Holiday Card Exchange

- 15:09Выхаваўчая прастора

На працягу зімы вучні сярэдняй школы № 3 Іванава не толькі набывалі веды па вучэбных прадметах, але і рупліва займаліся яшчэ адной адказнай справай: атрымлівалі навагоднія паштоўкі, старанна іх вывучалі і афармлялі прыгожы стэнд. Паштоўкі прыходзілі са школ Беларусі, Расіі, Канады, ЗША і Тайваня ў рамках міжнароднага праекта Holiday Card Exchange.

Сутнасць праекта — у абмене навагоднімі паштоўкамі, пры гэтым дзеці знаёмяцца і наладжваюць кантакт з аднагодкамі з усяго свету, даведваюцца пра традыцыі іншых народаў, удасканальваюць англійскую мову і, безумоўна, паказваюць свой талент па падрыхтоўцы паштовак. Праект узнік у 2006 годзе і з таго часу толькі набіраў моц. Сёлета ён стаў рэкордным па колькасці ўдзель

нікаў: 19 285 вучняў з 272 школ 35 краін. Школы-ўдзельніцы дзеляцца на групы (у гэтым годзе іх было 34). Праект складаецца з трох этапаў. На першым этапе (ён доўжыцца з 19 жніўня па 8 лістапада) удзельнікі рыхтуюць святочныя паштоўкі і лісты, у якіх расказваюць аб асаблівасцях святкавання Новага года ў сваёй краіне і школе. На наступным этапе (з 1 лістапада па 31 снежня) школьнікі працуюць анлайн і кожны тыдзень атрымліваюць заданні: расказаць пра сваю краіну, навагоднія і калядныя традыцыі, падзяліцца рэцэптам любімай святочнай стравы і г.д. На форуме вучні могуць выкладваць фотаздымкі і задаваць пытанні новым сябрам са школ-партнёраў. Таксама можа быць наладжана відэаканферэнцыя. Заключны, трэці, этап, доўжыцца з 15 снежня па 31 студзеня. Кульмінацыяй яго з’яўляецца атрыманне паштовак, падрыхтоўка выставы ў школе, напісанне матэрыялу для школьнай або раённай газеты.

Мы прымалі ўдзел у праекце Holiday Card Exchange ўпершыню, але думаецца, што гэты праект стане ў нашай школе традыцыйным, таму што ён зацікавіў усіх: і тых, хто ствараў паштоўкі, і тых, каго захапіла выстава.

Святлана СЕВЯРЫН,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Іванава.