“Каб адрадзіць павагу і прэстыжнасць прафесіі педагога, нам патрэбна пачынаць з саміх сябе, бо на самай справе праблема не ў заробку ці нейкіх іншых ускосных прычынах, а ў тых каштоўнасцях, якія сёння фарміруюцца ў нашым грамадстве”, — з такімі словамі звярнулася да калег рэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Н.А.Котава на адкрыцці абласнога фестывалю “Хачу быць педагогам”. Сярод калег Надзеі Аляксееўны — яе падначаленыя, настаўнікі школ і гімназій, выкладчыкі і кіраўнікі чатырох педагагічных каледжаў Гомельшчыны, а таксама іх навучэнцы, якія хутка папоўняць рады педагогаў. Менавіта такі быў склад удзельнікаў фестывалю.
Думкі рэктара сугучны з галоўнай ідэяй мерапрыемства, арганізатарам якога выступіла ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама.
З ідэямі адраджэння
Галоўнымі дзеючымі асобамі фестывалю былі, канечне, навучэнцы старшых курсаў педагагічных каледжаў. А другая роля належала вучням 8 і 9 класаў з розных школ вобласці — тым юнакам і дзяўчатам, якія ў будучым маюць намер працягваць вучобу ва ўстановах адукацыі педагагічнага кірунку. Усе без выключэння яны былі ўцягнуты ў гульню. Такім чынам, усё будавалася на атмасферы сутворчасці пачынаючых настаўнікаў і самых маладых удзельнікаў фестывалю, а вопытныя педагогі былі проста гледачамі.
Неаднойчы на сустрэчах педагагічная грамадскасць Гомельшчыны ўзнімала пытанне пра неабходнасць расціць сабе змену, бо апошнім часам чамусьці згубілася пераемнасць пакаленняў. Гучала думка, што пачынаць трэба з пачаткоўцаў: калі ў дзіцяці ёсць жаданне звязаць сваё жыццё з настаўніцтвам, неабходна гэтае жаданне падтрымліваць. Ад слоў — да справы. Упраўленнем адукацыі распрацаваны план шэрага мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю прафесіі педагога, выяўленне і падтрымку навучэнцаў, якія арыентаваны на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей. Фестываль “Хачу быць педагогам” — адно з такіх мерапрыемстваў.
Абласны фестываль праходзіў у сценах Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага і складаўся з двух этапаў. Першы — завочны — прадугледжваў стварэнне навучэнцамі каледжаў відэаролікаў “Настаўнік у маім жыцці”, якія дэманстраваліся ў вочным этапе падчас прэзентацыі ўстаноў адукацыі. У Гомельскай вобласці чатыры педагагічныя каледжы, у кожнага свой напрамак, свае традыцыі, а таму кожны з іх індывідуальны. У гэтым можна было пераканацца, назіраючы за тым, што адбывалася на сцэне.
Ва ўсе часы — настаўнік
Ці можна ўявіць сабе настаўніка без урока? Адказ відавочны. Урок для яго, як і дадатковыя заняткі з вучнямі, факультатывы, пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы, — аснова дзейнасці. Невыпадкова ўжо з другога курса навучэнцы каледжаў спрабуюць сябе ў прафесіі на практыцы. І сёння кожны з іх скажа, што тут нельга абысціся без творчага падыходу да справы. Беручы за аснову веданне тэорыі, яе неабходна дабудоўваць уласнымі задумкамі і талентамі. Толькі так можна падабраць мэтазгодныя, эфектыўныя формы і метады работы з дзецьмі. Як гэта атрымліваецца ў нашых будучых педагогаў, яны паказалі падчас правядзення міні-ўрокаў. А ў ролі вучняў і выхаванцаў выступалі школьнікі, запрошаныя з залы. Імправізаваны ўрок працягваўся 10 хвілін. За гэты час навучэнец каледжа, будучы настаўнік, павінен быў не проста паказаць структуру ўрока, а яшчэ і зацікавіць сваіх вучняў. А пакуль тыя выконвалі заданні, патрэбна было не даць засумаваць гледачам у зале. Асабліва запамінальнай аказалася работа навучэнца Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Антона Гіна з незвычайным падыходам да вывучэння матэматыкі і навучэнкі Лоеўскага педагагічнага каледжа Аліны Прывалавай, якая правяла ўрок па прадмеце “Чалавек і свет”.
Завяршаўся фестываль цікавымі тэатралізаванымі работамі на тэму “Гісторыя развіцця школы”, якія дазволілі прасачыць этапы развіцця сістэмы адукацыі з даўніх часоў да дня сённяшняга. Акрамя таго, юныя ўдзельнікі фестывалю маглі прадэманстраваць здольнасці і навыкі калектыўнай работы. Для вучняў школ гэта была вялікая нечаканасць, паколькі ўсе яны былі ўцягнуты ў працэс. Па сутнасці, хлопцы і дзяўчаты выконвалі ролю саміх сябе, толькі ў мінулым. На тое, каб разам парэпеціраваць міні-паказы, удзельнікі фестывалю мелі ўсяго паўгадзіны. Але гэтага было дастаткова, бо гледачы атрымалі сапраўдную асалоду.
Першымі выступалі прадстаўнікі Лоеўскага педагагічнага каледжа з рэканструкцыяй “Царкоўнапрыходскія школы ў Расіі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”. Сцэна хутка ператварылася ў вучэбны клас з драўлянымі партамі, абразамі, розгамі і рассыпаным у вуглу гарохам — для пакарання нядбайных вучняў. Дзеці ўжо занялі свае месцы і чакаюць настаўніка, каб падзякаваць Усявышняму і пачаць займацца. І вось у поўным парадзе і начышчаных да бляску ботах з’яўляецца строгі настаўнік, ролю якога выконваў Аляксандр Давыдоўскі. У гэтага будучага настаўніка сапраўдны акцёрскі талент. Інакш як можна растлумачыць адчуванне таго, што ты, глядач, быццам апынуўся ў той далёкай царскай Расіі?
З бляскам прадэманстравалі Бел-Ланкастэрскую сістэму ўзаемнага навучання навучэнцы Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. Гэты метад вучэбнай работы быў выбраны невыпадкова, бо ў свой час меў месца ў Гомелі, калі школы ўзаемнага навучання пачалі працаваць у маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых была адкрыта школа для сялян якраз у гомельскім маёнтку графа Н.П.Румянцава.
Рэчыцкі педагагічны каледж абраў пераломны гістарычны перыяд як у жыцці краіны, людзей, так і ў адукацыі — паслярэвалюцыйны, калі непісьменнасць і дзіцячая беспрытульнасць сталі сур’ёзнай праблемай грамадства. І толькі нестандартныя ідэі і педагагічны талент А.С.Макаранкі, які стварыў новую канцэпцыю выхавання цяжкіх падлеткаў, дазволілі справіцца з гэтай з’явай.
Акунуцца ў вясёлае садаўскае жыццё дашкалят можна было разам з навучэнцамі Рагачоўскага педагагічнага каледжа, якія прадэманстравалі заняткі ў сучасным дзіцячым садзе. Пастаноўка вызывала ўсмешку ў гледачоў, бо ў ролі выхаванцаў былі васьмі- і дзевяцікласнікі, якія прыгалі, танцавалі і спявалі, апрануўшыся ў маляўнічыя касцюмы.
Вось так, у цесным творчым супрацоўніцтве, навучэнцы каледжаў і школ даказалі, што педагог увасабляе ў сабе мноства самых розных прызванняў. Сапраўдны настаўнік — гэта акцёр у класе, прамоўца каля дошкі, алхімік у лабараторыі, алімпійскі чэмпіён у спартыўнай зале і віртуоз на сцэне. Пры гэтым ён заўсёды мудры і разважлівы, адказны і неабыякавы — адным словам, прафесіянал сваёй справы.
Думкі пра прафесію
У рамках фестывалю таксама былі падведзены вынікі конкурсу сачыненняў, прысвечаных прафесіі настаўніка, які быў аб’яўлены Гомельскім педагагічным каледжам імя Л.С.Выгоцкага. На конкурс было даслана звыш пяцісот работ. 44 з іх аказалася ў ліку пераможцаў, аўтары лепшых сачыненняў былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі.
— Ідэя арганізаваць конкурс сачыненняў з’явілася не на пустым месцы, — расказвае намеснік дырэктара каледжа Л.Л.Капаткова. — Напісанне сачыненняў прымушае вучня разважаць, аналізаваць, рабіць пэўныя высновы і выкладаць на паперы свае думкі. Сёння ёсць вострая неабходнасць аднаўляць гэты від творчай работы ў школах.
Варта сказаць, што ўсе сачыненні-пераможцы ўвайшлі ў спецыяльны зборнік, які выпусціў Гомельскі педагагічны каледж, таму для хлопчыкаў і дзяўчынак з пісьменніцкім талентам гэтая перамога значная ўдвая. А яшчэ недзе ў душы тоіцца надзея, што гэтыя школьнікі ў будучым выберуць для сябе шлях у педагагічную дзейнасць. Выказаныя імі ў сачыненнях думкі пра прафесію настаўніка — гэта пэўныя вобразы, да якіх хочацца быць падобнымі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.