Happy Birthday, Scratch!

- 12:18Адукацыйная прастора

Тыдзень Scratch у Беларусі прайшоў у межах рэалізацыі сумеснага адукацыйнага праекта Міністэрства адукацыі нашай краіны і Парка высокіх тэхналогій “Праграмаванне — другая пісьменнасць”. Мэтай мерапрыемства з’яўляецца развіццё цікавасці і матывацыі навучэнцаў да вывучэння сучасных інфармацыйных тэхналогій, фарміраванне прафарыентацыйнай накіраванасці да атрымання прафесій, звязаных з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне праграмавання ў асяроддзі Scratch вядзецца з 2016 года ў межах факультатыўных заняткаў у 1—6 класах. У цяперашні час на партале scratch.mit.edu зарэгістравана 44,6 тысячы карыстальнікаў з Беларусі.

У гэтым годзе мове праграмавання Scratch, створанай у медыялабараторыі Масачусецкага тэхналагічнага ўніверсітэта (ЗША), споўнілася 13 гадоў. Традыцыйна дзень нараджэння святкуецца ў маі. Сёлета па ініцыятыве каманды распрацоўшчыкаў на чале з прафесарам Мітчалам Рэзнікам Міжнародны Scratch Day было прапанавана правесці ў анлайн-рэжыме.

На працягу тыдня Паркам высокіх тэхналогій быў арганізаваны шэраг анлайн-спаборніцтваў: конкурс “З Днём нараджэння, Scratch!”, батл Scratch-тэсціроўшчыкаў, анлайн-марафон “Дапоўненая рэаль­насць у Scratch” і хакатон Scratch-распрацоўшчыкаў. Умовы ўдзелу і конкурсныя заданні выкладаліся штодня з 11 па 15 мая ў тэлеграм-канале Scratch Day 2020. Акрамя таго, самыя ўважлівыя ўдзельнікі маглі зарабіць у сваю скарбонку дадатковыя балы за правільныя адказы на пытанні віктарын, квестаў і лагічных задач.

Сёлета ў мерапрыемствах тыдня Scratch прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўзросце да 15 гадоў (уключна).

— У першым анлайн-конкурсе юным удзель­нікам трэба было павіншаваць каманду стваральнікаў Scratch. Прыемна атрымаць віншаванне, падрыхтаванае на распрацаванай самімі ж мове праграмавання, — расказваюць арганізатары мерапрыемства. — Што гэта будзе: анімацыйная паштоўка, Scratch-гісторыя, святочная камп’ютарная гульня або іншы віртуальны падарунак — кожнаму ўдзельніку трэба было вызначыць самастойна.

На дзень нараджэння пажаданні могуць быць як жартоўнымі, з гумарам, так і сур’ёзнымі, з глыбокім сэнсам. Словы віншаванняў можна было ўкласці не толькі ў святочную паштоўку. Сёння інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць усё, што душы заўгодна. Напрыклад, навучэнцам можна было выкарыстаць калекцыю фотаздымкаў, якія будуць па чарзе мяняцца і суправаджацца тэкстам віншаванняў. Уключыць энергічную музыку, падабраць фотаздымкі і патрэбныя словы — стварыць такі відэарад зусім не складана. Ці можна было павіншаваць на розных мовах. Калі скласці тэкст віншавання на арыгінальных мовах альбо мовах, якія дзіўна гучаць, — будзе смешна і весела. Можна было нават прыдумаць сваю ўласную мову і зрабіць міні-слоўнік для расшыфроўкі. Імяніннік павінен будзе расшыфраваць паведамленне вучня, каб даведацца яго сэнс.

Большасць людзей у любым узросце любяць загадкі і квесты — інакш яны не былі б такімі папулярнымі. Можна было схаваць віншаванне ў квесце і даць таму, каго віншуюць, прайсці гэты квест. Можна было зрабіць адразу некалькі “сцяжынак”, дзве з якіх будуць ілжывымі. Праўда, неабходна старанна прадумаць інструкцыю віншавальнага квеста. А можна было зладзіць і іншы сюрпрыз — анлайн-падарожжа. Распрацоўшчыкам мовы Scratch будзе цікава паглядзець на тыя краіны і месцы, у якіх яны яшчэ не бывалі, але дзе вывучаюць Scratch.

Навучэнцы паспяхова справіліся з гэтым выпрабаваннем. У анлайн-конкурсе прынялі ўдзел 538 юных скрэтчараў. Па меркаванні журы, самымі цікавымі і крэатыўнымі віншаваннямі сталі праекты вучаніцы 4 класа Дар’і Маскалёвай (Гомель) “SCRATCH, або Прыгоды Рудага кацяняці” і шасцікласніцы Настассі Арцішэўскай (Мінск) “Happy Birthday, Scratch!”.

Сярод уладальнікаў дыпломаў І ступені — другакласнікі Карына Валеўка (Шаркаўшчына), Арцём Глаз (Віцебск), пяцікласнікі Кіра Масюк (Гродна), Аляксей Плешкуноў (Светлагорск), сямікласнік Іван Панкратовіч (Мар’іна Горка).

Лепшыя віншаванні ўдзельнікаў анлайн-конкурсу “З Днём нараджэння, Scratch!” былі перададзены асабіста кіраўніку каманды стваральнікаў Scratch прафесару Мітчалу Рэзніку.

Галоўная падзея другога дня тыдня — анлайн-батл Scratch-тэсціроўшчыкаў. Арганізатары запрасілі юных скрэтчараў з ліку навучэнцаў 1—6 класаў прыняць удзел у анлайн-паядынку па тэсціраванні праектаў, выкананых у асяроддзі праграмавання Scratch (версія 3.0). У батле ўдзельнічалі 411 паляўнічых за “багамі”. Юныя Scratch-тэсціроўшчыкі вярнулі свята Коціку, па­правілі Каралеўства крывых люстэркаў і дапамаглі напісаць камп’ютарную гульню Agario. Сярод пераможцаў батла — другакласнік Арцём Дзягцярык (Івацэвічы), навучэнец 4 класа Мікіта Ерашэвіч (Жлобін), шасцікласнік Аляксандр Нагар (Салігорск).

Наступнае выпрабаванне для юных скрэтчараў — двухдзённы анлайн-марафон “Дапоўненая рэальнасць у Scratch”. Падчас яго ўдзельнікам неабходна было самастойна распрацаваць і даслаць журы свае праекты з элементамі дапоўненай рэальнасці, выкананыя ў асяроддзі праграмавання Scratch (версія 3.0).

Як вядома, дапоўненая рэальнасць — гэта тэхналогія, якая дазваляе бачыць на смартфонах, планшэтах або іншых прыладах рэальны навакольны фізічны свет з дапоўненымі віртуальнымі аб’ектамі. Удзель­нікі анлайн-марафону самастойна выбіралі тэматыку і форму рэалізацыі праекта (камп’ютарная гульня, анімацыя, квест і інш.), але абавязковай умовай з’явілася выкарыстанне функцыі новага пашырэння — распазнаванне відэа (Video Sensing). Яно выкарыстоўвае вэб-камеру ў якасці датчыка для выяўлення руху і колеру і дазваляе юным скрэтчарам ства­раць свой унікальны свет дапоўненай рэальнасці, у якім становіцца магчымым кіраваць спрайтамі і іншымі віртуальнымі аб’ектамі з дапамогай фізічных узаемадзеянняў, выкарыстоўваючы аб’екты, якія рухаюцца, з рэальнага свету ці пэўныя колеры, бачныя праз вэб-камеру.

Для тых, хто з’яўляецца пачаткоўцам і хацеў бы зрабіць свае першыя крокі ў свет дапоўненай рэальнасці, распрацоўшчыкі мовы праграмавання Scratch прапанавалі пакрокавыя вучэбныя праекты “Пагладзь і ажыві ката”, “Пратыкні шарык”, “Бі ў барабан”, гульню “Паберажыся!”, “Гульню ў мяч”, “Пачні прыгоды!”.

У анлайн-марафоне прынялі ўдзел 192 юныя скрэтчары. Абсалютная боль­шасць навучэнцаў выступілі ў ролі стваральнікаў дапоўненай рэальнасці ўпершыню. Самым крэатыўным праектам журы конкурсу выбрала праект “Распалі агонь!” Дзмітрыя Нісцюка з Дзяржынска. Хлопец стаў уладальнікам дыплома І ступені. Пераможцамі гэтага этапу прызнаны таксама трэцякласніца Кацярына Гурман (Ганцавічы), вучні 4 класа Мікіта Ерашэвіч (Жлобін) і Усевалад Ляшкевіч (Высокае), шасцікласнік Ягор Дзяшовых (Мінск), пяцікласнік Іван Панкратовіч (Мар’іна Горка).

У анлайн-хакатоне прынялі ўдзел 206 чалавек. Па меркаванні журы, дыпломаў І ступені ўдастоены другакласнік Максім Кужалькоў (Мінск), пяцікласнік Уладзіслаў Масленка (Гомель), шасцікласнік Міхаіл Чакавый (пасёлак Энергетыкаў).

У дзень нараджэння Scratch юных праграмістаў запрасіла памерацца сіламі Адкрытая міжнародная анлайн-алімпіяда для школьнікаў. У ёй прынялі ўдзел 5203 навучэнцы з Беларусі, Расіі і Украіны. Адказы на 10 пытанняў даслалі 1630 чалавек.

Усяго навучэнцы заваявалі 57 дыпломаў І ступені, 6 дыпломаў ІІ ступені і 21 — ІІІ ступені. Дыпломамі І ступені адзначаны другакласнікі Аляксей Баднарчук (Мінск), Мікіта Барысаў (Орша), Васіліна Бутурля (Іўе), чацвёртакласнікі Аляксей Анішчанка (Ганцавічы), Ксенія Буката (пасёлак Рассвет), Дзяніс Гніліцкі (аграгарадок Ноўка), трэцякласнік Аляксандр Бараноўскі (Магілёў), шасцікласнікі Яўген Блажэвіч (Бабруйск), Максім Круталевіч (Бабруйск), Андрэй Котляр (Гродна), навучэнец 8 класа Павел Бычковіч (Глыбокае), сямікласнікі Стас Дроб (Бабруйск), Лілія Зубрыцкая (аграгарадок Ламашы) і інш.

У межах тыдня навучэнцам прапаноўваліся пытанні міні-віктарыны “Гэта цікава ведаць”. Віктарына выклікала ціка­васць як у юных скрэтчараў, так і ў іх настаўнікаў і бацькоў. У ёй прынялі ўдзел 513 чалавек з Расіі, Беларусі і Казахстана. Удзельнікам прапаноўвалася адказаць на 5 пытанняў пра цікавыя факты мовы праграмавання Scratch.

Найбольшыя цяжкасці ва ўдзельнікаў выклікала пытанне “Колькі версій Scratch выйшла за ўвесь час і якія ў іх былі нумары?” (8 версій). Таксама многія ўдзельнікі не змаглі знайсці правільны адказ, што ў цяперашні час у свеце самая вялікая група карыстальнікаў Scratch ва ўзросце 12 гадоў. Іх сёння крыху больш за 5 млн чалавек, пра што сведчаць афіцыйныя звесткі на партале scratch.mi.edu ў раздзеле “Статыстыка” https://scratch.mit.edu/statistics. Па выніках анлайн-віктарыны, 108 чалавек не адказалі правільна ні на адно з пытанняў, 38 чалавек дапусцілі ўсяго адну памылку і толькі 7 чалавек (4 юныя скрэтчары + 3 настаўнікі) змаглі правільна адказаць на ўсе пытанні і набралі максімальныя 8 балаў.

Абсалютнымі пераможцамі віктарыны сталі вучань 2 класа гімназіі № 1 Віцебска Канстанцін Гласко, шасцікласнікі сярэдняй школы № 1 Лёзна Артур Грачоў, Арцём Лабусаў, чацвёртакласнік Высокаўскай сярэдняй школы Усевалад Ляшкевіч, а таксама педагогі: настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 69 Мінска Дзіна Уладзіміраўна Малашка, настаўніца інфарматыкі гімназіі № 4 Віцебска Алёна Аляксееўна Аўсянка і педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей “Расток” Святлана Аляксееў­на Цітова (Электрасталь, Расія).

Акрамя дыпломаў, пераможцы атры­маюць наборы стыкераў “Вясёлыя спрайты”, а настаўнікі — рабочыя сшыткі юных скрэтчараў.

У межах тыдня Scratch у Беларусі быў арганізаваны конкурс фотаздымкаў. Акрамя таго, другакласнікі магілёўскай сярэдняй школы № 40 паспрабавалі сябе ў якасці аператараў дронаў. Паветраную прастору прадаставіла школа. Для палётаў навучэнцы выкарыстоўвалі мініяцюрны робат, прызначаны для палётаў у памяшканні. Каб падключыць дрон да Scratch, выкарыстоўваліся афлайнавы рэдактар Scratch 2 і праграма Node.js. У якасці лятальнага апарата была выбрана мадэль дрона DJI Tello EDU, якая праграмуецца на 4 мовах: Scratch, Python, Swift, Javascript.

Такім чынам, тыдзень Scratch у Беларусі прыцягнуў увагу юных праграмістаў і іх педагогаў з усёй краіны, дазволіў прадэманстраваць свае веды і навыкі, прынёс шмат незабыўных эмоцый і ўражанняў. Сярод актыўных удзельнікаў тыдня — Дзмітрый Беліцкі (Ру­дзенск), Цімафей Бабкоў (Магілёў), Дар’я Бакавец (Лельчыцы), Раман Волкаў (Воранава). Лізавета Гурман (Ганцавічы), Усевалад Ляшкевіч (Высокае), Вікторыя Раманоўская (Шчомысліца). Яны атрымаюць электронныя дыпломы і сертыфікаты,

— Прафесія праграміста — гэта рамяство, у якім майстэрства набіраецца гадамі напружанай працы. Гэта як у спорце. Мы ўсе ведаем, як бегаць, але не ўсе становімся спартсменамі. І тым больш чэмпіёнамі, — лічаць арганізатары тыдня. — Шлях да медаля чэмпіянату ляжыць праз цяжкую штодзённую працу. Перш чым атры­маць медаль, ты прабягаеш тысячы кіламетраў на трэніроўках. Так і з праграмаваннем. Калі ты хочаш стаць добрым праграмістам, мала ведаць тэорыю, трэба кожны дзень практыкавацца. Таму пры падліку агульнага рэйтынга ў першую чаргу браліся вынікі мерапрыемства, дзе ўдзельнікі дэманстравалі свае практычныя навыкі. У конкурсе “З Днём нараджэння, Scratch!”, батле Scratch-тэсціроўшчыкаў, марафоне “Дапоўненая рэальнасць у Scratch” і хакатоне Scratch-праграмістаў можна было праявіць тыя рысы, якія характэрны для сапраўднага праграміста: веданне прадметнай галіны, уважлівасць, крэатыўнасць і імкненне да вывучэння новага.

Па рашэнні журы, удзельнікам конкурсных мерапрыемстваў Scratch Day 2020, якія набралі ў агульным заліку больш за 60 балаў, прысвоена ганаровае званне Senior Scratcher. Яго ўладальнікамі сталі Мікіта Ерашэвіч — 67,64 бала (Жлобін), Усевалад Ляшкевіч — 66,64 бала (Высокае), Лізавета Гурман — 66,64 бала (Ганцавічы), Андрэй Кузьмін — 63,64 бала (Барань), Артур Яфімчыкаў — 62,91 бала (Свіслач), Ягор Дзяшовых — 62,29 бала (Мінск).

Віншуем чэмпіёнаў!

Тыдзень завяршыўся, аднак яго арганізатары ўнеслі прапанову не “замарож­ваць” тэлеграм-канал да Scratch Day 2021, а працягваць яго развіваць — напаўняць цікавай, карыснай і практыка-арыентаванай інфармацыяй па школьным праграмаванні і не толькі (парадамі вопытных выкладчыкаў, прыкладамі цікавых праектаў, лайфхакамі, цікавымі навінамі і інш.). Думаю, ідэя прыйдзецца па душы як юным скрэтчарам, так і іх педагогам.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з сайта МАІРА.