Харавая творчасць: ад вопыту да перспектыў

Сустрэчы, майстар-класы, семінары, круглыя сталы — усё гэта эфектыўныя спосабы абмену вопытам. Адзін з такіх спосабаў выбралі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і арганізавалі майстар-клас пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”. Вопыт, вопыт і яшчэ пяць разоў вопыт (па колькасці выступленняў) — тое, што чакала ўдзельнікаў сустрэчы.

Здаецца, што можна паспець за адзін дзень? А некаторыя і экспертаў розных паслухаюць, і сваё меркаванне выка­жуць, і вернуцца ў звычайнае жыццё з багажом новых ведаў. Майстар-клас пачала Таццяна Барташук, кіраўнік узорнага хору “Сябрына” гімназіі № 4 Мінска. Сёлета калектыву споўнілася 15 гадоў. Таццяна Эдуардаўна стала ініцыятарам яго стварэння, як толькі прыйшла працаваць у гімназію. Першымі ўдзельнікамі хору былі вучні 1 і 2 класаў. Зараз склад рознабаковы: хор налічвае 30 чалавек 5—11 класаў. У 2013-м ён атрымаў званне ўзорнага, а ў 2017-м змог яго пацвердзіць. Рэпертуар хору рознапланавы: удзельнікі выконваюць і акадэмічную музыку, і рамантычную, і класічную, і барока, і сучасную, і, канечне, народную, таму што гімназія № 4 — беларускамоўная. Хор цалкам падтрымлівае такую лінію выхавання.

— За апошнія 5 гадоў мы далі больш за 85 канцэртаў, — расказвае Таццяна Барташук. — Выязджалі на гастролі ў Літву, Латвію, Польшчу, Балгарыю, Расію. Даём сольныя канцэрты. Першы адбыўся ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі ў 2010 годзе. Актыўна ўдзельнічаем у канцэртах Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускай асацыяцыі харавых дырыжораў, у творчых вечарах кампазітараў.

Таццяна Барташук пабудавала сваю работу на майстар-класе такім чынам, што яе словы змяняліся музыкай. Гэта не давала нікому засумаваць, трымала ўвагу і з розных бакоў дэманстравала дзейнасць хору. Слухачы пачулі і папуры беларускіх песень і танцаў (“Касіў Ясь канюшыну”, “Купалінка”, лявоніха, мікіта і інш.), і сучасную рускую музыку, і нават новазеландскую. Калі тры шэрагі харыстаў пачалі спя­ваць, было пачуццё, быццам спрацаваў нейкі механізм тэлепартацыі. Ты або пераносіўся ў касцёл/царкву, дзе станавілася так спакойна, дзе гук нібыта ахутваў цябе коўдрай, або апынаўся ў свеце фантастыкі, дзе Гары Потэр ляціць павітацца з Герміёнай і Ронам, дзе Люсі ўпершыню знаёміцца з фаўнам Тумнусам. У такія моманты ў галаве праносяцца думкі: “А чаму я раней гэтага не слухала?”

— Каб хтосьці дайшоў у канцэртныя залы і пачуў нашу з вамі музыку, — падхоплівае мае думкі Таццяна Эдуардаўна, — мы павінны яе выконваць і выхоўваць тым самым нашага слухача (бацькоў, гасцей, якія ходзяць на нашы выступленні), каб яны ведалі, што ёсць такая цікавая музыка, вартая ўвагі.

Лішні раз нагадаць, што сучасныя тэхналогіі знішчаюць адлегласці і адкрываюць новыя магчымасці, вырашыла Юлія Дударава, кіраўнік харавога калектыву “Рэха” Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Асабіста педагог на сустрэчы не прысутнічала, але пакінула цудоўны майстар-клас на відэа. Яна акцэнтавала ўвагу на практыкаваннях, якія бу­дуць карысныя дзецям падчас размінкі і трэніроўкі голасу. У пачатку заняткаў Юлія Юр’еўна раіла зрабіць павароты галавы ўправа і ўлева, потым набок, паляскаць па ўсім целе. Далей можна трэніраваць дыханне: на чатыры шчаўчкі рабіць удых, на чатыры — выдых (шчаўчкі павялічваюцца да 12); крочыць на месцы, павялічваць хуткасць і дадаваць гук; уявіць, што ў руках лук, нацягваць цеціву і выпускаць, пры гэтым таксама не забыць пра гук.

У сваю творчую майстэрню паклікала і Вольга Фальковіч, кіраўнік узорнага вакальна-харавога калектыву “Дзвіна” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.

— Наш калектыў — гэта тыя вучні, якія ў свой час не паступілі ў музычную школу, не трапілі ў нейкія студыі. Нам усім знаёмы дзеці, якія прыходзяць у хор з такімі словамі: “Я вельмі хачу спяваць, але баюся”. Нам з вамі даводзіцца працаваць, каб разбудзіць іх унутраную свабодную творчую асобу. Таму літаральна з першых дзён работы я зразумела, што я яшчэ і псіхатэрапеўт.

Так, майстар-клас Вольгі Аляксандраўны сапраўды нагадваў псіхалагічны трэнінг. Але чаму не? У творчасці трэба развівацца ўсебакова. У першую чаргу педагог вучыла прысутных, як разняволіцца падчас выступленняў, у класе і г.д. Вось некаторыя з тых практыкаванняў, якія дапамогуць зняць напружанне.

1. Трэба ўстаць, паставіць ногі на шырыні плеч, рукі апушчаны і сціснуты ў кулакі. Лічыць да 5 і адпраўляць у кулакі ўвесь негатыў, што сабраўся ў галаве, сэрцы і душы. На “пяць” усё кінуць у падлогу. Паўтарыць мінімум 3 разы.

2. Стойка тая ж, рукі падняць уверх і ўявіць, што апранаеш на галаву карону. Зрабіць 3 разы.

3. Сесці так, каб спіна прыклеілася да крэсла, паставіць перад сабой далоні на адлегласці 20 см (унутраныя бакі глядзяць адзін на аднаго), заплюшчыць вочы. Уявіць, што ад далоні левай рукі да далоні правай цягнуцца бліскучыя ніткі, яны нібы гумовыя, прыцягваюць далоні адна да адной. Вы ім не дапамагаеце, а спакойна дыхаеце. Далоні прыцягваюцца ўсё бліжэй, і калі яны сустрэнуцца, вы адчуеце цяпло, якое разліваецца па кісцях рук, па перадплеччах, потым па ўсім целе.

За праблемамі са скаванасцю цягнуцца і іншыя. Напрыклад, апушчаная верхняя губа. Менавіта яна становіцца адной з прычын невыразнага гуку. Нават добрая дыкцыя ў такім выпадку не дапамагае. Для трэніроўкі мышцаў гэтай “сумнай” верхняй губы Вольга Фальковіч прапаноўвае наступнае практыкаванне:

— Вазьміце частку ручкі ці алоўка ў рот, зацісніце паміж зубамі і прагаварыце 3 разы скорагаворку “Торопышка был голодный, проглотил утюг холодный”. Адчуваеце? Актывізаваліся тыя мышцы, што раней не працавалі.

Практыка не можа абысціся без тэорыі, таму на майстар-класе было асветлена некалькі важных тэм. Вольга Аляксееўна Кляцова, загадчык метадычнага кабінета Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, расказала пра распрацоўку і рэалізацыю праграм аб’яднанняў па інтарэсах. Колькасць праграм, дарэчы, невялікая. Таму варта рыхтавацца да таго, што кіраўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі можа патрабаваць стварыць праграмы рознага ўзроўню.

Вольга Аляксееўна звярнула ўвагу на моманты, якія трэба ўлічваць пры іх напісанні, і на асноўныя памылкі. Па-першае, мэта праграмы з павышаным узроўнем — паглыбіць і пашырыць веды. Аднак вельмі часта іх змест паўтарае змест праграмы базавага ўзроўню. Па-другое, трэба знайсці месца здароўезберагальным тэхналогіям і методыкам. Часам іх зусім забываюць згадаць. Па-трэцяе, павінны быць адлюстраваны каштоўнасныя арыенціры, расшырэнне агульнага і музычнага кругагляду (наведванне выстаў, музеяў, канцэртаў). Таксама важна, каб унікальнасць тэксту складала не менш за 50%. Дарэчы, педагогам не забараняецца выкарыстоўваць праграмы павышанага ўзроўню калег у сваёй рабоце. “Выкарыстоўваць, а не карыстацца”, — падкрэсліла Вольга Кляцова.

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, як і іншыя рэспублікан­скія цэнтры дадатковай адукацыі, з’яўляецца экспертам па ўзгадненні праграм. Спачатку яны трапляюць туды, пасля адпраўляюцца ў Нацыянальны інстытут адукацыі, а потым у Міністэрства адукацыі.

Член журы Рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”, мастацкі кіраўнік, дырыжор камернага хору Белдзяржфілармоніі Наталля Міхайлава падзялілася міжнародным вопытам су­дзейства. У будучыні ён зможа стаць карысным не толькі для харавых калектываў, якія пла­нуюць удзельнічаць у замежных конкурсах, але і для арганізатараў творчых спаборніцтваў.

— Аднойчы я ацэньвала конкурс у Турцыі. Мне запомнілася некалькі цікавых момантаў. Першае — члены журы абавязаны прагле­дзець усе калектывы падчас рэпетыцыі. Мы прыходзілі, назіралі, рабілі высновы, кагосьці для сябе адзначалі. Другое — члены журы сядзяць адзін ад аднаго на адлегласці метра і не маюць магчымасці абмяркоў­ваць удзель­нікаў. Трэцяе — існуюць асобныя ацэнкі за з’яўленне на сцэне (пунктуаль­насць, выразы твараў, рухі, знешні выгляд).

Наталля Уладзіміраўна дала таксама некалькі парад, якія адзначыла для сябе падчас нацыянальных конкурсаў. Па яе меркаванні, трэба працаваць над унісонам. Не варта выкарыстоўваць у дапамогу голасу скрыпку, а вось цымбалы і гітара будуць толькі на руку. Трэба падбіраць рэпертуар згодна з тэмай конкурсу і не ставіць нумар проста таму, што ён ужо дзесьці “выстраліў”. Хормайстрам Наталля Міхайлава параіла не рабіць надта рэзкіх рухаў рукамі, выкідаў локцямі, бо тады музыка страчвае сваю гармонію і плаўнасць.

Што тычыцца самога агляду-конкурсу “Спяваем разам”, то яго абласныя этапы адбудуцца ў студзені—лютым. У Гродзенскай вобласці — 10 студзеня, у Магілёўскай — 18 лютага, у Гомельскай — 28-га. Ад астатніх абласцей пакуль чакаюць адказу. Рэспубліканскі этап пройдзе 24— 25 сакавіка ў Мінску. 24 сакавіка ўдзельнікаў чакаюць жараб’ёўка, цырымонія адкрыцця і конкурсныя выступленні. 25 сакавіка пераможцы атрымаюць свае ўзнагароды і парадуюць гала-канцэртам, на якім прагу­чаць лепшыя творы ўсіх харавых калектываў. Праграма конкурснага выступлення павінна доўжыцца не больш за 15 мінут. У ёй неабходна прадставіць твор беларускага аўтара і твор без музычнага суправаджэння. На да­дзены момант ёсць дзве абавязковыя песні: “Крылатыя арэлі” (музыка Я.Крылатава, словы Ю.Энціна) і “Дзяцінства” (музыка Ю.Чычыкава, словы М.Пляцкоўскага). Ноты можна знайсці на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Харавыя калектывы ацэнь­ваюцца ў дзвюх узроставых катэгорыях: да 13 гадоў і 14—18 гадоў.

Удзельнікі майстар-класа атрымалі некалькі рэкамендацый, што былі выпрацаваны пасля аналізу памылак мінулага года. У склад хору павінна ўваходзіць не больш за 25 чалавек. Фальклорныя калектывы (ансамблі, музычныя гурты) да ўдзелу не прымаюцца. Колькасць дзяцей, якія старэйшыя за ўзроставую катэгорыю, не можа перавышаць 5% ад усіх удзельнікаў хору. Прысутных таксама папрасілі звярнуць увагу на правільнае і дакладнае запаўненне заявы.


Харавыя спевы — гэта не толькі класічныя выступленні ў класічным адзенні з класічным рэпертуарам. Гэта, як вы зразумелі, музыка розных часоў і розных народаў, музыка гіпнозу і музыка тэлепартацыі. Упэўніцца ў гэтым можна будзе 25 сакавіка.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і аўтара.