Хочаш адчуць сябе чалавекам — дапамажы іншаму

- 11:34Нам пішуць

У аснове валанцёрскага руху Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу — стары як свет прынцып: хочаш адчуць сябе чалавекам — дапамажы іншаму. Клопат пра пажылых — першы абавязак кожнага. Бо гэта людзі, чыёй працай будавалася і развівалася наша дзяржава, чыёй мужнасцю заваёўвалася яе незалежнасць. За плячыма старэйшага пакалення — безліч слаўных спраў. І мы заўсёды павінны памятаць, як шмат сіл аддалі нашы бабулі і дзядулі, маці і бацькі на тое, каб нам сёння жылося добра.

Акружыць састарэлых людзей клопатам стала нашай добрай традыцыяй. Трэці год валанцёры Барунскага ВПК арганізоўваюць акцыю “Дом без адзіноты” і ездзяць у Жупранскі пансіянат з падарункамі для састарэлых. Цяпло і клопат хочуць падарыць кожнаму жыхару пансіяната.

Амаль штотыдзень цімураўцы і валанцёры нашай установы наведваюць адзінокіх састарэлых Барунскага сельвыканкама. Нашы вучні дапамагаюць па гаспадарцы і наводзяць парадак на прысядзібных участках. Вельмі актыўны ў нашай школе цімураўскі атрад з вёскі Гінеўцы. Яны дапамагаюць старэйшым амаль кожны дзень: то вады прынясуць, то дроў насякуць, зімой чысцяць дарожкі ад снегу.

Урэшце, нават не гэта галоўнае для пажылых — для іх важная ўвага. Кажуць, што маладое пакаленне не адрозніваецца выхаваннем і не прывучана да працы, але выходзіць, гэта не так. З нашымі добрымі і спагадлівымі дзецьмі мы можам быць упэўненымі ў сваёй будучыні.

Алена БРАЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы
Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу Ашмянскага раёна.