Хто працуе, той і святкуе

У мінулую суботу ў холе Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна было людна. Атмасфера грандыёзнага свята адчувалася ва ўсім. Дзеці разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі спяшаліся на традыцыйнае для школы свята ўраджаю “Багач”. Матулі пяклі пірагі, бабулі дасталі са сваіх куфраў вышыванкі для выстаўкі, ну, а дзеткі вучылі вершы і песні пра восень. “Хто працуе, той і святкуе!” — даносілася з усіх куткоў школы.

З самай раніцы школа сустракала гасцей шчодрымі дарамі восені, багатымі міні-падворкамі, якія аформіў кожны клас. Чаго толькі на сталах не было! Пірагі, булкі, галушкі і іншыя прысмакі запрашалі падысці менавіта да гэтага падворка. Красаваліся на сталах велізарныя гарбузы, духмяныя яблыкі і грушы. Знайшлося месца і для шклянак з варэннем, залацістым мёдам. Галоўнае месца на кожным падворку адводзілася караваю. Разгарнуўся вялікі святочны кірмаш. Дзеці расказвалі вершы, спявалі песні, вадзілі карагоды. Кожны клас хацеў найлепш прадставіць свой падворак. Вучні першых класаў паказалі інсцэніроўку казкі “Рэпка”, сярэднія класы падрыхтавалі сапраўдны канцэрт з песнямі і танцамі. Не засталіся ўбаку і старшакласнікі: гралі на музычных інструментах, спявалі частушкі.

Дзядулі і бабулі таксама ўзялі ўдзел у свяце. З натхненнем расказвалі малодшаму пакаленню пра нялёгкую працу ў полі, пра традыцыі святкавання дажынак. Народнае свята “Багач” для Путрышкаўскай сярэдняй школы стала традыцыйным, бо аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў. Мы шчыра запрашаем усіх на свята ўраджаю “Багач” у наступным годзе. Што нарыхтуем, тым і пачастуем!

Кацярына УСЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.