Хацелі як лепш…

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

А атрымалася як заўсёды. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, магчыма, і не ведае гэтага крылатага выразу Віктара Чарнамырдзіна, але зараз, напэўна, цалкам пагадзілася б з ім. Датэрміновыя парламенцкія выбары, якія прайшлі 8 чэрвеня, абярнуліся для кіруючай кансерватыўнай партыі не ўмацаваннем стану, як усе чакалі, а сур’ёзнымі стратамі.

Папярэдні склад парламента быў выбраны ў маі 2015 года і цалкам мог працаваць да 2020 года. У кансерватараў было дастаткова галасоў (331 пры неабходных 326) для фарміравання аднапартыйнага ўрада, і іх лідар Дэвід Кэмеран цалкам упэўнена адчуваў сябе ў крэсле прэм’ера. Аднак рэферэндум аб выхадзе Злучанага Каралеўства са складу Еўрасаюза, які адбыўся летась і на якім 51,9% прагаласаваўшых выказаліся за “брэксіт”, змяшаў усе карты. Афіцыйнай пазіцыяй кансерватараў было захаванне статус-кво, пры тым што ў самой партыі мелася значнае меншынство, якое настойвала на аддзяленні ад Еўропы. Пры гэтай акалічнасці Кэмеран палічыў неабходным пайсці ў адстаўку, і пасля ўнутрыпартыйных выбараў яго змяніла Тэрэза Мэй.

Пасля працяглых дэбатаў, у тым ліку і ў судах, дэпутаты парламента Вялікабрытаніі прагаласавалі за законапраект аб выхадзе з ЕС.

Цяпер Тэрэзе Мэй прыйшлося засяродзіцца на перагаворах з Бруселем аб умовах выхаду. Праблем у гэтым пытанні шмат, перш за ўсё — ці магчыма ўзаемнае захаванне для ЕС і Вялікабрытаніі свабоды руху грамадзян, зоны свабоднага гандлю, а таксама бюджэт Еўрасаюза. Калі па першым пункце кампраміс верагодны, то па двух іншых — сур’ёзныя перашкоды. Зона свабоднага гандлю азначае, што да тавараў і паслуг, вырабленых у Вялікабрытаніі, не будуць прымяняцца ніякія мытныя пошліны ці квоты. Але многія краіны ЕС не бачаць прычыны, каб патураць “уцякачцы”. Што тычыцца бюджэту, то Брусель патрабаваў выканання Вялікабрытаніяй ужо прынятых на сябе фінансавых абавязкаў, размеркаваных па артыкулах. Першапачаткова агучвалася сума 50—60 млрд еўра, аднак пад ціскам Францыі і Германіі яна была перагледжана, зараз гаворка ідзе аб 100 млрд еўра. Без выплаты гэтай сумы ЕС адмаўляецца абмяркоўваць гандлёвае пагадненне.

У гэтых умовах прэм’ер Мэй вырашыла ўмацаваць свае пазіцыі як унутры партыі, так і ў парламенце, каб мець больш надзейную апору на перагаворах, тым больш што апытанні грамадскай думкі паказвалі, што торы падтрымліваюць ад 45% да 50% выбаршчыкаў. Таму 19 красавіка парламент прагаласаваў за датэрміновыя выбары.

Англійская выбарчая сістэма радыкальна мажарытарная — тут не прадугледжаны другі тур, а пераможцам становіцца любы з кандыдатаў, які набраў хаця б на голас больш за наступнага з прэтэндэнтаў на крэсла ў палаце абшчын. Таму, хаця рэальна партый у краіне шмат, асноўная барацьба разгортваецца паміж дзвюма асноўнымі. “Падвешаны” парламент, дзе ні адна з партый не мае дастатковай колькасці галасоў для фарміравання ўрада, у Злучаным Каралеўстве даволі рэдкая з’ява.

Зараз склалася якраз такая сітуацыя. Пасля падліку галасоў ва ўсіх выбарчых акругах краіны Кансерватыўная партыя атрымала 318 мандатаў, лейбарысты — 262. Акрамя таго, у парламент прайшлі прадстаўнікі цэлага шэрага невялікіх партый. Аналітыкі звязваюць такія вынікі з двума фактамі — расчараваннем часткі англічан у “брэксіце” (у многім гэта было пратэстнае галасаванне, многія не разлічвалі на перамогу) і няўпэўненай кампаніяй Тэрэзы Мэй, якая не змагла пераканаць выбаршчыкаў, што наступны тэрмін яе кіравання будзе больш удалым. У выніку пераможцам, нягледзячы на тое, што лейбарысты большасці так і не атрымалі, могуць лічыць сябе якраз яны — іх прадстаўніцтва не зменшылася, а, наадварот, павялічылася.

Такім чынам, Мэй замест умацавання свайго стану прыкметна ўскладніла сітуацыю — ёй давялося шукаць партнёра для кааліцыі (ім стала Дэмакратычная юніянісцкая партыя) і даваць яму пэўныя абяцанні. Цяпер урад Вялікабрытаніі звязаны па руках і нагах таксама і ў ірландскім пытанні, бо менавіта тут у Злучанага Каралеўства ідзе сухапутная мяжа з Еўрасаюзам. Раней торы дапускалі магчымасць асаблівага статусу Паўночнай Ірландыі ў працэсе выхаду з ЕС і нават уз’яднанне вострава, гэта значыць, страту гэтай тэрыторыі. Аднак, калі іх саюзнікам сталі юніяністы, гэта тыя, хто выступае за захаванне Ольстэра ў складзе Злучанага Каралеўства, пазіцыя вымушана будзе стаць менш гібкай. Давядзецца Тэрэзе Мэй шукаць кампрамісы з новымі саюзнікамі і па іншых значных пытаннях.

Алег ВЯРЦІНСКІ.