Харчаванне — гэта актуальна

З мэтай фарміравання ў бацькоў патрэбы правільнага харчавання як аднаго са складнікаў здаровага ладу жыцця, які спрыяе захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей, а таксама для прыцягнення да супрацоўніцтва ў нашай дашкольнай установе адбыўся сход для бацькоў на тэму “Арганізацыя здаровага харчавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”.

У пачатку мерапрыемства дзеці сустракалі бацькоў з памяткамі і буклетамі аб здаровым харчаванні. Пазнаёмілі з падборам прадуктаў для збалансаванага харчавання. Тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Мар’янаўна Малочка падрабязна расказала бацькам аб арганізацыі харчавання дзяцей у дашкольных установах. У адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі тэхнолагі аддзела адукацыі, адміністрацыя ўстановы пастаянна сочыць за правільным харчаваннем дзяцей.

Таксама на сходзе было закранута пытанне аб арганізацыі харчавання дзіцяці ў сям’і. Трэба імкнуцца да таго, каб харчаванне дома дапаўняла рацыён у дашкольнай установе. З гэтай мэтай у дзіцячым садзе штодня вывешваецца меню.

Увагу бацькоў звярнулі і на вірусныя інфекцыі, інфекцыйныя захворванні. Пра гэта расказала эпідэміёлаг раённай санстанцыі Вольга Уладзіміраўна Юркевіч. Урач засяродзіла ўвагу бацькоў на абавязковым выкананні асабістай гігіены, апрацоўцы прадуктаў у хатніх умовах і г.д.

У заключнай частцы агульнага сходу бацькам быў прапанаваны міні-трэнінг “Еш малыш!”, падчас якога педагог-псіхолаг дапамог знайсці адказы на хвалюючыя пытанні: “Ці трэба пытацца ў дзіцяці, што прыгатаваць, напрыклад, на снеданне?” і “Што рабіць, калі дзіця дрэнна і павольна есць?”

Сваімі водгукамі і прапановамі ўсе змаглі падзяліцца, запоўніўшы экспрэс-анкеты.

Алена ВАСІЛЬЧЫК,
загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.