Харчуемся правільна дзеля добрага зроку!

На Брэстчыне з’явілася новая сацыяльная рэклама па прафілактыцы парушэнняў зроку. Кампанія па яе размяшчэнні стартавала ў Брэсце, Баранавічах, Кобрыне, Ганцавічах і Пружанах з пачаткам новага этапу дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі Velcom “Я вижу!”. Мэта праекта, які рэалізоўваецца пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, — дыягностыка зроку сельскіх дзяцей. Сёлета ў рамках праекта было абследавана ўжо больш за 5 тысяч школьнікаў.

Мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў пачалі працаваць на Жабінкаўшчыне, пасля якой эстафету прымуць Пружаншчына, Брэст і Баранавічы. Спецыяльна да пачатку новага навучальнага года і другога этапу праекта “Я вижу!” арганізатары запусцілі сацыяльную інфармацыйную кампанію ў Мінску і гарадах Брэстчыны.

Новую сацыяльную рэкламу, выкананую ў дзвюх серыях, можна ўбачыць на білбордах і сіцілайтах населеных пунктаў. “Я ўсё бачу, бо харчуюся правільна!” — гэта яркія постары, якія расказваюць гараджанам пра ўзаемасувязь правільнага харчавання і добрага зроку. На іх не проста дэманструюцца прадукты, што павінны прысутнічаць у рацыёне кожнага чалавека. Плакаты дапамагаюць скласці з іх смачныя і максімальна карысныя спалучэнні і сфарміраваць меню такім чынам, каб усе неабходныя для здароўя вачэй мікраэлементы і вітаміны засвойваліся найбольш поўна. Серыя “Знайдзі ўсе пары вачэй!” — гэта адначасова і гульня на ўважлівасць, і нескладаная гімнастыка для вачэй.

— “Я вижу!” — гэта асаблівы дабрачынны праект, які наша кампанія падтрымлівае ўжо трэці год, — расказаў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Мікалай Брэдзелеў. — Колькасць сельскіх дзяцей, якія атрымалі за гэты час афтальмалагічную дапамогу, набліжаецца да 30 тысяч. І мы не плануем збаўляць абароты. З дапамогай сацыяльнай рэкламнай кампаніі мы нагадваем, наколькі важна адносіцца да свайго зроку беражліва, своечасова праходзіць агляды і клапаціцца пра здароўе вачэй. Дзякуючы гульнявым постарам, яшчэ больш дзяцей даведаецца пра простую зарадку, якую можна выконваць нават па дарозе ў школу ці дзіцячы сад. У Брэсце, Баранавічах, Кобрыне, Ганцавічах і Пружанах з’явяцца 13 білбордаў і 7 сіцілайтаў.

— Праект “Я вижу” робіць дыягнастычную дапамогу ўрачоў-афтальмолагаў больш даступнай для сельскіх дзяцей, паколькі спецыялісты прыязджаюць непасрэдна ў населеныя пункты, дзе тыя жывуць і вучацца, — адзначыў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан. — Урачы мабільных брыгад абследуюць дзяцей, прызначаюць лячэнне і выпісваюць пры неабходнасці акуляры. Адным з важных складнікаў праекта з’яўляецца асветніцкая работа па прафілактыцы парушэнняў зроку. Дарослыя і дзеці павінны разумець, што некаторыя захворванні органаў зроку можна не дапусціць, выконваючы нескладаныя правілы харчавання і рэгулярную зарадку для вачэй. Менавіта гэтаму прысвечана сацыяльная рэклама ў гарадах Брэстчыны.

За сёлетнюю вясну выязныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў абследавалі 5835 вучняў з 66 сярэдніх школ Маларыцкага, Камянецкага і Кобрынскага раёнаў. У 2373 дзяцей былі выяўлены паталогіі зроку, 665 мелі патрэбу ў акулярнай карэкцыі, 16 былі накіраваны на лячэнне ў стацыянар, 60 атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.