Хочацца бачыць вочы дзяцей

Настаўнік — гэта і прафесія, і стыль жыцця, і прызванне. Такія словы вельмі дакладна характарызуюць настаўніцу беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 44 Віцебска Таццяну Аляксандраўну Вахляеву.

Аб прафесіі настаўніка яна марыла яшчэ з пачатковых класаў, бо ёй вельмі падабалася першая настаўніца Яўгенія Сцяпанаўна Бажкова. У 1986 годзе Т.А.Вахляева скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Падчас вучобы ў інстытуце захапілася асобай і творчасцю выкладчыка Анатоля Мікалаевіча Канапелькі. Гэта быў апантаны чалавек, улюбёны ў літаратуру, які на лекцыях расказваў пра сустрэчы з цікавымі лю­дзьмі, пра ўласныя знаёмствы з майстрамі пяра: Гена­дзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам, Давідам Сімановічам. Паэ­ты часта прыязджалі на сустрэчы са студэнтамі. Да таго ж А.М.Канапелька быў тэатралам, патрабаваў ад студэнтаў ведання вершаў на памяць. Таццяна Аляксандраўна рада, што на яе шляху сустракаліся людзі, якія далі штуршок, змаглі наву­чыць думаць па-беларуску, дапамаг­лі захапіцца мовай, культурай.

Сваё жыццёвае крэда Т.А.Вахляева вызначае наступным чынам:

Скрыначка Пандоры…

                                  Памятаю, дружа,

Колькі розных рэчаў

                              прыхаваў нам рок, —

Слёзы і хваробы, кактусы і ружы… —

Усё прыму з падзякай,

                                     як жыцця ўрок.

Смела йду ў сонца, як казаў Купала.

Хоць бывае страшна, крыўдна,

                                         хоць ты плач!

Але цвёрда веру,

                          каб у жыцці спрыяла,

Трэба гартавацца ад сваіх няўдач.

Таццяна Аляксандраўна — адукаваны, кампетэнтны спецыяліст, які на высокім узроўні валодае беларускай мовай. На сваіх уроках яна імкнецца выхоўваць у навучэнцаў павагу да нацыянальных традыцый, культуры, мовы. Вялікую ролю адводзіць развіццю маўлення, творчых здольнасцей, культуры зносін дзяцей. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу Таццяна Аляксандраўна ўлічвае сучасныя педагагічныя патрабаванні, выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, асобасна арыентаваны падыход. У апошнія гады працавала над тэмай па самаадукацыі “Міжпрадметныя сувязі на ўроках беларускай літаратуры ў старшых класах”. Яе творчы прынцып: “Не можаш быць вялікай дарогай — будзь сцежкай, не можаш быць вялікай ракой — будзь ручаінкай, але заўсёды праяўляй лепшае, што ў цябе ёсць”.

Павышаную ўвагу настаўніца ўдзяляе працы з адоранымі навучэнцамі, якія часта становяцца пераможцамі II этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Пад кіраўніцтвам Т.А.Вахляевай вучні выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях як школьнага, так і раённага ўзроўню.

Таццяна Аляксандраўна доўгі час з’яўляецца кіраўніком тэатральнага гурт­ка “Натхненне”. Яе выхаванцы — пераможцы раённых і гарадскіх  конкурсаў школьных тэатральных калектываў. Гурткоўцамі паспяхова былі пастаўлены ўрыўкі з п’ес “Вечар”, “Радавыя” Аляксея Дударава, “Беларускія вячоркі”  (па матывах твораў беларускіх аўтараў). Мае школьны тэатр і яго акцёры і свае ўзнагароды. У прыватнасці, былі высока ацэнены спектаклі “У гасцях у Паўлінкі” па камедыі Янкі Купалы “Паўлінка” і “Зацюканае заўтра” паводле А.Макаёнка. Некалькі вучняў былі ўзнагароджаны дыпломамі за выдатнае выкананне роляў. Дарэчы, многія выпускнікі настаўніцы звязалі свой далейшы лёс з мастацтвам, з акцёрскай дзейнасцю.

Т.А.Вахляева прымае актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці. У пазашкольны час удзельнічае ў шматлікіх конкурсах, аглядах, раённых фестывалях мастацкай самадзейнасці сярод педагогаў. Настаўніца вельмі добра спявае, піша вершы. Сімпатызуе ёй родны Віцебск, які захапляе сваёй гісторыяй і прыгажосцю. Жанчыне падабаецца вучыцца, сустракацца з творчымі людзьмі, быць у цікавых месцах.

Таццяну Аляксандраўну вызна­чаюць працалюбства, стрыманасць, адказ­насць, добразычлівасць. Яе паважаюць і калегі, і бацькі, і вучні.

Мае настаўніца і шмат узнагарод. Гэта і падзякі за шматгадовую працу па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, і ганаровыя граматы за высокія паказчыкі ў працы, прафесіяналізм, а таксама за актыўную пазіцыю ў развіцці даследчай дзейнасці навучэнцаў.

На ўроках Т.А.Вахляева не сядзіць за сталом, бо гэта перашкаджае ду­маць. Таццяна Аляксандраўна хоча бачыць вочы дзяцей, назіраць за імі, імкнецца знайсці ключык да кожнага. Яна лі­чыць, што дзеці павінны радавацца, калі іду ць на ўрок. Праз міжпрадметныя сувязі такіх дысцыплін, як мастацтва, гісторыя, літаратура яна захапляе вучняў, расказвае ім пра цікавыя выпадкі з жыцця знакамітых людзей. Таццяна Аляксандраўна адзначае, што зараз дзяцей больш прывабліваюць сучасныя метады навучання.

На аснове міжпрадметных сувязей настаўніца разам з калегамі распрацавала шэраг эфектыўных творчых праектаў, сярод якіх сустрэчы са знакамітымі людзьмі, музычна-паэтычныя вечарыны, прысвечаныя значным падзеям, памятным датам, юбілеям пісьменнікаў, школьная газета “Садруж­насць”, тэатральныя пастаноўкі.

На думку Таццяны Аляксандраўны, зараз патрабаванні да настаўніка вельмі вялікія. Сучасны педагог абавязаны адпавядаць часу. Дзеці не павінны ба­чыць на твары настаўніка незадаволенасці, стомленасці, нядужасці. Нават сваім знешнім выглядам настаўніку неабходна несці пазітыў. Яму трэба ўмець кантраляваць свае эмоцыі, стымуля­ваць вучняў.

 Амаль 33 гады Т.А.Вахляева аддала сваёй любімай прафесіі. А калі б не прыйшла ў яе, як разважае настаўніца, то, магчыма, працавала б у галіне культуры, журналістыкі ці на тэлебачанні.

Таццяна АЛЯКСЕЕВА,
выхавальнік сярэдняй школы № 44 Віцебска.