Хочаш адчуць сябе чалавекам — дапамажы іншаму

Адносіны дзіцяці, якое мае парушэнні ў развіцці, да навакольнага свету залежаць не столькі ад самога дэфекту, колькі ад сацыяльных умоў, ад таго, як ставіцца да яго грамадства, ад яго адаптаванасці. Сацыялізацыя дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця (далей — ЦМПР) з’яўляецца складаным і працаёмкім працэсам. Адным з напрамкаў работы нашага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі па сацыялізацыі дзяцей з ЦМПР з’яўляецца ўзаемадзеянне з валанцёрамі.

Валанцёрства — цудоўны рух, які дапамагае чалавеку ўзняцца над сваімі праблемамі і ўбачыць беды і турботы іншых людзей, а галоўнае, шчодра дарыць навакольным радасць, надзею і душэўную цеплыню. Валанцёр — гэта чалавек-альтруіст, які бязвыплатна аддае свой час, сілы, любоў і дабрыню людзям, якія маюць патрэбу. У аснове валанцёрскага руху ляжыць стары як свет прынцып: хочаш адчуць сябе чалавекам — дапамажы іншаму. Часам валанцёраў называюць грамадскімі памочнікамі, няштатнымі добраахвотнымі супрацоўнікамі, асістэнтамі, лідарамі, пасрэднікамі. Валанцёрская праца не аплачваецца, але яна дае магчымасць набыць новы вопыт, спецыяльныя навыкі і веды, наладзіць асабістыя кантакты.

Якая валанцёрская дапамога аказваецца нашаму цэнтру? Гэта сацыяльна-псіхалагічная і сацыяльна-педагагічная падтрымка дзецям з АПФР, арганізацыя займальнай творчай дзейнасці, канцэртаў, тэатральных выступленняў, конкурсаў, свят, фестываляў, збор добраахвотных ахвяраванняў. Прысутнасць і дапамога валанцёраў у цэнтры спрыяе пашырэнню кола зносін дзяцей, сумесным заняткам і прагулкам з дзецьмі, пашырэнню меж знаходжання дзяцей (на тэрыторыі ўстановы і па-за ёй). Валанцёры аказваюць дапамогу ў навучанні дзяцей сацыяльна-бытавым уменням, суправаджаюць дзяцей у паездках за межы ўстановы, асабліва ў летні аздараўленчы перыяд: дапамога пры перамяшчэнні, пры правядзенні заняткаў або займальных мерапрыемстваў, зносіны, тлумачэнне таго, што адбываецца, сумесная дзейнасць. Яны аказваюць дапамогу ў правядзенні заняткаў, арганізацыі спектакляў, канцэртаў і г.д.

У нашым цэнтры функцыянуюць тры спецыяльныя групы і адзін спецыяльны клас для дзяцей з ЦМПР. Дапамога, якую аказвалі нам дабрачынныя арганізацыі сумесна з валанцёрамі, неацэнная. Цэнтр узаемадзейнічае з Палескім дзяржаўным універсітэтам, Пінскім дзяржаўным каледжам мастацтваў, Пінскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пінскага раёна, дабрачынным фондам “Поліэліяс”, валанцёрскай арганізацыяй “Добрае сэрца”, грамадскім аб’яднаннем “З дабрынёй па свеце”, Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, Пінскай раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, установамі адукацыі Пінскага раёна.

Дабрачынны фонд “Поліэліяс” сумесна з валанцёрамі ўжо на працягу чатырох гадоў дапамагае цэнтру. Адным з важных напрамкаў іх місіі з’яўляецца супрацоўніцтва з сем’ямі дзяцей з інваліднасцю. Менавіта таму валанцёры фонду арганізоўваюць дабрачынныя канцэрты, выставы і іншыя мерапрыемствы, якія дазваляюць і дзецям, і іх бацькам — як правіла, маці — не замыкацца ў чатырох сценах, а больш актыўна адаптавацца ў соцыуме.

Дзіцяці важная ўвага кожную хвіліну яго жыцця, а калі ў гэтага дзіцяці ёсць інваліднасць, то ўвага, клопат, сацыяльная і асабістая адказнасць павінны праяўляцца ў дачыненні не толькі да дзіцяці, але і да сям’і, у якой яно выхоўваецца. Традыцыйна падчас свят праходзяць дабрачынныя мерапрыемствы. Валанцёры дабрачыннага фонду рыхтуюць тэатралізаваныя шоу для дзяцей, арганізоўваюць дабрачынныя акцыі. Нам, дарослым, трэба памятаць, што дзеці маюць патрэбу ў нашым пастаянным клопаце, абароне і мы нясём адказнасць за іх. Гэтага дня чакаюць не толькі здаровыя дзеці, але і іх равеснікі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Навучэнцы-валанцёры з Пінскага каледжа мастацтваў дапамагаюць нам у арганізацыі і правядзенні фестывалю дзіцячай творчасці “Крок насустрач”, які стаў традыцыйным мерапрыемствам для дзяцей з АПФР, што вучацца ў класах інтэграванага навучання і выхавання, а таксама дома.

Дапамагаючы іншым, мы не становімся святымі, мы становімся нармальнымі. У жыцці, магчыма, і не здарыцца цуд, але заснавальнік арганізацыі “Добрае сэрца” Іна Вячорка можа зрабіць так, каб ён адбыўся ў іншых людзей. За гэтыя гады яна са сваімі валанцёрамі неаднаразова наведвала наш цэнтр. Сама Іна нарадзілася з рэдкай цяжкай хваробай — павышанай ломкасцю касцей. У народзе такіх людзей называюць “крышталёвымі”, бо ў іх высокая верагоднасць атрымаць пералом ад нязначнага ўздзеяння. Нягледзячы на тое, што Іне ўрачы паставілі першую групу інваліднасці, яна дасць фору любому: вышывае, малюе карціны, скончыла Інстытут тэалогіі БДУ — з’яўляецца місіянерам. Жыць насычаным жыццём, займацца творчасцю і падтрымліваць блізкіх — усё гэта аб прамяністай, прывабнай маладой жанчыне, чалавеку з неабмежаванымі магчымасцямі і такім жа патэнцыялам.

Спецыяльныя групы цэнтра з’яўляюцца базай вытворчай практыкі студэнтаў факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця спецыяльнасці “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія” Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Студэнты сталі сапраўднымі сябрамі для нашых выхаванцаў. Яны прыходзяць у госці, нягледзячы ні на што, проста каб пагутарыць, пагуляць, дапамагчы. Яны арганізоўваюць займальныя праграмы, з задавальненнем гуляюць з дзецьмі ў настольныя гульні, малююць, праводзяць міні-спаборніцтвы.

Студэнты-валанцёры арганізоўваюць і дзейнасць у вольны час. Традыцыйным стала правядзенне дабрачынных акцый да Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Даўна, Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму, Міжнароднага дня абароны дзяцей. Пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры Кацярыны Яўгенаўны Лебедзь-Веліканавай ладзяцца майстар-класы па развіцці каардынацыі рухаў дзяцей дашкольнага ўзросту з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця, па трэніроўцы рухальных функцый верхніх канечнасцей пры дапамозе трэнажораў для графаматорыкі “Электрограф”, трэнажораў “Змейка”, “Елачка”, па развіцці навыкаў самаабслугоўвання з выкарыстаннем эргатэрапеўтычнага стэнда, па выкарыстанні фотатэрапіі, тэрапіі занятасцю, практычныя семінары (“Асаблівасці прымянення тэрапіі выяўленчым мастацтвам для дзяцей дашкольнага ўзросту з цяжкім і множнымі парушэннямі развіцця”).

На базе спартыўнага комплексу Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ў басейне “Малютка” пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры Кацярыны Яўгенаўны Лебедзь-Веліканавай, асістэнта кафедры Вікторыі Уладзіміраўны Васілец, пад назіраннем медыцынскага персаналу і сумесна са студэнтамі-валанцёрамі праходзілі заняткі па плаванні з дзецьмі з ЦМПР. А ў маі 2017 года адбыўся навукова-практычны семінар на тэму “Праграма рэабілітацыі ў вадзе для дзяцей дашкольнага ўзросту з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця”. Праграма заняткаў у вадзе прадугледжвала ўводны брыфінг, знаёмства з водным асяроддзем, карэкцыйна-развіццёвыя практыкаванні ў вадзе (з выкарыстаннем розных прылад), гульні ў вадзе.

За час, праведзены са студэнтамі-валанцёрамі, дзеці, якія з-за свайго фізічнага стану не могуць весці актыўны сацыяльны лад жыцця, набылі новыя ўражанні і знаёмствы, што надзвычай важна для іх псіхалагічнага здароўя. Педагогі робяць усё магчымае, каб дзеці з АПФР адчувалі сябе ўтульна ў гэтым свеце. Але калі падключаюцца валанцёры, нашы магчымасці становяцца сапраўды бязмежнымі.

Інеса АМЕЛЯШЧЫК,
дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Пінскага раёна.