Хто паедзе на World Robot Olympics?

27—29 жніўня ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву прайшоў VIII Мінскі адкрыты робатурнір. У ім удзельнічалі школьнікі, студэнты і дарослыя. Усяго — больш за 300 каманд з Беларусі, Расіі і Украіны. 

Спаборніцтвы праходзілі ў 40 катэгорыях для людзей розных узростаў і з розным узроўнем падрыхтоўкі: Roborace, інтэлектуальнае сумо і міні-сумо, лабірынт, праходжанне па лініі, праграмуемыя дроны, футбол аўтаномных робатаў, дуатлон і інш. Кожны дзень трэнераў і ўдзельнікаў чакалі майстар-класы, семінары, дэманстрацыі, выставы. Там расказвалі пра праграму навучання педагогаў STEM-цэнтраў, пра тое, як падрыхтаваць каманды да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах RoboCup ОnStage, як арганізаваць спаборніцтвы з дапамогай партала РОБАФІНІСТ і інш. 

— Калі параўноўваць гэты турнір з іншымі, то ў нас пашырыліся спіс катэгорый і лінейка адукацыйных трэкаў. Важна, што гэтым разам асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” выступала як нацыянальны арганізатар этапу адбору на Сусветную алімпіяду робатаў, — кажа дырэктар асацыяцыі Валянціна Чэкан. 

Мінскі робатурнір завяршыў сезон Кубка па адукацыйнай робататэхніцы 2020/2021. У выніку пераможцай у катэгорыі Roborace. PRO стала каманда SRS з Брэста, у Roborace. PRO mini — SuperStas (Мінск), у “Roborace. Адукацыйныя канструктары” — White Storks (Мінск), у “Міні-сумо” — MGRobot1 (Мядзел), у “Лабірынце” — Discovery (Мінск), у катэгорыі “Праходжанне па лініі. Адукацыйныя канструктары” — eKids_Ten (Мінск), у “Праходжанні па лініі. PRO” — STraveler (Мінск), у “Праходжанні па лініі. Юніёры” — Blade Runner (Мінск), у праграмуемых дронах —
“ДДТелло” (Баранавічы), у “Вялікай вандроўцы: старэйшая катэгорыя” — MGRobot-BP2 (Мядзел), у “Вялікай вандроўцы: малодшая катэгорыя” — KingBot (Мінск), у “WRO: Футбол аўтаномных робатаў” — F2 (Мінск).

На нацыянальным адборы на World Robot Olympics — 2021 усе пераможцы былі з Мінска. Гэта каманды Alpha 17, White Wings_WRO, WRO_2021_Senior і White Storks WRO FE.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі робатурніру.