Хлебам адзіныя

- 12:54Навіны рэгіёнаў

Любові да Радзімы нельга навучыць, абмяжоўваючыся аповедам ці паказам. Для гэтага патрэбна адпаведная дзейнасць навучэнцаў, накіраваная на далучэнне да нацыянальнай культуры, народных традыцый і каштоўнасцей.

Адна з найбольш дзейсных форм выхавання патрыятызму, любові да роднай зямлі — школьны музей. Такой думкі прытрымліваецца педагагічны калектыў сярэдняй школы № 2 Чэрыкава.

— Школьны музей — гэта захавальнік па­мяці, а гістарычная памяць — аснова грама­дзянска-патрыятычнага выхавання. Але важна, каб музей у школе быў жывым арганiзмам. У нашай установе гэта своеасаблівы цэнтр краязнаўчай і патрыятычнай работы з навучэнцамі, — кажа дырэктар сярэдняй школы № 2 М.В.Лапасін.

Паводле яго слоў, школьны музей функцыянуе ўжо больш як трыццаць гадоў. За гэты час ён стаў асаблівым месцам, дзе навучэнцы могуць адчуць сябе часткай гісторыі і набыць значныя жыццёвыя навыкі.

— Дзякуючы сваёй спецыфіцы і тэматычнай накіраванасці, наш музей — яшчэ і ўнікальнае месца. Гэта адзіны ў рэспубліцы школьны музей хлеба, — адзна­чыў Мікалай Васільевіч.

Сапраўды, музейныя экспазіцыі другой чэрыкаўскай школы незвычайныя. Тут вельмі дакладна перададзены непаўторны каларыт беларускай вёскі. Экспанаты не толькі апісваюць гісторыю хлеба і нялёгкую працу хлебароба, але і паказваюць праз гэта асноўныя вехі беларускай гісторыі.

Наведваючы шэсць тэматычных раздзелаў, навучэнцы даведваюцца пра гісторыю ўзнікнення хлеба, хлеб рэвалюцыі, хлеб вайны, дасягненні чэрыкаўскіх аграрыяў. Усяго ў музеі сабрана больш за 100 гістарычных дакументаў і фатаграфій, звыш 170 экспанатаў, сярод якіх ёсць і дастаткова рэдкія. Фонды пастаянна папаўняюцца, бо школьны музей хлеба аб’яднаў у агульнай края­знаўчай і пошукавай справе мясцовых педагогаў, навучэнцаў, бацькоў. Сёлета гэтая дзейнасць атрымала новы імпульс для далейшага развіцця.

— Некалькі гадоў назад мы задумаліся аб мадэрнізацыі музея. Распрацавалі праект і выступілі з ім на кірмашы рэгіянальных ініцыятыў “Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцей занятасці на сельскіх тэрыторыях Магілёўскай вобласці”. Першы раз перамагчы нам не ўдалося, але падчас дапрацоўкі ініцыятывы ўзнікла ідэя аб тым, што мы можам не толькі расказваць гісторыю стварэння хлеба, але і выпя­каць яго, — паведаміў дырэктар школы.

Гэтая ідэя была падтрымана мясцовым фондам развіцця. Сярэдняя школа № 2 Чэрыкава атрымала на яе рэалізацыю грант больш чым у 14 тысяч еўра. Сродкі былі накіраваны на касметычны рамонт і тэхнічную мадэрнізацыю музея. Да таго ж ва ўстанове быў створаны Цэнтр па хлебапячэнні “Выпякайка”, які зараз аб’яднаны ў адзінае цэлае з музейнай экспазіцыяй.

— Дзякуючы гранту, у нашай школе з’явілася сапраўдная міні-пякарня. Быў адпаведным чынам перааснашчаны кабінет працоўнага навучання, а таксама закуплена ўсё неабходнае абсталяванне: хлебапечка, пліта, іншыя патрэбныя на кухні рэчы. З верасня на гэтай базе пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах “Плюшкі і не толькі”, якое ўзначаліла педагог дадатковай адукацыі Лілія Мікалаеўна Балматкова. Усе жадаючыя навучэнцы атрымалі магчымасць асвойваць тэхналогію гатавання хлеба, — расказаў М.В.Лапасін.

Адметна, што сваю ініцыятыву другая чэрыкаўская школа рэалізуе сумесна з навучальнымі ўстановамі суседніх Слаўгарадскага і Краснапольскага раёнаў. Там таксама закупілі патрэбнае абсталяванне і адкрылі пляцоўкі па навучанні хлебапячэнню. Цяпер педагогі сумесна займаюцца пошукам традыцыйных старадаўніх рэцэптаў хлеба, далучаюць да гэтай дзейнасці дзяцей. Шмат ва ўстаноў-партнёраў і цікавых планаў на будучыню.

— Педагогі і навучэнцы нашай школы ўжо паспрабавалі пячы хлебабулачныя вырабы з мэтай іх далейшай рэалізацыі. Вынікі парадавалі — усё атрымалася. Насельніцтву Чэрыкава прадукцыя спадабалася. Акрамя выпечкі хлеба на продаж, мы маем і больш маштабныя планы. У іх ліку — правя­дзенне навучання хлебапячэнню не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў. Таксама разам з партнёрамі распрацоўваем прапановы аб стварэнні гастранамічнага маршруту па раёнах і разглядаем магчымасці правядзення ў найбліжэйшы час фестывалю хлеба, — падзяліўся Мікалай Васільевіч.

Па яго меркаванні, такая актыўная дзейнасць разам з пошукавай і музейнай работай дапамагае далучаць вучняў да родных вытокаў, выхоўвае ў дзецях духоўнасць і маральнасць.

— Менавіта музей хлеба быў створаны ў школе мэтанакіравана. У нашых продкаў хлеб заўсёды вельмі шанаваўся. Музейныя экспазіцыі наглядна гэта паказваюць, тым самым далучаючы вучняў не толькі да гістарычнай памяці, але і да традыцыйнай беларускай культуры, да каштоўнасцей і перакананняў нашага народа. Усё гэта забяспечвае належнае выхаванне асобы дзіцяці, фарміраванне грамадзяніна і патрыёта, — падкрэсліў М.В.Лапасін.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.