Хто-хто ў лабаранцкай жыве?

- 11:15Навіны рэгіёнаў

Экскурсійнае мерапрыемства з такой назвай штогод праходзіць у нашай школе ў рамках тыдня біялогіі, набываючы з часам новыя формы і змест. Гэта своеасаблівы дзень адкрытых дзвярэй у кабінеце біялогіі. Дзеці вельмі любяць яго, асабліва іх прыцягвае лабаранцкая. А калі ёсць цікавасць да чагосьці карыснага, яе трэба ўсяляк заахвочваць!

Штогод кабінет біялогіі наведваюць будучыя першакласнікі з мэтай знаёмства з вучэбнымі кабінетамі. Частымі гасцямі з’яўляюцца і малодшыя школьнікі. Павышаную цікавасць да лабаранцкай праяўляюць вучні 5—9 класаў, якія любяць патрымаць у руках страусавае яйка, дакрануцца да скуры вужа, параўнаць памер какосавага арэха з памерам сваёй галавы. Цікавасць да расліннага і жывёльнага свету варта падтрымліваць і развіваць. На гэта і накіравана экскурсійнае мерапрыемства “Хто-хто ў лабаранцкай жыве?”, у дзень правядзення якога кабінет біялогіі становіцца выставачнай залай, дзе працуюць экспазіцыі “Свет раслін”, “Свет жывёл”, “Падарожжа ў свет анатоміі чалавека”, “Эвалюцыя”, “Я даследчык” і “Жывы куток”.

Экскурсіі праводзяць вучні профільнай групы па біялогіі, якія самі выбіраюць раздзелы, дзе хацелі б папрацаваць экскурсаводамі. Для гэтага яны спачатку адбіраюць экспанаты ў лабаранцкай, рыхтуюць матэрыялы для паведамленняў, выкарыстоўваючы веды, атрыманыя на ўроках біялогіі, далучаюць да сваіх аповедаў факты з раздзела “Гэта цікава ведаць”. Так, у раздзеле “Свет раслін” экскурсаводы знаёмяць наведвальнікаў з калекцыяй насення і пладоў, расказваюць пра драматычны лёс рускага навукоўца М.І.Вавілава і яго ўнікальнай калекцыі, захаванай у блакадным Ленінградзе. Важна, што на выставе можна дакрануцца да многіх экспанатаў. Дзеці з цікавасцю разглядваюць кедрАвую шышку і какосавы арэх, гладзяць аксаміцісты плод магноліі, выцягваюць валокны з баваўнянай каробачкі і параўноўваюць іх з валокнамі лёну.

Найбольшыя ўражанні ў малодшых школьнікаў пакідае раздзел “Свет жывёл”. На выставачным стале дзеці бачаць шкілеты вужа, кошкі, рыбы і голуба, калекцыі насякомых і малюскаў з розных мораў, краба, рака, крэветку з мясцовага вадаёма, страусавае яйка, конскага павука, плавальны пузыр ляшча, пёры паўліна, цацаркі, страуса, перапёлкі і папугайчыкаў, кокан тутавага шаўкапрада з Турцыі, карал з Індыйскага акіяна і інш.

З эвалюцыяй чалавека і развіццём аддзелаў галаўнога мозга ў пазваночных вучні знаёмяцца ў раздзеле “Эвалюцыя”. У раздзеле “Я даследчык” дзецям прапаноўваецца ўспомніць будову любімага біялагічнага інструмента — мікраскопа, дзякуючы якому можна разгледзець і кроў чалавека, і яго волас, яйцаклетку ў фалікуле яечніка марской свінкі, і хваінку сасны звычайнай. Прыемна, што некаторыя экспанаты кабінета падораны вучнямі і іх бацькамі.

Завяршаецца экскурсія наведваннем жывога кутка, дзе гаспадары тушканчыкаў, хамячкоў, марскіх свінак, чарапашак, акварыумных свінак і папугайчыкаў дзеляцца вопытам па іх доглядзе.

Падчас мерапрыемства педагогі абавязкова нагадваюць дзецям пра гармонію ў прыродзе, беражлівыя адносіны да навакольнага свету. Экскурсія ў кабінет біялогіі дазваляе разнастаіць формы пазакласнай работы, абагульніць і паўтарыць вучэбны матэрыял, развіць пазнавальныя інтарэсы і камунікатыўныя навыкі школьнікаў.

Святлана КЕМЕЖ,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 3 Пружан.