледзячы на тое, што не ва ўсіх былі выдатныя адзнакі. Калі мы вярталіся пасля канікул з Азербайджана і прывозілі розную экзатычную для Беларусі садавіну — гранаты, хурму, персікі, айву, — менавіта яе мне хацелася пачаставаць гэтым смакоццем.
А фізіку ў нас выкладаў тагачасны дырэктар гімназіі № 2 Баранавіч Раман Мікалаевіч Качалаў. Не ведаю нават чаму, з усіх вучняў ён добра ставіўся менавіта да мяне. Памятаю, калі я была ў сёмым класе, перад навагоднім балем у актавай зале паставілі вялізную ёлку. Тады я ўпершыню абула туфлі на абцасах (ну ўжо ж вельмі хацелася пафарсіць) і, уявіце сабе, паслізнулася на новым паркеце і зламала руку. Дык Раман Мікалаевіч падхапіў мяне на рукі, аднёс у свой кабінет і потым доўга супакойваў.
Мне ніколі не падабалася хімія, вельмі не любіла фізіку і геаметрыю. Але вось з музыкай у мяне склалася зусім інакш. Неяк новая настаўніца набірала хор і паставіла мяне ў другі голас. Я не супраціўлялася, хаця першым голасам мне было спяваць зручней: у дзяцін­стве я не любіла залішне паказваць сябе, была ціхоняй. Неяк, калі мы чарговы раз спявалі, настаўніца спыніла ўсіх і спытала, хто так звонка спявае ў другім голасе. А потым прапанавала мне праспяваць сольна. Пасля гэтага я стала займацца з ёй асобна і праз некаторы час ужо саліравала. Безумоўна, у тагачаснай салісткі Іны гэта не выклікала асаблівай радасці, і мы з ёй у хуткім часе пасварыліся. Я адрэагавала на гэта вельмі балюча і нават прасіла настаўніцу, каб яна зноў зрабіла салісткай Іну, а я гатова была пастаяць у хоры, але настаўніца вырашыла гэты канфлікт. Мала таго, яна прапанавала маім бацькам аддаць мяне ў музычную школу. Аднак бацька да гэтага паставіўся адмоўна (па каўказскіх звычаях гэта было непрыстойна) — яму больш даспадобы было маё захапленне замежнай мовай.
Са школьных настаўнікаў з найбольшай цеплынёй успамінаю менавіта настаўніцу французскай мовы Ніну Андрэеўну Вішнеўскую. Яна была вельмі строгай, яе ўсе баяліся, і толькі ў мяне з ёй былі вельмі цёплыя адносіны. У мяне было вельмі моцнае жаданне займацца, я нават прасілася прыйсці да яе дадому, каб дадаткова пазаймацца французскай мовай.

— Якімі мовамі вы зараз валодаеце?
— Акрамя рускай і беларускай, я ведаю азербай­джанскую і турэцкую мовы.

— А чаму не пайшлі далей па замежных мовах?
— Калі заканчвала школу і настаў час думаць пра будучыню, бацька вельмі хацеў, каб я, з яго пункта погляду, стала “вялікім чалавекам” і працавала перакладчыкам у якім-небудзь пасольстве. Але я сказала, што ў будучыні бачу сябе на сцэне і хачу звязаць сваё жыццё з музыкай. Вельмі доўга ён не пагаджаўся, пакуль маці не ўгаварыла яго прыйсці на адно з маіх выступленняў у гарадскі Дом культуры, дзе я займалася ў студыі Фёдара Жыляка. Дарэчы, менавіта ён адкрыў мяне як артыстку, і пад яго кіраўніцтвам я зрабіла першыя сур’ёзныя крокі на эстрадзе.
На тым канцэрце тата і мама селі ў першы рад. Пасля таго як я цудоўна пра­спявала сваю песню, зала апладзіравала і дзякавала воклічамі “Брава!”, бацька выйшаў на сцэну, падарыў мне кветкі і, крыху ўсплакнуўшы, сказаў: “Ты ведаеш, я ўсё зразумеў”. І з таго часу ён мне заўсёды дапамагаў і фінансава, і маральна, каб я рухалася наперад. Зараз тата вельмі ганарыцца мной і ўпэўнены, што я зрабіла правільны выбар.
Кожнае дзіця, калі хоча ўпэўніць бацькоў у неабходнасці пэўнага прафесійнага шляху, павінна даказваць, што яго выбар правільны. І няважна, хоча яно стаць артыстам ці, напрыклад, археолагам.

— Як збіраецеся далей удасканальваць сваю адукацыю?
— Думаю паступіць ва ўніверсітэт культуры на рэжысуру. Вакальная база і вопыт у мяне ўжо дастаткова вялікія, ды і ў рэжысуры я сябе ўжо паспрабавала. Свае праграмы, як правіла, рэжысірую сама. Сёння канцэптуальныя ідэі для сцэнічнага вобраза, касцюмаў, пастаноўкі нумароў генерырую таксама сама, а потым ужо каманда прафесіяналаў, што працуюць са мной, рэалізоўвае мае задумкі на практыцы.
Я ўжо гаварыла, што маім першым настаўнікам па вакале быў Фёдар Жыляк. Менавіта ён рыхтаваў мяне да ўдзелу ў конкурсах, і першыя мае поспехі — яго заслуга.

— Каго яшчэ вы можаце назваць сваім прафесійным настаўнікам?
— Што тычыцца сцэнічнага вопыту, то гэта найперш Анатоль Іванавіч Ярмоленка. Я пэўны час працавала ў студыі “Сябры”, пачынала як бэк-вакалістка, ездзіла з “Сябрамі” па ўсёй краіне і часам з’язджала на тры месяцы. Гэта зараз я разумею, што такое адну ноч начаваць у адной гасцініцы, а другую — ужо ў іншай, а тады для мяне такі рытм быў вельмі незвычайны. Памятаю, пасля першага гастрольнага канцэрта ў 8 гадзін раніцы мне нехта пастукаў у дзверы нумара. Вельмі здзіўленая (я люблю позна паспаць і разлічвала выспацца, бо ўвечары павінен быў адбыцца наступны канцэрт), убачыла на парозе Анатоля Іванавіча, які паведаміў: “Праз пятнаццаць хвілін я чакаю цябе ў Доме культуры на рэпетыцыі!”. Я хуценька сабралася, завязала “хвосцік” і прыбегла на рэпетыцыю (я яго вельмі паважала і нават крыху баялася). “Ідзі на сцэну! Я буду глядзець, як ты спяваеш,” — сказаў ён мне. Канечне, я выйшла, неяк недарэчна пачала спяваць, а Анатоль Іванавіч і кажа: “Ну як ты выходзіш?..” — і стаў вучыць мяне прамудрасцям сцэны. Я ўсмоктвала, нібы губка, усё, што ён мне паказваў і гаварыў, таму што вельмі паважаю гэтага артыста і ўвесь час, колькі працавала з “Сябрамі”, прыглядалася да яго і імкнулася даведацца, у чым сакрэт чалавека, якога народ прызнаў народным артыстам. Кожны канцэрт, нават не ведаючы таго, ён вучыў мяне, як зразумець гледача і як яму спадабацца.
“Я ніколі не стану вучыць чалавека, які не мае боскага таленту і далёкі ад творчасці, — аднойчы сказаў ён мне. — Нікому не расказвай тыя прафесійныя сакрэты, якія я табе адкрыю. Калі ў цябе будуць сольныя канцэрты і твае гледачы будуць чакаць апошняй ноты апошняй песні канцэрта і нават пасля гэтага яшчэ апладзіраваць, крычаць “Брава!” і чакаць, калі ты пойдзеш са сцэны, толькі тады ты зможаш сказаць сабе, што ты адбылася як артыстка і зразумела ўсё тое, чаму я цябе вучыў. І дай мне слова, што толькі тады, калі ты станеш такой артысткай, ты раскрыеш нашы сакрэты маладым артыстам, у якіх ты ўбачыш перспектыву развіцця”.
У той дзень Анатоль Іванавіч сказаў мне: “Ты больш не бу­дзеш бэк-вакалісткай. На канцэртах я буду прадстаўляць цябе як маладую перспектыўную вакалістку, і ты будзеш падчас канцэрта спяваць дзве песні”. А праспяваць дзве песні ў праграме самога Ярмоленкі — тады гэта было верхам шчасця. Вось так пачалася мая творчая кар’ера.

— У якім узросце вы выйшлі на вялікую сцэну?
— Тады мне было 17 гадоў. Амаль кожны дзень я з раніцы да вечара праводзіла ў студыі Фёдара Жыляка, і мой тата ніяк не мог зразумець, куды я знікаю на цэлы дзень, — настолькі мне гэта было цікава. Год я займалася ў студыі, і ўжо ў 1999 годзе спрабавала “выходзіць у людзі”. Першым конкурсам, які я выйграла, быў рэспубліканскі конкурс у Брэсце, дзе я атрымала гран-пры, прадстаўляючы Брэсцкую вобласць. Пасля гэтага мяне запрасілі ў Маладзёжны тэатр эстрады, і з 2000 года я ўжо працавала ў тэатры. За тры гады я ўзяла ўдзел у мностве конкурсаў, але самым багатым на ўзнагароды стаў 2003 год: тады з чэрвеня па верасень я перамагла на трох міжнародных конкурсах — у Балгарыі, Латвіі і на Украіне. Гэта быў сапраўдны поспех, але я для гэтага вельмі многа і доўга працавала: акрамя музыкі для мяне нічога не існавала.
І калі я прывозіла дадому грашовыя прэміі (а па тых часах 5—7 тысяч долараў былі немалыя грошы!), бацька быў нават здзіўлены і ўсё дапытваўся, як я іх зарабіла. “Я спяваю на сцэне”, — з гонарам гаварыла я.

— Вы сталі вопытнай артысткай, вашых канцэртаў чакаюць, вам апладзіруюць. Ці прыйшоў час перадаваць тое, чаму навучыў вас Анатоль Ярмоленка?
— Я ўсур’ёз стала задумвацца пра гэта. Мне вельмі хацелася трапіць на “Еўрабачанне” і прадставіць Беларусь на гэтым шоу. Я штурмавала “ЕўраФэст пяць разоў” і пасля кожнай няўдачы рабіла работу над памылкамі, спрабавала высветліць, што на гэты раз зрабіла не так. Дзякуючы “ЕўраФэсту”, склалася добрая творчая каманда і з’явілася ўпэўненасць у тым, што ў наступным го­дзе ў “ЕўраФэсце” я ўдзельні­чаць дакладна не буду — усё, што я магла зрабіць, я зрабіла: не шанцуе — значыць не шанцуе. І я ўжо задумала падрыхтаваць на “ЕўраФэст” маладога выканаўцу.

У нашай невялікай краіне сёння з’яўляецца дастаткова многа вакальных конкурсаў і праектаў: гэта і названы “ЕўраФэст”, і “Музычны суд”, і “Акадэмія талентаў”. Для маладых выканаўцаў ёсць вельмі многа магчымасцей для самарэалізацыі. Калі я пачынала творчую дзейнасць, была, мабыць, толькі “Зорная ростань”.

— “Зорная ростань” адкрыла дарогу на вялікую сцэну многім выканаўцам. Вы ўдзель­нічалі ў гэтым конкурсе?
— Так, але адносіны з гэтым конкурсам у мяне не склаліся. Музычны прадзюсар конкурсу сказаў, што артысткі з мяне не атрымаецца і мне варта заняцца чым-небудзь іншым. Але гэта было даўно, яшчэ да знаёмства з Анатолем Іванавічам, я была маладая і “сырая”.

— Ці дамашні вы чалавек?
— Калі б вы мне задалі гэтае пытанне 3-4 гады назад, я адказала б адмоўна. Зараз — інакш. У верасні мы прэзентуем новы альбом, таму ўсю энергію я аддаю рабоце. І калі раней мяне можна было заўважыць на разнастайных свецкіх тусоўках, цяпер я аддаю перавагу спакойнаму адпачынку дома. Таксама стараюся глядзець, што паказвае наша тэлебачанне, каб быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў маёй прафесійнай сферы.

— На сцэне вы вельмі часта мяняеце імідж: некалі нават былі бландзінкай. Што найбольш каштоўнае ў такіх кардынальных зменах? Як на гэта рэагуюць гледачы?
— Відаць, гаворку пра імідж трэба пачынаць з таго, як тады яшчэ нікому не вядомая спявачка Гюнэш запляла на сваёй галаве 600 афрыканскіх косак (у салоне іх плялі 12 га­дзін). Мне трэба было нечым запомніцца, і я вырашыла такім чынам зафіксаваць у памяці гледачоў свой вобраз. Але гэтаму папярэднічала знаёмства з модным у той час кампазітарам Сяргеем Сухамліным, які напісаў мне песню “Назови меня по имени”. Дзякуючы спалучэнню добрай песні і цікавага іміджу, я стала вельмі папулярнай, на мяне сталі звяртаць увагу і запрашаць на сур’ёзныя канцэрты. Менавіта ў гэтым іміджы я прадстаўляла Беларусь на “Славянскім базары ў Віцебску”. Былі і кур’ёзы. Неяк фанаты ледзь не паадразалі мае цудоўныя коскі на памяць. А аднойчы, калі я стаяла на прыпынку грамадскага транспарту (машыны тады яшчэ не было), да мяне падышоў мужчына і сказаў, што бачыў маё выступленне, але не запомніў, якую краіну я прадстаўляла (смяецца). “Але гэта няважна, — сказаў ён. — Галоўнае — вы мне вельмі спадабаліся, і я вас запомніў”. І менавіта тады яму я дала свой першы аўтограф.
А калі афрыканскія коскі выйшлі з моды, я перафарбавалася ў бландзінку, тым самым паламаўшы ўсе стэрэатыпы ў адносінах да сябе: “дачка Усходу” — і раптам бландзінка. Я амаль паўтара года была бландзінкай, але гледачы шмат разоў мне гаварылі, што мне гэта не так пасуе, як цёмныя валасы (хаця мне самой гэты вобраз падабаўся). І я вярнулася да свайго натуральнага колеру, таму што мне вельмі важна меркаванне майго гледача.

— Як вы лічыце, калі чалавек хоча дасягнуць пэўнай мэты ў прафесійным развіцці, што ён павінен зрабіць?
— Калі ты ставіш перад сабой мэту, не трэба нікога слухаць. Трэба ісці наперад да гэтай мэты і вельмі многа над сабой працаваць. Бо нічога з неба не падае. Але гэта залежыць і ад характару чалавека. Калі ты баец і нечага вельмі хочаш, ты зможаш гэтага дасягнуць.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.