Хакатон — урок для пакалення Z

Уявіце сабе поўны пакой дзяцей, гатовых без перапынку працаваць гадзіны напралёт. Яны абмяркоўваюць і прымаюць рашэнні, шукаюць інфармацыю ў падручніках і камп’ютарах, дапамагаюць адно аднаму. Ніякіх тэлефонаў пад партай, сумных поглядаў у акно і апраўданняў з-за нявыкананага задання. Напэўна, так выглядае прафесійнае шчасце?

Наша суразмоўніца бачыць такія поўныя дзяцей пакоі пастаянна. А ўсё таму, што яна разам з калегамі прыдумала і заснавала конкурс Make YourSelf, які працуе па прынцыпах хакатону. Што гэта такое і як яно можа змяніць жыццё, расказала настаўніца інфарматыкі гімназіі № 37 Мінска Наталля Аляксандраўна КУРСАВА.

Рагачоўская “згушчонка” і інсайты настаўніка інфарматыкі

Гісторыя пачалася гадоў 10 назад. Наталля Аляксандраўна працавала ў сярэдняй школе № 3 Рагачова і паралельна рыхтавала вучняў да алімпіяды па інфарматыцы. Зразумела, дзеці былі разумныя і матываваныя, але нават іх імкненне да ведаў спатыкалася аб сумныя сухія лічбы і шэры інтэрфейс праграмы Pascal ABC. І настаўніца пачала шукаць альтэрнатыву.

Пачала з даследчай працы — работы некаторых яе выхаванцаў атрымлівалі прызавыя месцы на канферэнцыях. Але больш важна, што назірала сама Наталля Аляксандраўна: зацікаўленыя даследаваннем дзеці яшчэ ў пачатковай школе асвойвалі MicrosoftWord і PowerPoint, каб прэзентаваць свае работы. І рабілі гэта без прымусу і нагляду, абсалютна самастойна.

— Я зразумела, што дзіця заўсёды знойдзе спосаб вырашэння цікавай яму праблемы, таму трэба, каб атрыманне ведаў стала рашэннем асабістай задачы вучня, — гаворыць настаўніца.

Тады ж яна даведалася пра асяроддзе праграмавання для дзяцей Scratch. Злучыўшы два адкрыцці, у 2016 годзе настаўніца разам з калегамі правяла першы конкурс — правобраз Make YourSelf, дзе школьнікі стваралі ўласныя гульні. Наталля Аляксандраўна і сёння ўдзячна дырэктару школы Ігару Вячаслававічу Жданаву, што падтрымаў ідэю, і намесніку начальніка раённага аддзела адукацыі Алене Вітальеўне Клачко, якая дапамагла падрыхтаваць і разаслаць палажэнне пра конкурс.

Была ў самага першага конкурсу яшчэ адна адметнасць — арыгінальныя прызы.Школа знаходзіцца насупраць знакамітага малочнакансервавага камбіната, што выпускае — хто ж яе не ведае? — рагачоўскую “згушчонку”. Менавіта яе па-суседску выдзеліла прадпрыемства ў якасці падарункаў.

— Нам вельмі не хацелася, каб дзіця выходзіла і выступала перад усімі: гэта лішняе напружанне для вучня. Мы арганізавалі стэндавую абарону: кожны мог расказаць пра свой праект і ацаніць праекты іншых удзельнікаў. Атрымаўся вялікі кірмаш ідэй, — успамінае настаўніца.

Эмоцый дзеці атрымалі хоць адбаўляй. Па-першае, ужо на гэты конкурс завіталі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і далі школьнікам зваротную сувязь па іх праектах. Па-другое, абмен уражаннямі з аднагодкамі дапамог прааналізаваць свае гульні. Кожны пабачыў памылкі і зразумеў, як іх выправіць. Але конкурс ужо скончыўся, прызы і дыпломы былі раздадзены.

— Тут мы зразумелі яшчэ адзін недахоп многіх конкурсаў: яны, як правіла, праводзяцца раз на год. Для дзяцей год — гэта цэлае жыццё! Ідэі забываюцца, матывацыя зніжаецца. Пакуль конкурс быў на хвалі “хайпу”, пакуль дзеці гарэлі, мы вырашылі правесці яшчэ адзін этап, — успамінае настаўніца.

Дзеці ўжо разумелі, што ім патрэбна вельмі шмат ведаць, каб перамагчы сапернікаў. Таму паміж двума конкурсамі школьнікі паспелі “перакапаць” інтэрнэт у пошуку карысных ідэй — і вынікі былі намнога лепшымі, хаця Наталля Аляксандраўна сёння згадвае першыя работы з усмешкай.

Пасля былі цікавыя сустрэчы з калегамі і тыднёвы адукацыйны курс для настаўнікаў ад асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”. Наталля Аляксандраўна абмяркоўвала свой досвед з кожным, хто мог даць карысную параду. Калегі параілі змяніць змест.

— “Прыдумайце любую гульню” — не лепшая ўмова для конкурсу, бо частка дзяцей губляецца, а частка арыентуецца на камп’ютарныя гульні, дзе шмат боек і крыві. Лепш задаць такія ўмовы, каб атрымаўся карысны і важны прадукт. Напрыклад, дыдактычны аплет па школьным прадмеце — гульня, якая дапамагае вывучыць матэматыку. Зараз мы робім таксама Create your own animated world — конкурс мультыкаў, намаляваных у Scratch, — расказвае Наталля Аляксандраўна.

Нарэшце стала зразумела, якім павінен быць Make YourSelf. Выпадкова аказалася, што гэта… хакатон.

Шэсць гадзін нон-стоп,ці Як праходзіць хакатон

Хакатоны для дарослых доўжацца некалькі дзён, пакуль моцная ідэя не ператворыцца ў прадукт. Прасунутыя праграмісты доўга б’юцца над складанымі задачамі, шукаюць памылкі ў кодзе і прыдумваюць спосабы палепшыць праграму. Для адукацыйнага хакатону важны не столькі прагматычны вынік “тут і зараз”, колькі асабісты рост удзельнікаў. Да таго ж складана ўявіць дзяцей, здольных амаль без перапынку сядзець над заданнем некалькі сутак. Таму хакатон Make YourSelf будуецца крыху інакш. Разбяром на прыкладзе стварэння мультфільмаў.

1. Дзеці атрымліваюць матэрыял — відэаролікі і тэксты пра тое, як намаляваць свайго героя, напісаць удалы сцэнарый і ажывіць яго з дапамогай кода.

2. На першым хакатоне вучні знаёмяцца, выбіраюць ролі (мастак, сцэнарыст або праграміст), збіраюцца ў каманды і абмяркоўваюць ідэі, якія ўзніклі пасля прагляду вучэбных ролікаў. На ўсё — каля 6 гадзін. У свабодным доступе чай і ліманад, ёсць перапынак на сняданак.

— Мы разумеем, што абавязкова будуць незадаволеныя: хтосьці хацеў “маляваць” гісторыю пра Папялушку, а каманда вырашыла, што мульцік будзе пра Бураціна. Дамаўляцца і пераконваць — частка хакатону. Да таго ж падчас работы ўсё можа змяніцца некалькі разоў, — тлумачыць Наталля Аляксандраўна.

3. Дома дзеці працягваюць працаваць над сваімі задачамі, атрымліваюць новыя матэрыялы ад настаўнікаў, рыхтуюцца да наступнай сустрэчы.

4. Падчас другога і наступных хакатонаў школьнікі праходзяць канкрэтныя этапы стварэння мультфільма. Побач заўсёды эксперты — дасведчаныя псіхолагі, сцэнарысты, праграмісты.

— Бывае, што вучань 5 класа прыносіць вельмі кароткі, лаканічны код, а я ўвогуле не разумею, як ён працуе! Так я вырашыла, што трэба запрашаць экстраспецыялістаў, каб дзеці маглі раўняцца на лепшых і “расці” разам з імі, — гаворыць настаўніца.

Не кожны добры праграміст умее працаваць з дзецьмі, таму ментараў таксама лепш падрыхтаваць загадзя. Цікава, калі ў ролі экспертаў выступаюць школьнікі, не на многа старэйшыя за ўдзельнікаў хакатону. Гэта могуць быць пераможцы мінулых хакатонаў, міжнародных конкурсаў і алімпіяд. Калі роўны навучае роўнага, ствараецца вельмі прадукцыйная атмасфера.

У рабоце з ментарамі важна і тое, што спецыялісты ставяцца да дзіцячых прапаноў з увагай і сур’ёзнасцю, таму ва ўдзельнікаў расце ўпэўненасць у сабе, адкрытасць да новых ідэй. Акрамя таго, жывыя стасункі з прадстаўнікамі розных прафесій — цудоўная, хоць і непрыметная прафарыентацыя.
Прадугледжаны на хакатоне і абмен думкамі паміж удзельнікамі з розных каманд. Ніхто не забараняе падгледзець цікавую ідэю і адаптаваць яе для свайго праекта — гэта таксама карыснае ўменне.

Такім чынам, праз некалькі сустрэч кожная каманда прэзентуе ўласны мультфільм. А галоўнае — дзеці будуць на працягу доўгага часу ўцягнуты ў бесперапынны адукацыйны працэс. Успомніце, што 6 гадзін — гэта толькі сама сустрэча, і ніхто не забараняе шукаць дадатковыя матэрыялы і вучыцца самастойна. Хакатон — каштоўны інструмент і ў выхаванні, бо ўдзельнікі вучацца наладжваць стасункі ў камандзе і прадукцыйна сапернічаць з іншымі, прымаць і агучваць крытыку, нарэшце, трымаць сябе перад публікай і даводзіць пачатую справу да канца, атрымліваючы задавальненне ад напружанай працы.

А што далей?

Арганізатары хакатону звярнулі ўвагу менавіта на маляванне мульфільмаў, таму што заўважаюць, што STEM-адукацыі надаецца ўсё больш увагі, але праграмаванне і робататэхніка падабаюцца далёка не ўсім. Таму варта развіваць ужо STEAM-адукацыю, дзе да навукі, тэхналогій, інжынерыі і матэматыкі далучаецца творчасць, мастацтва (art).

— Калі мы імкнёмся пабудаваць высокатэхналагічнае грамадства, то павінны зрабіць яго гарманічным. Не трэба ляпіць праграміста з кожнага здольнага школьніка, няхай ён займаецца тым, што яму падабаецца. Мастакі, сцэнарысты патрэбны IT-сферы таксама, — сцвярджае настаўніца.

Паралельна Наталля Аляксандраўна разам з калегамі арганізоўвае хакатоны па стварэнні дадаткаў для вывучэння матэматыкі, фізікі і англійскай мовы, па распрацоўцы сацыяльных і адукацыйных праектаў з выкарыстаннем тэхналогіі віртуальнай рэальнасці. Падчас такіх конкурсаў школьнікі атрымліваюць уяўленні аб прадпрымальніцкай культуры і вядзенні бізнесу (кожны праект разглядаецца як стартап), вучацца адчуваць патрэбы аўдыторыі і шукаць найлепшыя спосабы іх задаволіць.

Незалежна ад тэмы прынцыпы правядзення заўсёды аднолькавыя: у аснове ляжыць прадуманы педагагічны сцэнарый.

— Задача настаўніка — і на ўроку, і на хакатоне — стварыць такую праблемную сітуацыю і так яе падаць, каб вучні і не заўважылі, што вывучаюць тое, чаму мы імкнёмся іх навучыць. Каб яны рабілі гэта з-за ўласнага жадання. Мы ўжо бачым, што ў нас пачынае складвацца пэўная методыка правядзення хакатонаў. Думаю, хутка мы зможам яе сфармуляваць і дзяліцца ёй з настаўнікамі, бо фармат вельмі зручны і лёгка адаптуецца пад розны змест, — упэўнена настаўніца.

У пацвярджэнне сваіх слоў Наталля Аляксандраўна ўспамінае, як арганізавала міні-хакатон на адных з дадатковых заняткаў. Урок быў цалкам адведзены на паўтарэнне складаных тэм, але складанасці ў вучняў абсалютна розныя. Паколькі дзеці валодалі Scratch, настаўніца прапанавала кожнаму зрабіць простую праграму, якая б дапамагала ў паўтарэнні і замацаванні той тэмы, што цяжка давалася менавіта яму. Каб стварыць такую праграму, вучням прыйшлося скарыстацца падручнікамі, паўтарыць матэрыял і паглыбіцца ў тэму. Ужо праз 20—25 мінут дзеці паказвалі свае аплеты адно аднаму, разам тэсціравалі і гулялі. Так яны змаглі хутка паўтарыць спрашчэнне выразаў і складанне дробаў, прывядзенне падобных складаемых і адных адзінак вымярэння да іншых.

— У мяне пасля гэтага зніклі ўсе сумненні. Цяпер гэтым досведам мы плануем падзяліцца на сустрэчы з настаўнікамі, якая адбудзецца 22 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы. Калі яны пабачаць работы пераможцаў хакатонаў, скептыкаў не застанецца! — упэўнена настаўніца.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Р.S.: Ад сябе хачу дадаць, што гісторыя Наталлі Аляксандраўны яшчэ і пра прафесійнае развіццё. Каб пастаянна ладзіць конкурс, яна пераехала ў Мінск, знайшла блізкае па духу месца работы — гімназію № 37 — і сабрала вакол сябе аднадумцаў. А гэта лішні раз даказвае, што калі робіш сваю работу з любоўю, то Сусвет абавязкова адгукнецца.