Хобі на ўсё жыццё

- 16:34Адукацыйная прастора, Рознае

Рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні — 10 гадоў! Сёлета заключны этап спаборніцтваў адбыўся ў Жодзіне. У ім прынялі ўдзел 116 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны, у іх ліку 53 дзяўчыны і 63 юнакі. За час свайго існавання алімпіяда па працоўным навучанні набыла свае традыцыі і шмат прыхільнікаў. Некаторыя дзеці ўдзельнічалі ў ёй па пяць разоў і неаднойчы станавіліся пераможцамі.

У чым сакрэт перамогі?

Традыцыйна алімпіяда па тэхнічнай працы (для хлопчыкаў) і абслуговай працы (для дзяўчынак) складалася з тэарэтычнага і практычнага тураў. Школьнікі абаранялі таксама творчыя праекты, якія рыхтавалі загадзя, як правіла, за некалькі месяцаў да алімпіяды. Максімальная колькасць балаў, якую маглі набраць навучэнцы, — 100, з іх 45 балаў — за бліскучае выкананне практычнага задання. Тэматыка практычнага тура ў юнакоў тычылася сёлета святкавання 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама чэмпіянату свету па хакеі, які хутка адбудзецца ў Мінску. На працягу трох гадзін навучэнцы майстравалі сімвалы гэтых падзей па прадастаўленых чарцяжах з драўляных нарыхтовак. Стваральны працэс быў даволі складаным. Пры ацэнцы вынікаў гэтага іспыту журы ўлічвала каля 60 кантрольных пунктаў. У дзяўчынак заданні на практычным туры былі комплексныя — трэба было зрабіць прыхопку і дэкарыраваць яе дэталямі, звязанымі кручком (малодшая група), і сервіровачную сурвэтку з вышыўкай (старшая група).
У склад журы алімпіяды ўваходзіла 13 чалавек. Яго старшынёй быў загадчык кафедры тэхналогіі і методыкі выкладання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Сяргей Эдуардавіч Завістоўскі. “Вынікі ва ўсіх алімпіядных турах у гэтым годзе даволі высокія, — гаворыць ён. — Адметна, што ў малодшых хлопчыкаў сярэдні бал вышэйшы, чым у старэйшых, што сведчыць аб мэтанакіраванай рабоце з імі з ранняга ўзросту. Гэта той неацэнны патэнцыял, які ў поўнай меры праявіцца ў наступныя гады. З году ў год расце майстэрства каманд з усіх рэгіёнаў. Традыцыйным лідарам на працягу 10 гадоў была каманда Гомельскай вобласці. У яе трывалая метадычная і тэхнічная база, якую ў свой час сфарміраваў пачынальнік алімпіяднага руху па працоўным навучанні Віталь Васільевіч Гузаў. Але сёлета 1 каманднае месца заняла Магілёўская вобласць, на яе рахунку 13 дыпломаў”.
У чым сакрэт гэтай перамогі? Разважае кіраўнік каманды Магілёўскай вобласці Наталля Мікалаеўна Круталевіч, настаўніца абслуговай працы сярэдняй школы № 31 Магілёва: “Поспех на любых спаборніцтвах — гэта перш за ўсё адзінства каманды і зладжаная сістэма яе падрыхтоўкі. У Магілёўскай вобласці арганізоўваюцца алімпіяды па працоўным навучанні для дзяцей, пачынаючы з 5-х класаў, працуе абласная вочна-завочная школа алімпіяднікаў і летнік “Алімпіец”. Пасля завяршэння чарговай алімпіяды мы, як правіла, пачынаем рыхтавацца да наступнай”.
На выставе работ, якія дзеці выканалі самастойна, адразу заўважаеш творчы праект “Іканастас” Дзмітрыя Каленіка, навучэнца сярэдняй школы № 39 Магілёва, які трэці раз з поспехам удзельнічае ў алімпіядзе па працоўным навучанні. Усім тонкасцям мастацкага выпілоўвання, якія ён прадэманстраваў пры выкананні работы, ён навучыўся ў школьным гуртку ў выкладчыка Аляксея Аляксеевіча Пархоменкі. Іканастас ствараўся на працягу 4 месяцаў, “чыстага” часу на афармленне праекта затрачана каля 90 гадзін. Самым складаным было, па словах Дзімы, зрабіць прапільную разьбу тонкіх узораў ручным лобзікам.
“Журы было цяжка выбраць лепшых сярод дзяўчынак, таму і ацэнкі ў іх мала адрозніваліся, — адзначыла намеснік старшыні журы Ірына Аляксандраўна Сысоева, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Пры разглядзе творчых праектаў усе мы былі прыемна здзіўлены, настолькі нестандартнымі былі ідэі ў дзяўчат. Яны выкарыстоўвалі аўтарскія прыёмы, злучэнне тэхнік, іх работы прыцягвалі навізной і арыгінальнасцю. Многія да сваіх вырабаў падышлі з вельмі практычнага пункту гледжання. Адзенне, якое яны пашылі або звязалі, падыходзіць для кожнага дня — такое яно прыгожае і зручнае, прычым цалкам з натуральных матэрыялаў”.

Людзі справы

У 2013 годзе выйшла кніга “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Людзі справы”. У гэтым выданні можна знайсці артыкулы пра знакамітых, заслужаных дзеячаў нашай краіны. На 57-й старонцы кнігі ёсць артыкул, прысвечаны Віталю Васільевічу Гузаву — настаўніку працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна. Побач з ім у гэтай школе працуе настаўнік Дзмітрый Барысавіч Доўнар. Сумеснымі намаганнямі яны даюць дзецям сур’ёзныя веды па працоўным навучанні, рыхтуюць да алімпіяд.
“Дзеці на ўроках атрымліваюць, па сутнасці, інжынерную падрыхтоўку, якая адпавядае ўзроўню 1-2 курса ўніверсітэта, — сказаў Віталь Васільевіч. — Акрамя ўрокаў, за кошт факультатыўных гадзін у школе наладжана падрыхтоўка навучэнцаў старшых класаў да будучай прафесійнай дзейнасці. Нашы вучні, якія паступаюць ва ўніверсітэты на тэхнічныя спецыяльнасці, вельмі камфортна там сябе адчуваюць”.
Школьнікі з Гомельшчыны занялі ў гэтым годзе 2 каманднае месца на алімпіядзе, яны атрымалі 12 медалёў. Віталь Васільевіч расказаў пра свайго сёлетняга пераможцу Андрэя Вінніка — вучня 9 класа сярэдняй школы № 13 Жлобіна: “Талент гэтага дзіцяці ў тым, што, не маючы дастатковых спецыяльных ведаў і спецыяльнай падрыхтоўкі, ён інтуітыўна і дакладна можа сфармуляваць адказ на любое пытанне па прадмеце. Адна з галоўных якасцей яго характару — уменне максімальна сканцэнтравацца на тым, што не атрымліваецца, каб у рэшце рэшт дасягнуць станоўчага выніку. Гэта яго трэцяя алімпіяда. І кожны раз ён выступаў з новым творчым праектам. Сёлета ён змайстраваў лаўку. Андрэй ужо ведае тэму будучага праекта і поўны рашучасці рэалізоўваць яго сам. Ён плануе зрабіць універсальную шліфавальную машыну”.
Падчас урачыстага закрыцця алімпіяды кіраўнікі каманды Гомельскай вобласці ўручылі спецыяльныя прызы яе ўдзельнікам — аўтарам лепшых праектаў. Вялікі саламяны капялюш з рук Віталя Васільевіча як знак прызнання асобых заслуг атрымаў адзінаццацікласнік Мікалай Барыскаў, які пяць разоў удзельнічаў у алімпіядах па працоўным навучанні. Гомельшчына адзначыла прызамі ў намінацыі “За вернае служэнне працоўнаму навучанню” і тых прадстаўнікоў журы, якія ўсе 10 гадоў былі ў яго складзе.

Алімпіядны вопыт спатрэбіцца ў жыцці

Падрыхтоўка школьнікаў з Мінска да Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні праводзілася на базе рэсурснага цэнтра па працоўным навучанні, які быў створаны ў сярэдняй школе № 26 Мінска. Мінчане на алімпіядзе атрымалі 8 дыпломаў і занялі 3 каманднае месца.
Кіраўнік мінскай каманды Валянціна Яўстаф’еўна Шарапава, метадыст аддзела прыродазнаўча-матэматычных і тэхнічных дысцыплін МГІРА і настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 26 Мінска, адзначыла, што для дзяцей удзел у алімпіядзе па працоўным навучанні — гэта перш за ўсё магчымасць “выхаду” за межы сваёй установы, пэўная рэлаксацыя, пашырэнне кругагляду, загартоўванне сілы волі і характару. Алімпіядны вопыт абавязкова спатрэбіцца ім у жыцці.
У межах культурнай праграмы ўдзельнікі алімпіяды наведалі музей баявой і працоўнай славы ў сярэдняй школе № 4 Жодзіна, а таксама прамысловыя прадпрыемствы горада: Кавальскі завод цяжкіх штамповак, Жодзінскі хлебазавод і ТЭЦ.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.