#Hack4history: чат-боты, інтэрактыўныя платформы і дапаможнікі

Гістарычны хакатон #Hack4history прайшоў 18—20 кастрычніка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау (IBB Minsk). Каманды з Беларусі, Расіі, Украіны і Германіі 48 гадзін працавалі над праектамі на стыку культуры, адукацыі, турызму і сучасных тэхналогій.

На працягу двух дзён каманды з гісторыкаў, выкладчыкаў, музейных работнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый разам з прадстаўнікамі ІТ-сферы заклалі аснову 14 праек­таў. Гэта сайты, дадаткі, інтэрактыўныя карты, якія могуць дапамагчы папулярызацыі тэмы Другой сусветнай вайны і захаванню памяці пра падзеі таго часу.

Задача хакатону — хутка ператварыць ідэю ў прататып, чарнавік праекта. У гэтым удзельнікам дапамагалі ментары — эксперты ў ІТ, дызайне, медыя і PR, гісторыі і адукацыі. Ментары не толькі пракаменціравалі і пакрытыкавалі ідэі падчас прэзентацыі-знаёмства напачатку хакатону, але і адказвалі на пытанні, давалі парады і дапамагалі ўдзельнікам на ментарскіх сесіях. Напрыклад, пракансультавацца ў выбары тэхналогій для рэалізацыі праекта ўдзельнікі маглі ў праграміста і распрацоўшчыка мабільных дадаткаў Дзмітрыя Мартынюка, спытаць пра падачу і распаўсюджанне інфармацыі — у арт-дырэктара парталаў 34mag.net і 34travel.me Касі Сырамалот, параіцца наконт афармлення прадукту — з дырэктарам інтэ­рактыўнага агенцтва Red Graphic Надзеяй Зелянковай. Амаль кожная ідэя, прадстаўленая на хакатоне, можа вырасці ў добры дапаможнік для настаўніка.

— Большасць прадстаўленых ідэй скіравана на тое, каб дапамагчы інтэрнэт-карыстальнікам хутчэй і эфектыўней засвоіць веды па няпростых гістарычных тэмах, — падзяліўся ўражаннямі намеснік кіраўніка аддзела адукацыйных праграм IBB Minsk Дзмітрый Дабравольскі. — Аднымі з фіналістаў #Hack4history сталі супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яны прадставілі праект OurMemory — прататып чат-бота, які імітуе перапіску з удзельнікамі Другой сусветнай вайны і дапамагае эмацыянальна ўцягнуцца ў гісторыю рэальных гістарычных падзей таго часу. Другі фіналіст — расійская каманда “Лета” — стварае інтэрактыўны тайм-лайн з дзённікаў, фотаздымкаў, газет, афіш і артэфактаў, што расказваюць пра тое, чым жылі людзі напярэдадні вайны.

Згаданыя каманды падзялілі прызавы фонд за 3-е месца. 1-е і 2-е занялі праекты з Украіны і Беларусі: каманда з Харкава Don’t forget пачала работу над інтэрактыўнай платформай памяці Другой сусветнай вайны, а мінская каманда Heritage Keepers створыць даведнік па яўрэйскай спадчыне Беларусі. Пераможцы атрымаюць фінансаванне ў выглядзе экспертнай падтрымкі на развіццё праекта.

— Многім з удзельнікаў, акрамя той дапамогі, якую яны атрымалі ад нашага адукацыйнага цэнтра, неабходна будзе заручыцца дадатковай падтрымкай устаноў адукацыі, бізнесу і ІТ у сваіх краінах. А ІВВ у сваю чаргу працягне ствараць магчымасці для супрацоўніцтва ў тэме развіцця агульнаеўрапейскай культуры памяці, — падвёў вынікі Дзмітрый Дабравольскі.

З кастрычніка па сакавік пераможцы будуць працаваць з экспертамі, а гатовыя праекты прадставяць на форуме ў Мінску ў сакавіку 2020 года. Арганізатарамі хакатону выступілі Міжнародны адукацыйны цэнтр у Дортмундзе (IBB Dortmund), Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханеса Рау (IBB Minsk) сумесна з Фондам развіцця Брэсцкай крэпасці, фондам “Халакост” (Расія), Украінскай асацыяцыяй вуснай гісторыі і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.