Хай свет будзе яркі і маляўнічы!

Сёння даволі шмат прычын парушэння зроку, адна з галоўных — неабмежаванае выкарыстанне камп’ютараў і гаджэтаў, а між тым менавіта зрок дае людзям 90% інфармацыі, якая ўспрымаецца з навакольнага свету. Таму неабходна пастаянна памятаць аб прафілактыцы такіх парушэнняў, пра што і нагадалі вучням нашай школы ў дзень прафілактыкі захворванняў органаў зроку.

У сярэдняй школе № 7 г. Смаргоні, як і ў любой іншай установе адукацыі, на ўроках праводзяцца пастаянныя фізкультхвілінкі, якія дазваляюць адпачыць аднаму з найважнейшых органаў нашага арганізма.

Вучні пачатковых класаў з гэтай мэтай выконваюць практыкаванні з выкарыстаннем трэнажора Базарнага, вядомага сваёй эфектыўнасцю. Такія практыкаванні паляпшаюць мазгавы кровазварот і аднаўляюць вочы пасля працяглай працы.

20 верасня педагогі яшчэ раз нагадалі вучням аб важнасці прафілактыкі захворванняў органаў зроку. Яны расказалі аб неабходнасці выканання нескладаных правілаў гігіены, паказалі дадатковыя комплексы практыкаванняў для зняцця стомленасці і правялі вясёлую зарадку.

Хочацца спадзявацца, што кожны вучань у дзень прафілактыкі захворванняў органаў зроку зразумеў, як важна берагчы зрок, каб свет заўсёды быў яркі і маляўнічы!

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.