Хто ведае іншыя мовы, той аб’ядноўвае свет

Сёлета Гомель абраны пляцоўкай для правядзення заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах. Больш за 200 юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў краіны сабраліся ў горадзе над Сожам, каб прыняць удзел у выпрабаваннях, спаборнічаючы ў пісьме, аўдзіраванні і маўленні на адной з пяці замежных моў.

Заданні былі нялёгкія, гэта адзначалі і самі алімпіяднікі, і члены журы. Але ж тым каштоўней была перамога. Пяць дзён напружанай работы кожнаму прынеслі пэўныя вынікі. Вядомы выраз “Тут няма прайграўшых” у дадзеным выпадку гучыць не банальна. Да заключнага этапу інтэлектуальнага спаборніцтва дайшлі самыя старанныя і таленавітыя. Гэтыя юнакі і дзяўчаты пераадолелі некалькі прыступак на рэгіянальным узроўні і даказалі, што яны здольныя да выканання больш складаных задач.

Варта сказаць, што вывучэнне замежных моў для школьнікаў становіцца ўсё больш цікавым. Дзеці добра разумеюць, што ў сучасным свеце валоданне некалькімі мовамі значна пашырае перспектывы, незалежна ад таго, якую прафесію яны для сябе выберуць. Многія ўдзельнікі алімпіяды, дарэчы, ужо зараз праклалі для сябе пэўную сцежку ў будучыню: іх выдатныя ўменні заўважаны замежнымі дзеячамі ў сферы навукі і асветы. Яны рэальна падтрымліваюць нашых дзяцей, уцягваючы ў розныя адукацыйныя праекты, даючы тым самым магчымасці ўдасканальвання ведаў непасрэдна ў тым моўным асяроддзі, якое іх цікавіць. Прыемна, што на цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў і пераможцаў алімпіяды замежныя госці таксама прысутнічалі. Сярод іх — каардынатар Цэнтральнага ўпраўлення па справах школьнай адукацыі за мяжой Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Вернер Ліберкнехт і першы сакратар аддзела па справах адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лі Вэньхуа. Мерапрыемства наведалі таксама прадстаўнікі Пасольства Францыі, Інстытута імя Гётэ.

Прыйшлі госці не з пустымі рукамі. Усе ўдзельнікі заключнага этапу алімпіяды атрымалі падарункі, дыпломы і сертыфікаты. Знаўцаў іспанскай мовы падтрымала Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь, англійскай — консульскі аддзел Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Мінску.

Аматарам нямецкай мовы спецыяльныя прызы ўручалі Вернер Ліберкнехт і кіраўнік праекта “Школы: партнёры будучыні” Інстытута імя Гётэ ў Мінску Таццяна Бальдрайх. Акрамя таго, лепшым з лепшых — а такіх шчасліўчыкаў аказалася пяцёра — госці ўручылі сертыфікаты на 4-тыднёвую стажыроўку ў Германіі. Такую ж магчымасць атрымалі і двое знаўцаў французскай мовы. Сертыфікаты на стажыроўку ў Францыі працягласцю ў 2 тыдні ўручыў памочнік начальніка адміністрацыйнага аддзела Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Генадзь Сабешкін.

Навучэнкі гімназіі Лепеля Алеся Тарасевіч, Падольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Таццяна Іллюк, гімназіі № 1 Ваўкавыска Дар’я Кашчыц, сярэдняй школы № 1 г.п.Бялынічы Алеся Шахаленка і Рэчыцкага раённага ліцэя Аліна Кацура атрымалі спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Статыстыка заключнага этапу алімпіяды па замежных мовах: 204 удзельнікі, з якіх 157 дзяўчат і 47 юнакоў.

Найбольшая колькасць дэлегаваных для ўдзелу ў алімпіядзе навучэнцаў адзначана з Гомельскай вобласці і горада Мінска — 33 і 32 чалавекі адпаведна. Гродзенскую і Віцебскую вобласці прадстаўлялі па 29 удзельнікаў, Магілёўскую — 28, Мінскую — 27, Брэсцкую — 26.

Спецыяльны прыз старшыні Гомельскага аблвыканкама ўручылі навучэнцы 11 класа Рэчыцкай раённай гімназіі Яніне Канцавой. А ўзнагароду ад Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта атрымала пераможца алімпіяды, якая паказала найлепшы вынік сярод навучэнцаў Гомеля. Ёй стала вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 17 імя Франсіска дэ Міранды Гомеля Ганна Янчанка.

Прызы для юнакоў і дзяўчат падрыхтавалі таксама Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, мясцовыя грамадскія арганізацыі: Гомельскія абласныя грамадскія аб’яднанні “Белая Русь” і “Беларускі дзіцячы фонд”, Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Беларускі фонд міру”.

Канечне, самы доўгачаканы і напружаны момант настае тады, калі вядучы аб’яўляе пачатак цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах. 94 дыпломы чакалі сваіх уладальнікаў: з іх — 48 дыпломаў ІІІ ступені, 26 — ІІ і 20 — І ступені.

Дыпломы І ступені па пяці замежных мовах юнакам і дзяўчатам уручыла рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава.

— Вы ўжо зрабілі першы крок у авалоданні замежнай мовай, вы ішлі па няпростых школьных праграмах, дзе галоўны прыярытэт аддаецца камунікатыўнаму навучанню мове, — звярнулася да ўдзельнікаў інтэлектуальнага спаборніцтва Наталля Пятроўна. — Ад журы я пачула, што сёлета ўдзельнікі мацней, чым у мінулым годзе. У будучым, мабыць, прыйдуць яшчэ мацнейшыя за вас, а вы пойдзеце далей, будзеце вывучаць іншыя мовы і трапіце ў лік людзей, якія аб’ядноўваюць свет.

Гэтыя словы могуць для многіх здольных навучэнцаў стаць сапраўднай матывацыяй, і, магчыма, хтосьці з іх хутка возьмецца за вывучэнне другой замежнай мовы. А пакуль хлопцы і дзяўчаты з заміраннем сэрца чакаюць вынікаў. Кожны хоча пачуць сваё прозвішча і ў радасна-хвалюючым настроі выйсці на сцэну за доўгачаканай узнагародай.

Дыпломы І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове атрымалі Варвара Сматрыцкая (10 клас, гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна), Даніла Кісляк (10 клас, гімназія № 1 імя Ф.Скарыны Мінска), Барыс Круглікаў (10 клас, гімназія № 7 Мінска), Мікіта Савянкоў (11 клас, гімназія № 2 Гродна), Аляксандр Жураўскі (11 клас, гімназія № 1 імя Ф.Скарыны Мінска), Марыя Клокава (11 клас, гімназія № 1 Дзяржынска), Кацярына Хлусевіч (11 клас, гімназія № 2 Магілёва).

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове ўзнагароджаны Катрын Шрайбер (10 клас, гімназія № 1 Ліды), Харальд Георг Шмункамп (навучэнец 1 курса Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), Паліна Сявярына (11 клас, гімназія № 2 Пiнска), Ганна Скрыпко (11 клас, гімназія № 10 Маладзечна).

Дыпломы І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове ўручаны Паліне Гарбузовай (10 клас, сярэдняя школа № 11 Магілёва), Кацярыне Мішэнінай (10 клас, гімназія № 28 Мінска), Паўлу Курэйчыку (11 клас, гімназія № 1 Салігорска), Кацярыне Марцюшынай (11 клас, гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна).

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па іспанскай мове ўзнагароджаны Арцём Герасімаў (10 клас, Ліцэй Беларуска-Расійскага ўніверсітэта), Ганна Янчанка (11 клас, сярэдняя школа № 17 імя Франсіска дэ Міранды Гомеля), Элія-Ганна Лісай (11 клас, гімназія № 1 Ліды).

Дыпломы І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове атрымалі Іларыя Чэнь (10 клас, сярэдняя школа № 44 Гомеля) і Дзмітрый Хань (11 клас, ліцэй № 2 Мінска).

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.