Хапае часу на ўсё

- 12:25Навука і інавацыі

Для многіх людзей хімія здаецца вельмі складанай і незразумелай навукай. Але перад тымі, каму дадзены талент разумець усе гэтыя неверагодныя злучэнні і ператварэнні, адкрываецца цэлы свет.

Галоўная задача хіміі, калі яе сфармуляваць проста, — гэта высвятленне прыроды рэчыва шляхам яго раскладання на больш простыя кампаненты і сінтэз новых рэчываў. Дзякуючы гэтаму, хімікі навучыліся ствараць матэрыялы, якія не існуюць у прыродзе. Зараз на хімічных прадпрыемствах умела ператвараюць карысныя выкапні ў мыйныя сродкі і фарбавальнікі, пластык і палімеры, лекі і металічныя сплавы. А вучоныя шукаюць усё новыя і новыя магчымасці прыродазнаўчай навукі.
Сярод гэтай арміі вучоных і кандыдат хімічных навук, дацэнт кафедры хіміі біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і вядучы навуковы супрацоўнік міжкафедральнай навукова-даследчай лабараторыі “Фізіка і хімія палімераў” Алена Валер’еўна Вараб’ёва. Сёння яна з’яўляецца аўтарам манаграфіі, больш сямідзесяці навуковых артыкулаў і шасці патэнтаў Рэспублікі Беларусь пад навуковым кіраўніцтвам доктара тэхнічных навук прафесара Д.Р.Ліна.
А пачыналася ўсё з цікавасці да школьнага прадмета. Простыя доследы на ўроках хіміі незвычайна захаплялі Алену, а цяжкія для многіх аднакласнікаў задачы даваліся ёй з неверагоднай лёгкасцю. Хутка для дапытлівай вучаніцы школьнага падручніка было ўжо недастаткова. Гэта быў пачатак 90-х гадоў, і такога памочніка, як інтэрнэт, яшчэ не было. Затое быў настаўнік, які заўсёды з гатоўнасцю дзяліўся сваімі ведамі, і бібліятэка, дзе можна было знайсці шмат цікавай навуковай літаратуры.
Зразумела, да атрымання атэстата сталасці Алена ўжо ведала, у якой сферы яна будзе сябе рэалізоўваць і з чым звяжа сваё жыццё. Праўда, думак пра тое, каб займацца навукай так глыбока, асабліва не было. Яны прыйшлі пасля, калі дзяўчына стала студэнткай Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Універсітэцкія лабараторыі адкрылі шмат цікавага, а выкладчыкі, сярод якіх было нямала знакамітых вучоных, захаплялі сваімі лекцыямі. Так узнікла жаданне стаць часткай навуковай супольнасці, рабіць уласныя адкрыцці. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1997 годзе А.В.Вараб’ёва паступіла ў аспірантуру пры ГДУ імя Францыска Скарыны, якую скончыла ў 2001 годзе. З гэтага ж года яна — навуковы супрацоўнік, праз тры гады — старшы навуковы супрацоўнік.
У 2002 годзе Алена Валер’еўна абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата хімічных навук па спецыяльнасці “Высокамалекулярныя злучэнні”. Тэма дысертацыі — “Акісленне поліэтылену ў кантакце з меддзю і яе злучэннямі”. У гэтым жа годзе яна стала лаўрэатам конкурсу маладых вучоных Гомельскага аблвыканкама.
Зараз у дацэнта А.В.Вараб’ёвай шмат адказнай і цікавай работы. Акрамя трох дысцыплін, якія яна выкладае на біялагічным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта, Алена Валер’еўна з’яўляецца навуковым кіраўніком задання “Эфектыўнае выкарыстанне антыакісляльных дабавак для тэрмастабілізацыі напоўненых поліалефінаў” па праграме “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы” і адказным выканаўцам яшчэ двух заданняў, канчатковы вынік якіх намечаны на гэты год.
Акрамя таго, Алена Вараб’ёва актыўна займаецца папулярызацыяй хімічнай навукі сярод навучэнскай моладзі. Пад яе кіраўніцтвам пры кафедры хіміі біяфака ўжо на працягу некалькіх гадоў працуе школа “Юны хімік”, дзе займаюцца навучэнцы розных устаноў адукацыі Гомельшчыны. Цікава, што ў школе наладжана і дыстанцыйная работа, а гэта значыць, што атрымаць кансультацыю можа кожны жадаючы, для гэтага дастаткова мець інтэрнэт.
У мінулым годзе школа “Юны хімік” выйшла на новы ўзровень. Школьнікам з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны былі прапанаваны для выканання варыянты трох кантрольных работ. Найбольш актыўныя і старанныя ўдзельнікі школы па выніках выканання гэтых работ былі запрошаны на кафедру хіміі ГДУ імя Францыска Скарыны для ўдзелу ў штогадовай зімовай вочнай сесіі.
У маладога вучонага хапае часу на ўсё: на выкладанне, навуковую дзейнасць і на тое, каб працаваць з будучымі вучонымі, якія пакуль толькі робяць першыя крокі ў цікавай навуцы хіміі.

Наталля ЛУТЧАНКА.