Heimatstadt, або Падарожжа па родным горадзе

Адным са спосабаў завалодаць увагай навучэнцаў з’яўляюцца нестандартныя формы пазакласнай работы. Да такіх форм можна аднесці ўрокі-экскурсіі на замежнай мове. Навучэнцам і настаўнікам сярэдніх школ № 17 і № 20 Оршы, а таксама сярэдняй школы № 18 і гімназіі Барані Аршанскага раёна з’явілася выдатная нагода прэзентаваць родны горад на нямецкай мове госцю з Германіі валанцёру Ёнатану Баеру. Гэты сціплы хлопец прыбыў да нас з невялікага нямецкага горада Гісэна, што знаходзіцца ў федэральнай зямлі Гесэн.

Пры вывучэнні замежнай мовы мы прапануем навучэнцам вырашаць камунікатыўныя задачы ў стандартных сітуацыях. Напрыклад, апісаць свой дом, сваю сям’ю і г.д. А ў гэтым выпадку вучні апынуліся ў незвычайнай сітуацыі, калі давялося скарыстацца ўсім багажом ведаў па нямецкай мове і паказаць свае веды ў адвольнай гутарцы з замежным госцем. Навучэнцы 18-й школы Паліна Сцепаненка, Арына Сліжова, Анжаліка Шышкова, Аляксандра Якушкіна правялі экскурсію для Ёнатана па памятных мясцінах Барані: прайшлі па ціхіх вулачках, расказалі пра прадпрыемства “Тэхніка сувязі”, спыніліся каля каменя — сімвала горада, наведалі помнік загінуўшым савецкім салдатам, танк, Спаса-Праабражэнскую царкву, сасновы бор, які з’яўляецца помнікам прыроды. Асабліва нямецкага госця ўразіла наведванне этна­графічнага музея “Баранская сялiба” ў гімназіі Барані.

— Час, праведзены ў Барані, мне вельмі спадабаўся. Усе гаварылі, што гэта маленькі, але ўтульны горад, і гэта праўда. Вучні мне расказалі шмат пра горад па-нямецку! Асабліва цікавай была экскурсія ў края­знаўчы музей гімназіі. Мне вельмі спадабалася, што вучні займаюцца краязнаўствам, ведаюць гісторыю роднага краю, і вельмі важна, што ў школе створаны такі прыгожы музей. Напэўна, летам Барань выглядае яшчэ прыгажэй. Шкада, калі не змагу ўбачыць горад без снегу, калі свеціць сонца. Вельмі рады, што настаўнікі і вучні мяне так гасцінна сустрэлі. Ад усёй душы гавару ім вялікі дзякуй, — звярнуўся Ёнатан да ўсіх са словамі падзякі.

Навошта мы вывучаем замежную мову? Каб фарміравац­ь навучэнцаў як суб’ектаў міжкультурнай камунікацыі шляхам авалодання імі іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй і развіцця якасцей полікультурнай асобы. На першы погляд, сказана вельмі складана. Калі гаварыць прасцей, то мы вучым замежную мову, каб мець зносіны з сябрамі і гасцямі з розных краін свету. А як прыемна расказваць пра сваю малую радзіму замежным гасцям на іх роднай мове!

Святлана КАЛОМІНАВА,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 18 Барані Аршанскага раёна.
Фота аўтара.