Хутка рэагаваць на патрэбы эканомікі

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка правёў сустрэчу з кіраўнікамі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Тэмай для размовы стала стратэгія развіцця прафесійнай адукацыі ў нашай краіне.

У сваім выступленні перад прысутнымі І.В.Карпенка акрэсліў напрамкі развіцця прафесійнай адукацыі, найбольш актуальныя сёння. Міністр падкрэсліў, што падрыхтоўка кадраў — гэта комплексная сістэма, якая ўключае ўстановы ПТА і ССА, установы вышэйшай адукацыі, дадатковую адукацыю дарослых, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі. І гэтыя складнікі павінны працаваць як агульнае цэлае. Міністэрства адукацыі асноўнай задачай ставіць далейшае ўдасканаленне мадэлі прафесійнай адукацыі з такім разлікам, каб яно адказвала не толькі сучасным, але і будучым патрэбам чалавека, грамадства і дзяржавы.

Ігар Васільевіч падкрэсліў, што якас ць падрыхтоўкі кадраў уплывае на ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, таму справа гэтая надзвычай важная і працаваць над ёй павінна не толькі сістэма адукацыі. Вядзецца актыўная работа па далучэнні да вырашэння гэтага пытання шэрага дзяржаўных органаў. Так, за апошнія 2 гады прайшлі сумесныя пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі практычна з усімі міністэрствамі краіны.

— Наша сістэма не замкнёная. Актыўна працягваецца работа па ўзаемадзеянні з іншымі міністэрствамі. Арганізацыі — заказчыкі кадраў бяруць удзел у рабоце кваліфікацыйных і экзаменацыйных камісій, саветаў устаноў, у распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі. Аднак эфектыўнасць такіх механізмаў узаемадзеяння ў апошнія гады зніжаецца. Рынак працы патрабуе кадраў новай фармацыі. Таму мы шукаем новыя падыходы да ўдасканалення існуючай сістэмы кваліфікацый, — адзначыў міністр.

Надзвычай важны аспект узаемадзеяння — фарміраванне дакладнага колькаснага і якаснага заказу на падрыхтоўку кадраў. Сёння ў гэтай рабоце задзейнічана Міністэрства эканомікі, якое вызначае перспектыўныя віды эканамічнай дзейнасці і напрамкі іх развіцця, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое робіць прагноз размеркавання патокаў рабочай сілы, і Міністэрства адукацыі, якое аператыўна карэкціруе аб’ёмы, структуру і змест падрыхтоўкі кадраў на аснове гэтых прагнозаў.

Новы вектар рабоце надала стратэгія ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, распрацаваная 2 гады назад. Працуюць сектаральныя саветы, якія закліканы распрацаваць прафесійныя стандарты. Пры Міністэрстве адукацыі створаны свой сектаральны савет кваліфікацый, распрацаваны праект прафесійнага стандарту на педагагічную дзейнасць.

— Задача — разабрацца з функцыямі педагагічных работнікаў, падрабязна апісаць іх, сістэматызаваць і выйсці на дакладныя патрабаванні да ўзроўню іх адукацыі, які неабходны для адпаведнай пасады, — падкрэсліў міністр.

Адукацыйныя праграмы максімальна набліжаюцца да патрэб рэальнага сектара эканомікі. Плануецца пераход ад тыпавога да прыкладнога вучэбнага плана, які будзе складацца з абавязковага кампанента і кампанента, які будзе вызначаць сама ўстанова адукацыі ў адпаведнасці з задачамі, якія ставяцца заказчыкамі кадраў. Гэта дасць магчымасць больш хутка і гнутка рэагаваць на патрэбы эканомікі.

І.В.Карпенка адзначыў, што будзе прадоўжана работа над развіццём інфраструктуры галіновых лабараторый, рэсурсных цэнтраў, сеткавай формы ўзаемадзеяння. У сістэме Міністэрства адукацыі функцыянуе 31 галіновая лабараторыя. Толькі ў 2019 годзе створана 6 новых. Яны выкарыстоўваюцца не толькі для вучэбных мэт. Галіновыя лабараторыі ў мінулым годзе атрымалі шэраг значных практычных вынікаў, запатрабаваных айчыннымі і замежнымі суб’ектамі гаспадарання. Акрамя таго, набытыя навучэнцамі ва ўмовах рэальнай вытворчасці навыкі і ўменні дазваляюць выпускнікам хутка адаптавацца на працоўных месцах і паспяхова ўключыцца ў працоўную дзейнасць арганізацыі.

У падрыхтоўцы кадраў важная добра арганізаваная, прапрацаваная з тэхналагічнага і метадычнага бакоў практычная частка вучэбнага працэсу. У падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй практыка складае да паловы аб’ёму прафесійнага кампанента. На ўзроўні прафтэхадукацыі доля вытворчага навучання — больш за 40 працэнтаў. З улікам таго, што практычны кампанент важны не толькі ў падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна, наладжана цесная сувязь з вытворчасцю і пры падрыхтоўцы кіраўніцкіх і інжынерных кадраў.

Міністр звярнуў увагу на новыя перспектывы, якія адкрывае ўдзел у руху WorldSkills. Праз конкурс прафмайстэрства вывучаюцца сусветныя тэндэнцыі, новыя тэхналогіі ў розных прафесійных кірунках, што спрыяе ўдасканаленню працэсу падрыхтоўкі кадраў на аснове сусветных стандартаў, абнаўленню зместу вучэбных праграм усіх узроўняў сістэмы прафесійнай адукацыі, павышэнню прэстыжнасці рабочых прафесій, узмацненню прафарыентацыйнай работы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і прадастаўлена РІПА.