Хочаце добрую параду? Публікуйцеся, выходзьце ў эфір

- 11:36Уступная кампанія

Дасланы ў рэдакцыю нашай газеты ліст першакурсніцы Інстытута журналістыкі БДУ Ірыны Івашка — яскравы прыклад таго, з якім хваляваннем ставяцца абітурыенты да ўнутраных выпрабаванняў. Яно і зразумела: ад вынікаў здачы творчых іспытаў у многім залежыць, ці стануць яны студэнтамі прэстыжнай установы вышэйшай адукацыі, будуць вучыцца за бюджэтныя сродкі ці за ўласны кошт.

Расказаць пра асаблівасці сёлетняй уступнай кампаніі, а таксама пра патрабаванні ўнутраных іспытаў мы папрасілі памочніка адказнага сакратара прыёмнай камісіі факультэта журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ Ганну Курэйчык.


“У гэтым годзе будзе праводзіцца агульны конкурс на спецыяльнасці “Журналістыка”, “Журналістыка міжнародная”, “Літаратурная работа” і іх кірункі. Асобны конкурс арганізаваны толькі па спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя (тэхналогіі камунікацыі)”, пры паступленні на якую ўнутраны іспыт увогуле не здаецца”, — адразу адзначыла Ганна Курэйчык.

Так, на спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя (тэхналогіі камунікацыі)” замест унутранага экзамену каторы год запар здаецца ЦТ па грамадазнаўстве.

“Быў час, калі праводзіўся раздзельны конкурс па ўсіх спецыяльнасцях. Аднак частымі былі сітуацыі, калі абітурыенты баяліся падаваць дакументы на спецыяльнасць, дзе ў папярэдні год быў высокі прахадны бал. І, наадварот, нярэдка падавалі дакументы на спецыяльнасць, дзе прахадны бал у апошнюю ўступную кампанію быў параўнальна невысокім, з-за чаго ўжо на гэтай спецыяльнасці складвалася вялікая канкурэнцыя. Каб пазбегнуць падобных сітуацый, мы і арганізавалі агульны конкурс”, — патлумачыла Ганна Курэйчык.

Безумоўна, пры падачы дакументаў абітурыенты ўказваюць спецыяльнасць ці кірунак спецыяльнасці, па якім хочуць вучыцца. Аднак магчымасць выбіраць падчас залічэння ўсё ж такі будзе залежаць ад сумы набраных балаў.

“Тыя, хто падаў дакументы на бюджэтную форму навучання, пасля здачы ўнутранага іспыту ранжыруюцца па суме набраных балаў — ад самага высокага да самага нізкага. Абітурыенты, якія набралі высокія балы, выбіраюць спецыяльнасць у першую чаргу: яны могуць як пакінуць пазначаную ў дакументах, так і выбраць іншую. Абітурыентам з невысокім балам давядзецца альбо змяніць першапачаткова выбраную спецыяльнасць, калі бюджэтныя месцы на ёй закончыліся, альбо перападаць свае дакументы на платную форму навучання. Падчас залічэння на платную форму абітурыентаў чакае такое ж ранжыраванне”, — заўважыла Ганна Курэйчык.

Як адзначыла памочнік адказнага сакратара прыёмнай камісіі факультэта журналістыкі, агульны бал абітурыента на журналісцкіх спецыяльнасцях фарміруецца з бала атэстата аб сярэдняй адукацыі, балаў сертыфікатаў ЦТ па рускай або беларускай мове і гісторыі Беларусі, а таксама дзвюх адзнак за ўнутраны іспыт “Творчасць” — за творчае сачыненне і творчае тэсціраванне. Сярэдні бал атэстата і адзнакі за экзамен “Творчасць” пераводзяцца ў стабальную сістэму і дадаюцца да сумы балаў па ЦТ.

“Станоўчыя адзнакі ў этапах па творчасці, якія дазваляюць удзельнічаць у конкурсе, пачынаюцца з “тройкі”. Нездавальняючыя адзнакі дастаткова рэдкі выпадак, але кожны год ёсць абітурыенты, якія іх атрымліваюць. У першую чаргу за творчае сачыненне”, — расказала Ганна Курэйчык.

Як патлумачыла памочнік адказнага сакратара прыёмнай камісіі факультэта журналістыкі БДУ, нездавальняючыя адзнакі за “Творчасць” адсейваюць тых, хто не здольны займацца такім відам творчай дзейнасці, як журналістыка. Так, нездавальняючую адзнаку можна атрымаць за вялікую колькасць памылак у сачыненні з нераскрытай тэмай.

“Бяда творчых сачыненняў у тым, што многія з іх напоўнены агульнымі фразамі. Прадметная камісія, якая ацэньвае сачыненні, чакае фактаў, канкрэтыкі, жыцця. Сачыненне павінна быць больш падобным да журналісцкай публікацыі. Высокія балы па ім, як правіла, атрымліваюць абітурыенты, у якіх шмат публікацый у СМІ”, — заўважыла Ганна Курэйчык.

Як расказала прадстаўнік факультэта журналістыкі, адзнака за творчае сачыненне ўлічвае ступень раскрыцця тэмы і пісьменнасць абітурыента. Асобным пунктам суразмоўца вылучыла такі крытэрый, як дакладнасць фактаў, што прыводзяцца ў сачыненні.

“Частыя факталагічныя памылкі — няправільныя імёны, імёны па бацьку, прозвішчы вядомых людзей і назвы іх твораў, на якія спасылаюцца ў сачыненнях, недакладнае цытаванне. Тое, што падаецца ў двукоссі як цытата, павінна адпавядаць першакрыніцы”, — звярнула ўвагу на некаторыя распаўсюджаныя памылкі Ганна Курэйчык.

Яна таксама адзначыла, што тэматыка сачыненняў датычыцца надзённых з’яў духоўна-маральнага і сацыяльнага жыцця грамадства. Аднак гатовыя тэмы сачыненняў абітурыентам не прапаноўваюцца. Праўда, можна пацікавіцца, на якія тэмы пісаліся сачыненні ў мінулыя гады.

Іншая сітуацыя з прыкладным пералікам пытанняў да творчага тэсціравання: яго можна знайсці на сайце Інстытута журналістыкі БДУ. Друкуецца ён і ў даведніку абітурыента.

“Як правіла, пытанне ў білеце адрозніваецца ад пытання ў прыблізным пераліку фармулёўкай, але не па сутнасці”, — заўважыла Ганна Курэйчык.

Яна расказала, што пытанні скіраваны на тое, каб выявіць, ці разбіраецца абітурыент у сістэме сучасных СМІ, ці разумее спецыфіку журналісцкай работы.

“Ад абітурыента не чакаюць такіх глыбокіх адказаў, як ад выпускніка факультэта журналістыкі. Аднак, калі ён не можа назваць ніводнага прозвішча журналіста, гэта выклікае здзіўленне, якое не можа не адбіцца на адзнацы”, — заўважыла Ганна Курэйчык.

Акрамя адказу на пытанне, падчас творчага тэсціравання абітурыентаў чакае аналіз яго творчых работ (гэта могуць быць як публікацыі ў газетах і часопісах, так і сцэнарыі, тэксты сюжэтаў тэле-і радыёперадач) і рэдагаванне прапанаваных рускамоўных і беларускамоўных тэкстаў.

“Што да аналізу творчых работ, у комплексе ацэньваецца іх колькасць, узровень СМІ (раённы, абласны ці рэспубліканскі), у якіх яны выйшлі ў свет, жанры тэкстаў (гэта звычайная інфармацыйная нататка аб нейкай падзеі ці больш глыбокі, складаны ў падрыхтоўцы тэкст), перыяд, за які яны былі апублікаваны ці выйшлі ў эфір (гэты факт сведчыць пра тое, як цесна абітурыент супрацоўнічае з рэдакцыяй), самастойна яны былі падрыхтаваны ці ў суаўтарстве”, — пералічыла крытэрыі, па якіх ацэньваюцца матэрыялы абітурыентаў у СМІ, Ганна Курэйчык.

Прыёмная камісія таксама прымае публікацыі ў інтэрнэт-СМІ. Залічваюцца публікацыі, размешчаныя ў такіх інтэрнэт-выданнях Інстытута журналістыкі, як Studlive і “Вэб-журналіст”, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца супрацоўнікі Інстытута журналістыкі.

“Камісія ўлічвае той факт, што публікавацца ў інтэрнэт-выданнях прасцей, чым у афлайнавай версіі: друкаваная газета ці часопіс мае абмежаваны аб’ём”, — звярнула ўвагу Ганна Курэйчык.

У прыёмную камісію можна падаваць як арыгіналы публікацый, так і іх копіі, якія абавязкова павінны быць завераны подпісам адказнай асобы гэтага СМІ і пячаткай рэдакцыі. Тое ж самае адносіцца і да копій сцэнарыяў, тэкстаў сюжэтаў тэле- і радыёперадач. Калі абітурыент публікаваўся пад псеўданімам, яму неабходна ўзяць пра гэта даведку ў рэдакцыі.

“У любога медыярэсурсу ёсць рэгістрацыя і заснавальнік, таму на раздрукаваных публікацыях з інтэрнэт-рэсурсу (у выглядзе скрыншота з экрана або ў выглядзе друкаванай версіі) таксама павінны стаяць пячатка і подпіс. Незавераныя матэрыялы камісія мае права не разглядаць”, — адзначыла памочнік адказнага сакратара прыёмнай камісіі факультэта журналістыкі БДУ.

У якасці творчых работ абітурыента будуць залічаны і фотарэпартажы, якія ўбачылі свет, чаго не скажаш пра публікацыі ў школьных газетах. Безумоўна, іх можна будзе прынесці, калі нічога іншага немагчыма прапанаваць камісіі, аднак вялікай ролі яны не адыграюць. Як заўважыла Ганна Курэйчык, калі абітурыент прыйдзе ўвогуле без публікацый, то нават пры ідэальных адказах на астатнія пытанні творчага тэсціравання вышэй за 6 балаў ён не атрымае.

“Абітурыентам факультэта журналістыкі варта памятаць, што акрамя падрыхтоўкі да ЦТ ім абавязкова трэба супрацоўнічаць са СМІ. Не толькі дзеля адзнакі, але і каб вызначыцца, ці будзе прафесія журналіста ім даспадобы ў будучыні”, — рэзюмавала Ганна Курэйчык.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.