«Хачу быць педагогам»

Абласному фестывалю з аднайменнай назвай старт быў дадзены ў мінулым годзе. Пачатак аказаўся такім удалым, што сёлета педагогі і навучэнцы чакалі яго з нецярпеннем.

Фестываль задумваўся з мэтай выяўлення і падтрымкі навучэнцаў, арыентаваных на атрыманне педагагічнай спецыяльнасці. Адміністрацыя і спецыялісты ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і абласнога інстытута развіцця адукацыі хацелі прыдумаць нейкую незвычайную, цікавую для ўсіх форму прафарыентацыі. Цяпер ужо можна гаварыць, што справіліся з гэтым вельмі ўдала. Пацвярджэннем можа быць і другі, заключны, этап ІІ абласнога фестывалю “Хачу быць педагогам”, які прайшоў не так даўно.
Удзельнікі і галоўныя дзеючыя асобы фестывалю — навучэнцы школ, гімназій і педагагічных каледжаў. Першы этап — занальны — праходзіў па чатырох намінацыях. Школьнікі і гімназісты 6—9 класаў прадстаўлялі свае малюнкі (плакаты, фотакалажы), творы, вершы, відэаролікі (відэапрэзентацыі), цэнтральнае месца ў якіх, зразумела, займае педагог. Сёлета такіх удзельнікаў налічвалася больш як 280. Работы былі адзначаны дыпломамі і падзякамі, якія навучэнцы атрымлівалі ў сценах чатырох педагагічных каледжаў вобласці, дзе яны азнаёміліся з асаблівасцямі ўстаноў і спецыяльнасцямі. Лепшыя ж работы, вызначаныя экспертнымі групамі, былі аднесены да ліку пераможцаў абласнога фестывалю-конкурсу, а іх аўтараў запрасілі на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання, дзе яны атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

На заключны этап, які праходзіў на базе Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, прыехала больш за 80 навучэнцаў 6—8 класаў са школ, гімназій і ліцэяў вобласці. Сёння гэтыя юнакі і дзяўчаты мараць стаць настаўнікамі, вельмі важна падтрымліваць у іх такое жаданне.

Тон усяму мерапрыемству задавалі навучэнцы Гомельскага, Лоеўскага, Рэчыцкага і Рагачоўскага педагагічных каледжаў, што нядзіўна. Хто ж лепш за іх раскажа пра свае каледжы і пра тое, як цікава пазнаваць разам з педагогамі сутнасць настаўніцкай прафесіі!

Пачаўся фестываль з прэзентацыі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а потым па чарзе навучэнцы кожнага педагагічнага каледжа правялі міні-ўрокі. І вучнямі былі якраз школьнікі. З залы іх выбіралі не ўсляпую. Напрыклад, навучэнка Рэчыцкага педагагічнага каледжа Аліна Чэкан зачытвала двухрадкоўі, у якіх не хапала апошняга іншамоўнага слова, а дзеці з залы спрабавалі падабраць яго згодна з рыфмай. Так былі адабраны вучні для ўрока замежнай мовы.

Самым жа захапляльным і цікавым момантам фестывалю сталі гістарычныя міні-рэканструкцыі. Сёлета арганізатары прапанавалі ўдзельнікам прасачыць і прадэманстраваць гісторыю развіцця школы. Гэта насамрэч асаблівае заданне, дзе трэба не толькі пагартаць падручнікі і пападарожнічаць у бясконцай сусветнай павуціне, але і праявіць акцёрскія, рэжысёрскія і, канечне, педагагічныя таленты. Навучэнцы каледжа зноў жа з дапамогай найбольш актыўных школьнікаў расказалі гледачам пра асаблівасці выхавання ў Афінах і Спарце, беларускай вёсцы ХІХ стагоддзя, піянерскай арганізацыі Савецкага Саюза. І ўсё гэта — з багатымі дэкарацыямі і яркімі касцюмамі, якія адпавядалі эпохам.

Завяршыўся фестываль узнагародамі школьнікаў — пераможцаў заключнага этапу фестывалю “Хачу быць педагогам” і майстар-класамі, якія правялі педагогі і навучэнцы педагагічных каледжаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *