Характар робіць лёс

За 20 гадоў работы на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Алекшыцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці я засвоіла адну важную ісціну: будаваць адміністрацыйную і выхаваўчую работу трэба па прынцыпе суб’ектнасці ўзаемаадносін на любым узроўні. Я прывыкла бачыць перад сабой не навучэнца, не падначаленага, а перш за ўсё чалавека, асобу: калега гэта ці яршысты падлетак, амбіцыёзны малады спецыяліст ці патрабавальны бацька, пасталелы выпускнік або правяральшчык. Я пабачыла шмат школьных гісторый, прасачыла не адзін дзіцячы і настаўніцкі лёс, суперажыла і асабістыя драмы, і яркія ўзлёты… У памяці сабраны і захаваны небывалы багаж жыццёвых мініяцюр і непрыдуманых школьных гісторый, вартых пяра. Магчыма, калісьці да гэтага дойдуць рукі. А пакуль першая гісторыя пра людзей, аб якіх маўчаць не магу, да якіх у мяне адчуваю пачуццё сапраўднай павагі, шчырай удзячнасці і нават пакланення.

…Жыццё — незвычайная і непрадказальная штука, напоўненая радасцю і расчараваннем, шчасцем і болем, упэўненасцю і сумненнямі. Азіраючыся на свой няпросты жыццёвы шлях, Святлана Іосіфаўна Гражынская, наша прыёмная мама, часта задумваецца: а калі пачаць усё спачатку? Напэўна, яна паўтарыла б усё ў падрабязнасцях і дробязях. Чаму? Таму што цвёрда ўпэўнена: у жыцці ёсць дзеля чаго жыць!
Асаблівасць вясковага жыцця такая, што ў вёсцы ўсе ва ўсіх на вачах. Таму ў Алекшыцах добра ведаюць сям’ю Андрэя Ігнацьевіча і Святланы Іосіфаўны Гражынскіх. Гэта выдатныя людзі, якія жывуць у згодзе з навакольным светам і сумленнем. Гэта звычайныя вясковыя працаўнікі, якія свой матэрыяльны дастатак куюць па крупінках цяжкай вясковай працы. Гэта таленавітыя самадзейныя артысты, якія ўмеюць радавацца і дарыць радасць іншым. А яшчэ гэта Бацькі!
Святлана Іосіфаўна з гордасцю гаворыць пра сваіх дзяцей. Чатыры дачкі! Чатыры працаўніцы! Чатыры прыгажуні! Бацькі выхоўвалі іх у любові і строгасці адначасова. І, паверце, ніколі не чырванелі. У нашай школе іх заўсёды ўспамінаюць з пачуццём гордасці і словамі шчырай падзякі. Тры дачкі выбралі педагагічны шлях. Старэйшая, Наташа, — педагог-псіхолаг брэсцкага ліцэя. Каця — настаўніца геаграфіі гродзенскай школы. Насця — настаўніца пачатковых класаў абласнога цэнтра. Малодшая Аня — прадавец у родным аграгарадку. Нялёгка паставіць на ногі і адправіць у жыццё чацвёра дзяцей. Надыходзіць час, і дзеці, сур’ёзныя, пасталелыя, са сваімі планамі, разлятаюцца, самастойна накіроўваюцца кожны па сваім шляху. Няхай будзе ён светлым і шчаслівым!
А што засталося? Засталося мора нерастрачанай бацькоўскай любові, жаданне пастаяннай дзейнасці на карысць, сямейнае ўзаемаразуменне і падтрымка. Святлана Іосіфаўна і Андрэй Ігнацьевіч заўсёды жылі па прынцыпе “любіць, а не шукаць любові”. А гэта ўжо характар! А характар робіць лёс! І вось у лёсе гэтых цудоўных людзей рэзка адбыліся надзвычайныя змены.
…Чаму яны ўзялі ў сям’ю прыёмных дзяцей? Ды яшчэ і чацвярых? Цяжка растлумачыць простымі словамі. Але Святлана Іосіфаўна гэта адчула нейкім унутраным чуццём, напэўна, спрацаваў той жа характар. Муж… Ці мог Андрэй Ігнацьевіч быць супраць, калі сам з 3 гадоў выхоўваўся ў дзіцячым доме, потым у інтэрнаце? Ах, як добра знаёмы яму статус кінутага! Старэйшыя дочкі… У іх разуменні і падтрымцы бацькі, шчыра кажучы, і не сумняваліся.
Так у сям’і Гражынскіх з’явілася яшчэ чацвёра дзяцей. Прыняць у сям’ю чужых дзяцей — крок адказны і вельмі цяжкі. Былі роздумы. Былі сумненні. Было людское неразуменне і зласлоўе. Але ўзяў верх, хутчэй за ўсё, той жа характар, жаданне дапамагчы дзеткам, якія сталі непатрэбнымі ў сваёй роднай сям’і, адчуць дамашнюю цеплыню. З 2011 года дзеці ў новай сям’і: сур’ёзны Алег, ласкавы Максім, задуменны Дзімка, свавольная Карынка. З 2012 года сям’я носіць статус прыёмнай. І, паверце, яна шчаслівая!
Шчаслівыя бацькі заўсёды рады бачыць у сваім доме гасцей! Яны стараюцца, каб гэта быў не проста будынак, асабняк, выдзелены ім СВК “Алекшыцы”, а асаблівы свет, дзе ўсім цёпла, утульна і камфортна. Прыёмныя дзеці маюць усё неабходнае, каб адчуваць сябе абароненымі і патрэбнымі: зручнае адзенне, школьныя і бытавыя прылады, цацкі, месца для сну, куток для заняткаў, прастору для гульняў. Гэта іх добры свет! Гэта іх тэрыторыя, дзе яны гаспадары, якія сочаць тут за чысцінёй і парадкам, займаюцца любімымі справамі. Алег — першы памочнік у мужчынскіх справах. Максім заўсёды прапаноўвае дапамогу і ніколі не адмаўляецца ад яе. Дзіма так захоплены маляваннем, што можа займацца гэтым безупынна. Маленькая Карына ўжо ведае, як ляпіць пельмені і пячы пірагі. У сям’і Гражынскіх ужо свая гісторыя, якая з любоўю захавана ў дамашнім кутку-галерэі. Дзеці і дарослыя вераць, што сямейная экспазіцыя будзе папаўняцца.
Святлана Іосіфаўна і Андрэй Ігнацьевіч упэўнены, што ёсць нямала рэчаў, якім дзіця можа навучыцца толькі ў мужчыны. Для траіх хлопчыкаў вельмі важна іх падабенства з татам, таму ўжо відаць, як яны капіруюць сапраўдны мужчынскі ўзор паводзін, як набываюць, беручы прыклад з аўтарытэтнага дарослага, простыя гаспадарчыя навыкі, калі рамантуюць веласіпед, закручваюць гайкі, забіваюць цвікі, прыбіраюць у двары або гаражы.
Самым утульным месцам у доме лічыцца кухня, дзе ўсе збіраюцца за круглым сталом. Што тут сям’я робіць? Ды не толькі абедае, п’е чай, але, што намнога важней, размаўляе, абменьваецца думкамі. Бацькі лічаць, што менавіта такая цёплая дамашняя атмасфера схіляе дзіця да таго, каб яно раскрылася, расказала пра тое, што думае, памарыла, параілася. Дарослыя сціпла адзначаюць, што пра вынікі выхавання гаварыць пакуль рана, але тое, што дзеці адтаялі, адагрэліся, сталі больш адкрытымі і ўпэўненымі, навучыліся многім хатнім і сямейным навыкам, — гэта ўжо відавочна.
Асаблівае значэнне для прыёмных дзяцей мае школа і дзіцячы сад, дзе яны праводзяць шмат часу. Прыемна, што ў школе, у садзе дзеці адразу сталі сваімі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у жыцці навучальнай установы, маюць шмат сяброў, заўсёды адкрытыя да зносін, лёгка ідуць на кантакт з педагогамі. Алег любіць займацца спортам і мае ўзнагароды па вольнай барацьбе. Максіму вельмі падабаецца ствараць вырабы сваімі рукамі, асабліва з класным кіраўніком Верай Станіславаўнай Арлоўскай і школьнымі сябрамі. Дзіма лічыцца маленькім філосафам, які перадае свае думкі праз малюнак. А ў дзіцячым садзе пастаянна адзначаюць адкрытасць вельмі энергічнай і непаседлівай Карыны. Педагогі сада і школы заўсёды рады аказаць гэтай сям’і кваліфікаваную псіхолага-педагагічную дапамогу.
Жыццё ідзе сваім парадкам… Баліць душа ў Святланы Іосіфаўны і Андрэя Ігнацьевіча за кожнае роднае, хаця ўжо і дарослае дзіця… Растуць іх прыёмныя дзеці, якія ўжо даўно сталі роднымі. І так хочацца верыць, што вырастуць яны здаровымі і паважанымі людзьмі, што змогуць вызначыцца ў будучыні, што жыць будуць па законах любові і дабра, што ім будзе падрыхтавана добрая доля.
І найвышэйшага шчасця бацькам не трэба! Толькі б бачыць, як злятаюцца з усіх бакоў дзеці ў родны дом (кроўныя яны або прыёмныя — не важна). Як умацаваліся яны ў гэтым свеце, упэўнена сталі на ногі! Як блішчаць іх вочы надзеяй і ўдзячнасцю! А ў душы назаўсёды пасялілася думка: выбар у жыцці зроблены правільна.

Святлана КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *