Хаваншчына — выдатнае месца для знаёмства з гісторыяй партызанскага руху і адпачынку сярод прыроды

- 11:01Репортаж

Мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына” — выдатнае месца, каб азнаёміцца з ваеннай гісторыяй Брэстчыны, адпачыць сярод унікальнай прыроды, паведамляе карэспандэнт Настаўніцкай газеты.

Сямейная традыцыя

Асабліва добра тут вясной. Яшчэ няма летняй спёкі, не даймаюць камары і машкара. Прагульвайся па лясных сцежках, удыхай чыстае паветра з ялова-бярозавым водарам, слухай спевы птушак, знаёмся з побытам і подзвігамі народных мсціўцаў. Нядзіўна, што на выхадных і асабліва падчас школьных канікул тут заўсёды мнагалюдна. Сюды едуць з сябрамі, роднымі, калегамі. Самыя частыя наведвальнікі — настаўнікі і вучні.

З сям’ёй івацэвіцкіх педагогаў (настаўнікам фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 4 Андрэем Андрэевічам і настаўніцай рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Інай Вільгельмаўнай Міцкевічамі) мы сустрэліся на партызанскім востраве сонечным красавіцкім днём. Па словах настаўніка, разам з братам Іванам Андрэевічам і сваімі сем’ямі яны кожны год прыязджа­юць у гэтыя мясціны на Радаўніцу. Спачатку наведваюць бацькоўскую хату ў Хадаках (вёска Хадакі ў гады Вялікай Айчыннай вайны была спалена карнікамі. — Заўвага аўтара.), магілы продкаў, а потым накіроўваюцца на мемарыяльны комплекс.

Першы прыпынак у вёсцы Жытлін каля брацкай магілы. На помніку — імёны партызан і чырвонаармейцаў. Прыцягвае ўвагу шыльда з партрэтам каман­дзіра 112-га партызанскага атрада Аляксея Пятровіча Чарткова. Сур’ёзны, засяро­джаны погляд. Сапраўдны камандзір. Уразілі гады жыцця: 1920—1943. Яшчэ зусім малады хлопец…

Па традыцыі, пачатай яшчэ партызанамі, у апошнюю нядзелю мая сюды прыедуць дзеці, унукі, праўнукі тых, хто змагаўся з акупантамі. Каля помніка на мнагалюдным мітынгу будуць гучаць словы ўдзячнасці загінуўшым героям.

Лясная школа

Тэрыторыя мемарыяльнага комплексу пачынаецца праз некалькі кіламетраў за суседняй вёскай Корачын. Калісьці навокал былі амаль непраходныя балоты і лясы, але сёння дабрацца да Хаваншчыны нескладана. Па дарозе ёсць паказальнікі, а на месца былога партызанскага лагера праз балота вядзе драўляны насціл. А вось у гады Вялікай Айчыннай вайны да вострава можна было трапіць толькі з правадніком. Вакол лагера партызаны абсталявалі дзве лініі абароны, адну з якіх карнікі змаглі прарваць падчас баёў. З рэканструкцыяй тых падзей можна азнаёміцца ў канцы мая, калі сюды прыяз­джаюць удзельнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.

Дарэчы, у апошнюю нядзелю месяца і быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс “Хаваншчына”. Адбылося гэта ў 1971 го­дзе. Цікава, што ў гэты год першых наведвальнікаў прыняў і мема­рыяльны комплекс “Брэсцкая крэ­пасць-герой”. Сёння “Ха­ваншчына” — філіял Івацэвіцкага гісторыка-края­знаўчага музея. Тут знаходзяцца рэканструяваныя зямлянкі, будынкі падпольных абкамаў КПБ і ЛКСМБ, штаб партызанскага злучэння і рэдакцыі абласной газеты “Заря”. Базіраваліся яны тут у 1943—1944 гадах. Унутры будынкаў — экспазіцыі, якія перадаюць атмасферу ваеннага часу. Напрыклад, у будынку партызанскай санчасці фотаздымкі і ўспаміны партызанскіх медсясцёр, медыцынскія інструменты 40-х гадоў. Можна ўбачыць, у якіх умовах аказвалася медыцынская дапамога параненым байцам.

Адметнасцю мемарыяльнага комплексу з’яўляецца імправізаваная лясная школа з партамі і дошкай. Праўда, замест прывычных для нас сцен і столі — магутныя дрэвы і блакітнае неба ў аблоках. Падчас экскурсій для сучасных школьнікаў тут праводзяцца заняткі, на якіх расказваецца пра гісторыю партызанскага руху, таксама дзеці дзеляцца лёсам сваіх продкаў у гады вайны.

— Мы часта прыязджаем сюды на экскурсіі, асабліва падчас канікул. Наведванне мемарыяльнага комплексу з’яўляецца важным элементам патрыятычнага выхавання моладзі, — адзначыў Андрэй Андрэевіч Міцкевіч.

— Любім наведвацца на Хаваншчыну і проста сям’ёй, у выхадны дзень, — дадала Іна Вільгельмаўна.

Месца памяці

Чыстае паветра, напоўненае водарам елак, сосен, бяроз… Звонкае шчабятанне птушак… Навокал густы лес, балота… Тут добра разумееш, у якіх складаных умовах жылі, ваявалі партызаны, як няпроста было хавацца ад карнікаў простым сялянам. Хаваншчына — месца партызанскай славы, месца нашай памяці і гонару.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара