Хакеры супраць электронных рахункаў ІД

- 13:26Інфармацыйная гадзіна

Група хакераў, якія называюць сябе Ghost Security Group (група бяспекі “Прывід”), знайшла доказы выкарыстання тэрарыстычнай групоўкай “Ісламская дзяржава” (ІД) віртуальнай валюты біткоін для грашовых аперацый і пераводаў. Хакерам удалося выявіць некалькі такіх электронных рахункаў ІД, у тым ліку на $3 млн. Аб гэтым паведаміў тэлеканал “Фокс ньюс”.

У якасці крыніцы гэтай інфармацыі ён спасылаецца на заснавальніка кансалтынгавай кампаніі Kronos Advisory Майкла Сміта. Ён сцвярджае, што актывісты Ghost Security Group самі выйшлі на яго, паколькі іх спробы дастукацца да ўлад розных краін, уключаючы ЗША, аказаліся безвыніковымі. “Яны хочуць аказаць уплыў на ход супрацьдзеяння тэрарызму”, — растлумачыў Сміт матывы “прывідаў”.
Паводле даных хакераў, доля віртуальных валют дасягае 1—3% ад агульнага аб’ёму незаконных даходаў ІД. Гэта эквівалентна $4,7 млн — $15,6 млн. “Фокс ньюс” прыводзіць ацэначныя звесткі Міністэрства фінансаў ЗША, згодна з якімі гэтая групоўка штогод нажываецца на суму ад $468 млн да $520 млн. Галоўнымі крыніцамі паступленняў служаць незаконны продаж нафты, грабяжы, вымаганні, выкуп за вызваленне палонных і добраахвотныя ахвяраванні.
Біткоін — самая вядомая крыптавалюта ў свеце — быў запушчаны ў студзені 2009 года. Ён уяўляе сабой віртуальныя грошы — праграмны анлайн-код, які не рэгулюецца ні адной краінай або банкаўскім наглядным органам у свеце.
Адна з асаблівасцей біткоіна ў тым, што ён здольны гарантаваць поўную ананімнасць чалавека або групы людзей, якія робяць з яго дапамогай пакупкі.