Хто дасць сур’ёзным праектам дарогу ў жыццё?

- 10:13Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў
Два дыпломы пераможцаў прывезлі гімназісты Ірынінскай гімназіі Гомеля з Маскоўскага міжнароднага конкурсу “Кірмаш ідэй на Паўднёвым Захадзе — 2013”.

Юныя даследчыкі прадстаўлялі ў расійскай сталіцы два праекты, якія былі выкананы пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Алены Васільеўны Жылінскай. Дзевяцікласніца Ганна Руснак удзельнічала ў секцыі “Руская філалогія”, дзе абараняла навукова-даследчую работу на тэму “Канструкцыі са значэннем параўнання ў паэме М.В.Гогаля “Мёртвыя душы”. Глыбокае веданне дзяўчынай творчасці рускага класіка адзначылі нават выкладчыкі Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў. А гэта, пагадзіцеся, даволі высокая пахвала.
Гімназісты Ганна Руснак, Уладзіслаў Кравец і Ігар Чыжоў з Аленай Васільеўнай Жылінскай на Маскоўскім міжнародным конкурсе "Кірмаш ідэй на Паўднёвым Захадзе-2013". А вось Уладзіслаў Кравец і Ігар Чыжоў вазілі на маскоўскі кірмаш сапраўдны інвестыцыйны праект пад назвай “Культурна-забаўляльная дзейнасць падлеткаў. Будаўніцтва дзіцячай спартыўна-забаўляльнай пляцоўкі ў Навабеліцкім раёне горада Гомеля”. Гэта на самай справе актуальная тэма для абласнога цэнтра. Дзеці, якія пражываюць у Навабеліцкім раёне, асабліва адчуваюць адсутнасць пляцоўкі, дзе яны маглі б бавіць вольны час. Хлопцы, разам з настаўніцай, не проста намалявалі сваё бачанне зоны адпачынку. Яны падабралі для яе ўсё абсталяванне, правялі аналіз айчынных прамысловых прадпрыемстваў, якія выпускаюць трэнажоры, штучнае пакрыццё і іншыя патрэбныя матэрыялы. Зразумела, распрацавалі бізнес-план, склалі каштарыс і прыдумалі назву свайго аб’екта — “Адрэналін”. Адным словам, усё па правілах.
Работу гомельскіх гімназістаў расійскія спецыялісты ацанілі высока. Прычым не лішне адзначыць, што ў аб’ектыўнасці ацэнкі няма ніякіх сумненняў. Аддаць свой голас таму ці іншаму ўдзельніку маглі не толькі члены журы, але і кожны наведвальнік кірмашу. Вельмі б хацелася, каб і мясцовыя ўлады не засталіся раўнадушнымі да сур’ёзнай творчасці навучэнцаў. Амаль гатовы праект, тэрыторыя для яго ўзвядзення таксама ёсць. Засталося толькі знайсці інвестара, прыцягнуць да гэтай справы ўвагу гомельскіх бізнесменаў.
Дарэчы, гэта не адзіны праект “ірынінцаў”. У пачатку гэтага года гімназія атрымала дыплом пераможцы на Гомельскім гарадскім дзіцячым інвестыцыйным форуме з праектам “Кветкі сяброўства”. Гэты праект накіраваны на добраўпарадкаванне вуліц і паркавых зон абласнога цэнтра і ўяўляе сабой 22 клумбы, засеяныя рознымі кветкамі. Але гэта не простыя клумбы. Кожная з іх выканана ў форме герба таго ці іншага горада-пабраціма Гомеля. Згодна з каштарысам, складзеным на канец мінулага года, стварэнне адной такой клумбы каштуе 14 з паловай мільёнаў рублёў. Праект зацікавіў кіраўніцтва Гомельскага гарвыканкама, а таксама адміністрацыю Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Але пакуль што ён застаецца на паперы.
Над прыгожым праектам працавалі навучэнкі 9 класа Марына Набатава і Ганна Башмак пад кіраўніцтвам усё той жа Алены Васільеўны. Гэта яна бясконца генерыруе ідэі і заахвочвае дзяцей.
— Складаней за ўсё знайсці ідэю, — прызнаецца А.В.Жылінская. — А калі ідэя ёсць, тады праца кіпіць, у дзяцей нараджаюцца ўсё новыя і новыя думкі, іншы раз проста неверагодныя!
— Мы вельмі ўдзячны нашым спонсарам, сярэдняй школе № 568 Масквы, Навабеліцкаму райкаму прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, грамадскаму аб’яднанню “Белая Русь”, кіраўніцтву аўтобуснага парка № 1 горада Гомеля, — кажа намеснік дырэктара Ірынінскай гімназіі Таццяна Вітальеўна Навуменка — Менавіта дзякуючы гэтым арганізацыям нашы дзеці змаглі ўдзельнічаць у Маскоўскім міжнародным конкурсе.
Ірынінская гімназія носіць імя княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч, якая ўнесла вялікі ўклад у развіццё навукі і адукацыі на Гомельшчыне. Гімназісты ўжо не раз даказвалі, што яны заслугоўваюць насіць гэтае высокае імя. Застаецца спадзявацца, што слаўныя традыцыі “ірынінцаў”, іх цікавыя ідэі і сур’ёзныя праекты будуць рэалізаваны. Гэта паслужыць добрым штуршком для новых пачынанняў.

Наталля ЛУТЧАНКА.