Хто стварае “экраннае” мастацтва?

- 16:58Апошнія запісы, Вышэйшая школа, Рознае

Фестываль кінашкол у Кіеве. Дом кіно. Свае работы студэнты факультэта экранных мастацтваў Акадэміі мастацтваў пакажуць адразу пасля студэнтаў ВГІКа. І кіраўнік менавіта гэтай дэлегацыі падыдзе і скажа: “Так, гэта добры ўзровень”.
П.У.Іваноў, дэкан факультэта экранных мастацтваў, па прафесіі рэжысёр. Ён ужо ставіў спектаклі для беларускіх тэатраў, працаваў над стварэннем праграм для моладзі на Беларускім тэлебачанні. Яму знаёма кухня “экраннай” творчасці знутры. Таму Павел Уладзіміравіч расказаў не толькі пра тое, як трапіць на факультэт, але і падзяліўся сваімі думкамі пра сучаснае кіно і тэлебачанне.

Малады факультэт з багатай гісторыяй

Факультэт экранных мастацтваў Акадэміі мастацтваў, дзе рыхтуюць рэжысёраў кіно і тэлебачання, па дакументах яшчэ вельмі малады — у красавіку гэтага года яму споўнілася 4 гады. Аднак дагэтуль былі выпускі кінарэжысёраў Турава і Пташука і кафедра кінатэлемастацтва, на базе якой у 2010 годзе быў створаны факультэт.
“За гэтыя 4 гады мы пачалі рыхтаваць практычна ўсіх спецыялістаў, якія патрэбны ў кіно і на тэлебачанні, — гаворыць Павел Уладзіміравіч. — Рэжысёры і гукарэжысёры, можна сказаць, ужо сталі класічнымі прафесіямі. Ёсць і новая прафесія арганізатара кінатэлевытворчасці. Праўда, на яе пакуль набіралі толькі два разы. Трэба паглядзець, як гэтыя спецыялісты будуць запатрабаваны”.
На спецыялізацыі наборы чаргуюцца. Адзін раз у пяць гадоў набіраюць будучых рэжысёраў мастацкага кіно, раз у пяць гадоў рэжысёраў анімацыйнага кіно. Сёлета чарга рэжысёраў дакументальнага кіно.
Пра якасць падрыхтоўкі сваіх выпускнікоў Павел Уладзіміравіч гаворыць так: “Спецыяльна прыязджаюць з Кіева і запрашаюць нашых студэнтаў працаваць да сябе, хоць і ў іх ёсць некалькі інстытутаў, якія рыхтуюць такіх спецыялістаў”.

Шанс для ўсіх

“Ужо трэці год запар нам выдзяляюць сродкі з бюджэту на вытворчасць не толькі дыпломных, але і вучэбных работ. Нават першакурснікі маюць права прэтэндаваць на гэтыя грошы, галоўнае, каб праект быў дастойны”, — расказвае П.У.Іваноў.
Навучыцца ствараць уласныя творы можна падчас практык. Студэнты гэтага факультэта праходзяць практыку ў вядучых студыях краіны: Беларусьфільм, Белтэлерадыёкампанія, канал “СТВ”, студыя пры журфаку БДУ.
Плён маюць і практычныя заняткі. “Зараз па праграме мы здымаем інтэрв’ю. Сваім студэнтам я пакажу запісы інтэрв’ю, якія рабіў папярэдні курс. Гэта, на самай справе, лепшы вучэбны дапаможнік”, — гаворыць П.У.Іваноў.

Пакажу, як здымаць кіно

“Нядаўна на нашым факультэце курс кінарэжысёраў набрала вельмі запатрабаваны рэжысёр Рэната Грыцкова, якая без перапынку здымае для расійскага канала. Часта за свае грошы яна аплачвае дарогу сваім студэнтам, каб яны маглі прыехаць да яе на здымкі. Гаворыць, што можа дазволіць сабе гэта”, — дзеліцца П.У.Іваноў.

Ці чыталі вы Чэхава?

“Раней, калі я паступаў, на рэжысуру без першай вышэйшай адукацыі не бралі, — успамінае П.У.Іваноў. — Я паступіў, скончыўшы акцёрскае аддзяленне. Мне было 28 гадоў, і ўсе мае аднакурснікі былі прыкладна майго ўзросту”.
Павел Уладзіміравіч нездарма ўспомніў, як было раней. Сёння на рэжысёрскія спецыяльнасці ідуць адразу пасля школы. “Даводзіцца ўлічваць узровень падрыхтоўкі ў школе. Я пачынаю гаварыць пра п’есу Чэхава і разумею, што хлопец ці дзяўчына яе не чыталі. Таму некаторы час траціцца на тое, каб падняць іх агульны ўзровень”, — гаворыць П.У.Іваноў.

Калі два ў два пяць

Сталым рэжысёрам трэба добра разбірацца ў класічных жанрах. “Перш чым даказаць, што два ў два пяць, трэба ведаць, што два ў два чатыры. Калі чалавек не ведае, што такое класічнае інтэрв’ю як жанр, ён ніколі не здыме чагосьці такога, што выглядала б як гутарка дваіх людзей з нейкага іншага пункту гледжання”, — тлумачыць П.У.Іваноў.

Аб нацыянальным тэлебачанні і кіно

На адным з кінафестываляў П.У.Іваноў пазнаёміўся з дырэктарам “Таджыкфільма”. Завязалася гутарка. “Няма сцэнарыяў”, — паскардзіўся замежны калега. “А якія сцэнарыі вам патрэбны?” —
у сваю чаргу пацікавіўся Павел Уладзіміравіч. “Пра агульначалавечыя каштоўнасці”, — такі быў адказ.
Павел Уладзіміравіч расказаў, як адзін малады рэжысёр, чый фільм прайшоў на Канскі кінафестываль, сказаў, што нацыя-нальнае кіно заўсёды паказвае агульначалавечыя каштоўнасці, але з пункту гледжання пэўнага народа. “Кожнае добрае нацыянальнае кіно зразумела ўсім”, — гаворыць П.У.Іваноў.
На тэлебачанні крыху інакш, яно больш залежыць ад грошай. “Калі няма матэрыяльных магчымасцей рабіць штосьці арыгінальнае, даводзіцца набываць кантэнт на рынку ці купляць чыюсьці ідэю. Лічу, што гэта няправільна. Трэба знаходзіць кампраміс, які дазволіў бы за невялікія грошы стварыць добры прадукт”, — упэўнены П.У.Іваноў.

І пра грошы, і пра кіно

Неаднойчы даводзілася чуць, што, каб зняць добрае кіно, патрэбны добрыя грошы. Цяжка не пагадзіцца, аднак сусветная практыка ведае, калі і за не невялікія ўкладанні стваралі якаснае кіно.
“Добрая ідэя, тэма і сцэнарый — тады кіно можа адбыцца. Прывяду прыклад. Па сцэнарыі мужа з жонкай, якія падчас адпачынку займаліся падводным плаваннем, забылі ў акіяне. Яны вынырнулі, а катара ўжо няма. Увесь фільм глядач назірае за тым, што адбываецца з гэтымі людзьмі. Вельмі моцны фільм. Зняла яго галандская сямейная пара за 200 тысяч долараў. Гэта няшмат. А прынёс ён больш за 50 мільёнаў”, — расказвае Павел Уладзіміравіч.

Абітурыент, памятай!

Без падрыхтоўкі трапіць на факультэт экранных мастацтваў цяжка, бо здаваць, акрамя ЦТ, прыйдзецца і ўнутраныя творчыя іспыты. “Без падрыхтоўкі ў нашу акадэмію можна паступіць хіба што на тэатральны факультэт, напрыклад, на спецыяльнаць “Акцёр драматычнага тэатра і кіно”, дзе могуць спрацаваць прыродныя даныя”, — тлумачыць Павел Уладзіміравіч.
Дапамагчы пры паступленні могуць падрыхтоўчыя курсы, якія функцыянуюць на базе факультэта экранных мастацтваў. Аднак падрыхтавацца можна і самому, у гэтым могуць паспрыяць кансультацыі, якія праводзяцца раз на тыдзень з другой паловы лютага.
“Ёсць некалькі прозвішчаў, якія абавязкова трэба ведаць. Калі паступаеш на рэжысуру, немагчыма не ведаць, хто такі Станіслаўскі і што ў яго была за сістэма. Трэба ведаць, што такое раскадроўка, рэжысёрскі, літаратурны сцэнарый і чым яны адрозніваюцца”, — гаворыць П.У.Іваноў.
Варта арыентавацца ў асноўных культурных падзеях, якія адбываюцца ў нашай краіне, ведаць беларускія каналы і разумець, чым яны адрозніваюцца. Ведаць тэатры горада, у якім ты жывеш, і паглядзець хаця б адзін-два спектаклі. “Гэта пачатковы ўзровень, але ён павінен быць”, — удакладняе Павел Уладзіміравіч.
Калі паступаеце на аператара, нядрэнна было б прынесці свае фотаздымкі розных жанраў: партрэт, пейзаж, нацюрморт. Прыйдзецца прадэманстраваць уменне выстаўляць святло. Зноў жа пра гэта больш падрабязна можна даведацца на кансультацыі. Акрамя таго, спецыяльнасць “Рэжысура кіно і тэлебачання (гукарэжысура)” патрабуе наяўнасць музычнага слыху і пачуцця рытму.

 

Святлана ШЫЯН.