Харэаграфія як жыццё

Святлана Аляксандраўна Старавойтава — настаўніца харэаграфіі сярэдняй школы № 219 Мінска. Яе педагагічнае крэда — рэгулярна папаўняць і ўдасканальваць свае веды, адпавядаць часу, у якім жывеш, у сваёй прафесійнай дзейнасці развіваць асобу кожнага вучня і разам з дзецьмі развівацца самой.

“Мне заўсёды хацелася танцаваць, я марыла пра гэта з дзяцінства. Пасля, калі мая мара ажыццявілася, вырашыла вучыць мастацтву танца іншых. Мне хацелася адкрыць свет танца дзецям, улюбіць іх у тое, што ўжо так даўно люблю сама, у тое, у што ўклала столькі працы і цярпення, навучыць іх адчуваць музыку, суперажываць з ёй і перадаваць усё гэта ў руху”, — расказвае пра сябе Святлана Аляксандраўна.

У 9 гадоў мама адвяла яе на прагляд у Дзіцячую харэаграфічную школу № 1 Мінска, у якой дзяўчынка правучылася 8 гадоў. Трэба сказаць, што гэта добрая школа з традыцыямі і матывацыяй, там Святлана спасцігла асновы танцавальнага мастацтва, улюбілася ў танцы.

Па словах педагога, у гэтай школе створана шмат­ у­зроўневая сістэма дыферэнцыраванага навучання. Там дзеці вывучаюць класічны, гістарычна-бытавы, сучасны, бальны танец і інш. Па заканчэнні школы будучая настаўніца харэаграфіі атрымала пасведчанне ўстаноўленага ўзору Міністэрства культуры Беларусі і рэкамендацыі для працягу навучання ў вышэйшай навучальнай установе.

 У 2001 годзе Святлана Аляксандраўна паступіла і ў 2006-м скончыла БДУКМ па спецыяльнасці “Народна-сцэнічны танец”. Пасля заканчэння ўніверсітэта яна вырашыла прысвяціць сябе выкладчыцкай дзейнасці і ўжо больш за 15 гадоў працуе ў школе настаўнікам-харэографам (у 2019 годзе атры­мала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю).

Святлана пераканана, што прафесія настаўніка — адна з самых галоўных. Прыгадайце, хто сустракаў вас у пачатку вашага жыццёвага шляху, вучыў асновам не толькі свайго прадмета, але і самога жыцця. Быць прафесіяналам — значыць быць здольным на нешта большае, чым проста пры­ходзіць на працу, каб рабіць сваю справу. На думку педагога, настаўнік павінен быць у меру строгім, але вельмі справядлівым, у яго не павінна быць любімчыкаў. Ён павінен быць чалавекам, які разумее, дапамагае ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

“У працэсе працоўнай дзейнасці мы з дзецьмі стварылі свой харэаграфічны калектыў “Вясёлка”, які існуе ўжо больш за 6 гадоў. Гэта таксама прадукт сумеснай творчай дзейнасці, які дае якасны вынік — свядомыя матываваныя адносіны навучэнцаў да заняткаў харэаграфіяй. Наш калектыў складаецца з навучэнцаў розных узроставых груп, да кожнага дзіцяці патрэбен свой падыход. Я стараюся ўцягваць кожнага вучня ў творчы працэс на аснове яго жывога інтарэсу, асабістага жадання рэалізоўваць свае індывідуальныя здольнасці ў харэаграфіі з дапамогай класічных канонаў навучання танцу, уяўлення і вобразнага мыслення, каб усё, што робіць выхаванец, падабалася перш за ўсё яму самому. Тут, у дзіцячых групах, пануюць увага, весялосць і рашучасць. Дзеці вучацца пераадольваць страх няўпэўненасці, развіваюць артыстызм, у іх нараджаецца першае прадчуванне перамогі. Мы разам з навучэнцамі вучымся адно ў аднаго”, — дзеліцца сваімі думкамі Святлана Аляксандраўна.

У 2019 годзе настаўніца прыняла ўдзел у гарадскім конкурсе на прэмію Мінгарвыканкама, дзе паспяхова абараніла сваю работу па тэме “Партэрная гімнастыка як сродак развіцця і ўдасканалення прыродных фізічных даных навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту на факультатыўных занятках харэаграфічнай накіраванасці”. Работа была адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

Пра сваю работу Святлана Аляксандраўна гаворыць так: “Я падзялілася сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, якія апрабавала і паспяхова прымяняю на занятках з навучэнцамі. Актуальнасць маёй работы заключаецца ў неабходнасці прыцягнення навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту да заняткаў харэаграфіяй, бо адным з фактараў рызыкі для здароўя вучняў з’яўляецца нізкая рухальная актыўнасць.

Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій дало вынікі ў маёй педагагічнай дзейнасці: партэрная гімнастыка аказвае эфектыўны і выніковы ўплыў на здароўе дзіцяці. Комплекс практыкаванняў, які выконваецца на факультатыўных занятках па харэаграфіі, фарміруе паставу, апорна-рухальны апарат, развівае органы дыхання і спрыяе развіццю рухальных якасцей. Калектыўныя заняткі партэрнай гімнастыкай прыводзяць да здаровага псіхаэмацыянальнага стану, пры якім павышаецца ўвага, кемлівасць, арыенціроўка ў прасторы на фоне развіцця музычных якасцей. Усё гэта, несумненна, спрыяе не толькі раскрыццю навучэнцаў на сцэне, калектывізму, прыязнасці, пашырэнню эстэтычнага кругагляду і ўзаемаразуменню паміж усімі суб’ектамі адносін, але і выхаванню здаровай і творчай асобы навучэнца. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць практыкаванням на ўзгадненне рухаў з музыкай. Добрае музычнае суправаджэнне дапаможа не толькі развіць у вучняў пачуццё рытму, слых, але і выхаваць мастацкі густ. З падборам музычнага суправаджэння на занятках выдатна спраўляецца педагог-канцэртмайстар Вольга Леанідаўна Слівінская — настаўнік вышэйшай катэгорыі і кіраўнік метадычнага аб’яднання харэаграфічнай накіраванасці. У такім сяброўскім тандэме мы імкнёмся наву­чыць дзяцей рухацца натуральна, нязмушана, фантазіраваць і творча адказваць на музыку, абуджаючы любоў і імкненне да самастойнага руху”.

 У харэаграфічны калектыў “Вясёлка” прыходзяць навучэнцы з рознымі фізічнымі данымі. Практыкаванні партэрнай гімнастыкі выдатна развіваюць мышцы, гарманічна фарміруюць мышачную масу, выпрацоўваюць дакладнасць каардынацыі. Пры гэтым пастаўленая мэта дасягаецца без асаблівай нагрузкі на пазваночнік, без напружання ўсяго цела, бо усе практыкаванні выконваюцца лежачы на спіне, затым на жываце. Асноўнай мэтай харэаграфічных заняткаў з’яўляецца тое, каб паступова прывесці арганізм навучэнца да такіх змен, якія робяць яго здольным да значных фізічных нагрузак.

У рэпертуары калектыву “Вясёлка” больш за 30 канцэртных нумароў: танцавальныя кампазіцыі нашай краіны, танцы народаў свету, харэаграфічныя мініяцюры, вобразна-гульнявыя дзіцячыя танцы, эстрадныя і сучасныя танцы, стылізацыя народна-сцэнічнага танца, харэаграфічныя пастаноўкі на аснове класічнага танца. Калектыў штогод працуе над новымі танцавальнымі пастаноўкамі. Яго жыццё квітнее, пашырае свае межы і рэпертуар ансамбля.

Удзельнікі ансамбля паспяхова спраўляюцца з танцавальнымі нумарамі, якія грунтуюцца на прынцыпе вывучэння і захавання ўзораў народнай і класічнай спадчыны. Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, з’яўляючыся яркім упрыгажэннем разнастайных мерапрыемстваў.

Танцавальны калектыў ніколі не стане сапраўдным паўнавартасным ансамблем без удзелу і праверкі сваіх здольнасцей у конкурсах і фестывалях. Пацвярджэннем высокага ўзроўню харэаграфічнай падрыхтоўкі ансамбля “Вясёлка” з’яўляюцца дыпломы лаўрэатаў раённых, гарадскіх і міжнародных конкурсаў. За час існавання калектыву немалая колькасць дзяцей прайшла ў ім сваё станаўленне, і ўсе яны любяць калектыў, у якім навучыліся адчуваць музыку, танец, працаваць і цаніць сяброўства.

Ансамбль “Вясёлка” — гэта садружнасць дзяцей, бацькоў і педагогаў. Дзякуючы вернасці і адданасці сваёй справе харэографа і ўсяго калектыву навучэнцаў, творчае жыццё ансамбля працягваецца і ўвасабляецца ў новых харэаграфічных пастаноўках.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.