Хто пабудуе ІТ-краіну?

- 10:36Вышэйшая школа

Сёння шмат гавораць пра ІТ-універсітэт — пра тое, каго там трэба вучыць, чаму вучыць, як вучыць і для чаго. Але я прапаную да абмеркавання адно пытанне — каму вучыць? Відавочна, што падрыхтоўка ІТ-спецыяліста немагчыма без фундаментальных матэматычных ведаў (інакш гэта будзе не ІТ-універсітэт, а ПТВ).

Механіка-матэматычны факультэт БДУ — адзін з нямногіх у краіне, хто рыхтуе выкладчыкаў матэматыкі, інфарматыкі і механікі для вышэйшай школы. Пра канкурэнцыю з ІТ-сферай за лепшых спецыялістаў, супрацоўніцтва і пошук кампрамісаў дзеля прытоку маладых сіл ва ўніверсітэт гутарым з дэканам Дзмітрыем Мядзведзевым.

— Сёння многія спрабуюць размежаваць і нават су­працьпаставіць адукацыю і ІТ-галіну, але мы гуляем на адным полі, і ў глабальным сэнсе ў нас адны мэты. Адна з такіх мэт — адукацыйная бяспека краіны. Адукацыя, як і ахова здароўя, — вечныя сферы, і чым якасней яны працу­юць, тым больш камфортна жыве народ, а значыць, кожны з нас.

Калі мы гаворым пра адукацыйную бяспеку, то перш за ўсё маем на ўвазе кадры — тых спецыялістаў, якія будуць вучыць нашых дзяцей праз 5, 10, 15 гадоў. І не толькі ў школах, але і ва ўніверсітэтах. Прычым універсітэты я паставіў бы нават на першае месца, бо дыпламаваныя выпускнікі ідуць працаваць у розныя сферы эканомікі, і ад іх кампетэнтнасці наўпрост залежыць агульны дабрабыт краіны.

Адукацыйная бяспека — гарантыя таго, што ў нас будзе і ІТ-універсітэт, і лічбавая эканоміка, і ўрэшце ІТ-краіна. Гэта як на любой будоўлі ёсць не толькі будаўнікі, але і архітэктары, канструктары, дызайнеры, інжынеры і шмат іншых спецыялістаў. ІТ-краіну таксама трэба будаваць талакой — у кожнага свой груз адказнасці і ведаў.

Зараз у БДУ вельмі моцны выкладчыцкі склад (ён заўсёды такім быў), але, думаючы пра адукацыйную бяспеку, мы павінны рыхтаваць сабе змену. А ў сучасных умовах гэта няпроста.

Калі паглядзець на ўзроставы склад многіх кафедр ва ўніверсітэтах, то ён не радуе. Асабліва гэта тычыцца галін, блізкіх да ІТ. На жаль, многія маладыя навукоўцы, абараніўшы дысертацыю, сыхо­дзяць у ІТ-сферу. Нядаўна ў ВАКу ўручалі дыпломы дактарам навук. Пытаюцца ў аднаго маладога доктара біялагічных навук, дзе ён працуе. Адказвае: у EPAM Systems. Гэта зразумела: біяінфарматыка зараз на пярэднім краі ІТ, яго работа там цікавая і карысная. Але трэба прызнаць, што сыход такога навукоўца — вялікая страта для сістэмы адукацыі.

— Так ці інакш кожны матэматык робіць складаны, я нават сказала б экзістэнцыяльны, выбар: навука або ІТ? Даследаванні або матэрыяльны дабрабыт? Ці можна займацца навукай, выкладаць і зарабляць (але каб пры гэтым не памерці ад працы з раніцы да ночы)?

— Так, мы шырокім фронтам рухаемся ў ІТ, ІТ рухаецца на нас. Ёсць студэнты, шчыра захопленыя тэарэтычнай матэматыкай, але яны сталеюць, ствараюць сем’і, і натуральна, што матэрыяльны складнік у многіх выпадках становіцца вырашальным. Вядома, ва ўніверсітэце матэрыяльнае ўзнагароджанне не такое, як прапаноўваюць у сумежных галінах, таму са многімі выпускнікамі стараемся заключыць парытэтныя пагадненні: калі ласка, працуй у ІТ-кампаніі, але заставайся на кафедры хаця б на палову стаўкі.

Нам патрэбны маладыя выкладчыкі: каб студэнты бачылі іх запаленыя вочы, усведамлялі рэальную аддачу ад навукі (што не да сівой барады чакаць, а ўжо зараз можна дасягнуць поспеху), каб яны вучыліся сучаснаму не толькі ў тэхналогіях, але і ў жывых людзях. Безумоўна, прафесар патлумачыць усё так, як трэба. Але малады чалавек, ды яшчэ са ступенню кандыдата навук, — гэта ўжо іншы погляд. Для захавання адукацыйнай бяспекі вельмі важны вось гэты сінтэз ведаў дасведчанага прафесара і маладога харызматычнага навукоўца.

Сёння роля БДУ, у прыватнасці, механіка-матэматычнага факультэта, заключаецца ў тым, каб рыхтаваць кадры не толькі для эканомікі, але і для вышэйшай школы, для сябе. Не проста да­ваць студэнтам нейкія навыкі (гэта будзе прафесійная адукацыя), а ву­чыць іх думаць, разважаць, узнаўляць і генерыраваць новыя веды. Універсітэцкія кафедры павінны пастаянна папаўняцца маладымі навукоўцамі — у гэтым і заключаецца адукацыйная бяспека.

Дарэчы, у рабоце ўніверсітэцкага выкладчыка ёсць шмат станоўчага. Матэматыка, механіка, інфарматыка (навукі, якія вывучаюцца на нашым факультэце) — гэта тое, чым можна займацца з юнацтва да старасці. Работа патрабуе свежых мазгоў, спрыяльнай атмасферы ў калектыве і добрага настрою. А самае галоўнае, што выкладчыкам заўсёды ёсць з кім дзяліцца ведамі. Наша галоўная задача — запаліць моладзь сваёй справай, бо тых, хто любіць матэматыку, нават матываваць не трэба.

— Мала хто параўнаецца з матэматыкамі ў выбары месца працы — яны запатрабаваны ўсюды. Раскажыце, Дзмітрый Георгіевіч, як  размяркоўваюцца вашы выпускнікі.

— Адразу скажу, што мы задаволены нашымі студэнтамі і магістрантамі. Прахадныя балы на факультэт высокія: 330—350 у залежнасці ад спецыяльнасці, і няздольных у нас няма. Аднак вучыцца студэнтам цяжка, бо, акрамя ўсяго, даводзіцца вытрымліваць прэсінг ІТ-кампаній, якія зацікаўлены ў талковых супрацоўніках і даволі рана прапаноўва­юць ім работу. Зрэшты, усім нам удаецца знаходзіць кампраміс.

Механіка-матэматычны факультэт БДУ — адзін з элітарных факультэтаў у краіне, які рыхтуе спецыялістаў у галіне матэматыкі, механікі, сістэмнага аналізу і інфармацыйных тэхналогій.

Тут вучыцца больш за 950 студэнтаў на дзённай форме і каля 300 — на завочнай, а таксама 69 магістрантаў, звыш 40 аспірантаў і 3 дактаранты.

Вучэбны працэс забяспечвае больш за 150 выкладчыкаў (сярод іх 3 акадэмікі і 1 член-карэспандэнт НАН Беларусі, 32 прафесары і дактары навук, 93 дацэнты і кандыдаты навук).

На факультэце 10 кафедр: дзве кафедры механікі і восем матэматычных. Яны вядуць падрыхтоўку па чатырох спецыяльнасцях:

“Матэматыка” (па напрамках);

“Механіка і матэматычнае мадэляванне”;

“Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз”;

“Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі” (напрамкі — “Вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі” і “Матэматычнае і праграмнае забеспячэнне мабільных устройстваў”).

Дзве апошнія напрамую адносяцца да ІТ-адукацыі — гэта пярэдні край інфарматызацыі. Што да спецыяльнасці “Механіка і матэматычнае мадэляванне”, то прадметам вывучэння з’яўляюцца не машыны і механізмы, а матэматычнае мадэляванне працэсаў у прыродзе, грамадстве, тэхніцы.

Факультэт цесна супрацоўнічае з вядучымі IT-кампаніямі: EPAM Systems, Itransition, IBA Group, HiQo Solutions, Exadel, Qulix Systems і іншымі. Студэнты маюць магчымасць прахо­дзіць там вытворчую і пераддыпломную практыку. Многія вядучыя спецыялісты згаданых кампаній працуюць на факультэце.

Матэматыкай і інфарматыкай можна займацца дыстанцыйна, таму многія студэнты ўжо з другога курса падпрацоўваюць у вольны ад вучобы час. Напярэдадні размеркавання амаль усе яны прыно­сяць заяўкі ад прадпрыемстваў і арганізацый, дзе паспелі ўжо сябе зарэкамендаваць.

— Дзмітрый Георгіевіч, як вы знаходзіце баланс паміж прыкладнымі ведамі, якія даюць выпускніку магчымасць хутка ўліцца ў вытворчы працэс, і фундаментальнай асновай, што ўзнімае адукацыю над тэхналогіямі, але прымушае давучвацца ў дэталях?

— Вядома, што ў аснове ўсіх перспектыўных ІТ-распрацовак (ці гэта камп’ютарны зрок, штучны інтэлект або вялікія даныя) ляжыць матэматыка. Аднак няма размовы пра тое, што трэба вучыць студэнтаў усёй матэматыцы: у кожным ІТ-напрамку ёсць свая “табліца множання” — тыя азы, на якія трэба абапірацца. І калі ты раптам не ведаеш, што рабіць, то ўспамінаеш гэтую “табліцу” — і яна дапамагае рашыць пастаўленую задачу.

Мы вучым студэнтаў не матэматыцы наогул, а пад кожную спецыяльнасць спрабуем знайсці пэўнае прымяненне. Абарона інфармацыі грунтуецца на алгебры, распазнаванне вобразаў — гэта геаметрыя, вялікія даныя — тэорыя верагоднасці. Усё вельмі звязана. Студэн­ты, якія гэта разумеюць і не грэбуюць тэарэтычнымі ведамі (побач з авалоданнем практычнымі навыкамі), з часам атрым­ліваюць у ІТ-кампаніях найлепшыя пазіцыі.

Жыццё ідзе, і заўсёды прый­дуць больш маладыя і актыўныя. За кошт сваёй актыўнасці, маладосці, напору яны могуць выцесніць людзей, якія не ма­юць глыбокіх ведаў. Добра, што ўсё больш студэнтаў гэта ўсведамляюць. Так, яны прагматычныя і мараць працаваць у Facebook ці Google. Але пры гэтым назапашваюць фундаментальныя веды і такім чынам ствараюць добры запас ведаў на будучыню.

Дзмітрый Мядзведзеў:

“Факультэт падтрымлівае навуковыя кантакты са многімі ўніверсітэтамі па ўсім свеце. Так, у нас ёсць даўнія кантакты з Універсітэтам Ота-фон-Герыке (Магдэбург, Германія), пераважна па спецыяльнасці “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз”. Праграма супрацоўніцтва развіваецца ўжо на працягу 20 гадоў. Летам лепшыя студэнты факультэта праходзяць у Магдэбургу стажыроўку, а завяршыўшы сумесную магістратуру, выпускнікі маюць магчымасць атрымаць два магістарскія дыпломы — наш і нямецкі.

У БДУ вельмі добрыя сувязі з Кітаем. На базе Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта створаны Сумесны інстытут ДПУ — БДУ, які ўжо трэці год вядзе падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Фізіка” і “Механіка”. Выкладанне студэн­там ажыццяўляецца на англійскай мове, і нашы выкладчыкі рэгулярна ездзяць у Кітай, забяспечваючы беларускую частку вучэбнай праграмы. Выпускнікі змогуць атрымліваць два дыпломы — БДУ і ДПУ.

А сёлета ўжо ў Мінску адбыўся першы набор у Сумесны інстытут БДУ — ДПУ. Мы пайшлі далей і адкрылі ўжо тры спецыяльнасці: “Механіка”, “Фізіка” і “Сусветная эканоміка”. Наш факультэт забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў па першай спецыяльнасці. Радуе, што студэнты, якія прыйшлі вывучаць механіку, маюць высокія прахадныя балы. Зараз яны вучацца на рускай мове, але з трэцяга курса пэўныя прадметы ім будуць выкладаць па-англійску. Плануецца, што на апошніх курсах і ў магістратуры з імі будуць працаваць таксама прафесары з Кітая. І гэтак жа, як кітайскія студэнты ў сумесным інстытуце, нашы выпускнікі атрымаюць два дыпломы.

Наступны крок — сумесная магістратура з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам. Нашы праграмы ў цэлым супадаюць, але зараз мы чакаем прыняцця новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і Дзяржаўнага класіфікатара. З прыняццем гэтых дакументаў мы плануем, што ў магістратуры мехмата будзе дзве спецыяльнасці: “Матэматыка і камп’ютарныя навукі” і “Механіка і матэматычнае мадэляванне” (з неабходнай прафілізацыяй). Аналагічныя спецыяльнасці ёсць і ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце — у магістратуры, куды паступаюць выпускнікі іншых устаноў адукацыі (праграма навучання ў МДУ першапачаткова мае на ўвазе магістратуру, усе студэнты вучацца 6 гадоў). Такім чынам, мы можам арганізаваць вельмі эфектыўную сумесную падрыхтоўку”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.