Хутка ў школу, ці гатовы?

Да 1 верасня засталося не так многа часу. Зусім хутка ўрачыста празвініць школьны званок і адпачыўшая за лета дзятва зноў сядзе за парты. Але да гэтай важнай падзеі неабходна яшчэ як след падрыхтавацца. Таму ў апошнія дні адыходзячага жніўня галоўны клопат бацькоў і дзяцей — зборы ў школу. Надзённымі пытаннямі становяцца асартымент прапанаваных тавараў, іх якасць, цэнавы дыяпазон. Наколькі ўсё гэта адпавядае патрэбам і магчымасцям пакупнікоў, высвятлялі ўдзельнікі выязной нарады па вытворчасці і рэалізацыі тавараў для дзяцей школьнага ўзросту.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі на чале з намеснікам міністра адукацыі Раісай Станіславаўнай Сідарэнка, канцэрна “Беллегпрам” і Міністэрства гандлю. У Бабруйску Магілёўскай вобласці яны наведалі шэраг вытворчых, гандлёвых і адукацыйных аб’ектаў і на справе пераканаліся, што сур’ёзных праблем у плане падрыхтоўкі да новага навучальнага года няма, прычым на ўсіх узроўнях.
Так, беларускія вытворцы сёння гатовы цалкам падрыхтаваць да школы кожнага вучня. Рэалізацыю тавараў школьнага асартыменту па краіне ажыццяўляюць 6600 рознічных гандлёвых аб’ектаў. Пакупнікам прапануецца каля 500 мадэлей дзіцячага адзення дзелавога стылю, 80 мадэлей трыкатажных вырабаў, каля 200 мадэлей абутку, а таксама каля 170 разнастайных ранцаў і рукзакоў. Усе мадэлі даволі якасныя, зручныя і, што немалаважна для сённяшніх вучняў, сучасныя і модныя.
Наглядным пацвярджэннем афіцыйнай інфармацыі стала наведванне ААТ “Славянка”. Швейная фабрыка на працягу 80 гадоў утрымлівае планку лідарства ў лёгкай прамысловасці краіны. Упор тут робяць на тэхналагічнасць, камфорт і якасць прадукцыі. Па словах дырэктара прадпрыемства Тэймураза Бачарышвілі, вытворчасці тавараў для школьнікаў на фабрыцы ўдзяляюць павышаную ўвагу.
— Мы з’яўляемся адным з найбуйнейшых вытворцаў школьнага адзення ў Беларусі. Толькі да гэтага навучальнага года паставілі ў гандлёвыя арганізацыі больш за 170 тысяч адзінак адзення дзелавога стылю для хлопчыкаў і звыш 50 тысяч адзінак адзення для дзяўчынак. Ствараючы свае калекцыі, мы ўлічваем павевы моды, выкарыстоўваем інавацыі і ноу-хау, розныя па складзе і дызайне тканіны, — расказаў Тэймураз Мікалаевіч.
Дарэчы, калекцыі адзення для вучняў на фабрыцы штогод абнаўляюцца. Сёлета лінія ўключае ў сябе сем асноўных кірункаў: “Лэдзі ў чорным”, WINX, “Сіні дыпламат”, “Джынсавы стыль”, “Натуральная лінія”, “Камфортны трыкатаж”, “Высакародны шэры”. Разнастайныя мадэлі гасцям фабрыкі прадэманстравалі бабруйскія школьнікі. Выбар сапраўды шырокі. На “Славянцы” распрацавалі і рэтрамадэлі, якія ўяўляюць сабой традыцыйныя сукенкі з белымі фартухамі, і розныя сучасныя ўборы, у тым ліку і вопратку-трансформер. Паколькі школьная форма — гэта адзенне дзелавога стылю, колеравая гама ў яе адпаведная. У асноўным уборы выкананы ў чорным, шэрым, сінім колерах. Як адзначыў дырэктар фабрыкі, гэтыя расфарбоўкі робяць дзяцей больш засяроджанымі, не адцягваюць іх ад вучобы. Але сёлета дызайнеры прадпрыемства ўлічылі жаданне пакупнікоў, якія аддаюць перавагу больш яркаму адзенню. Калекцыя WINX прадстаўлена ў бардовым колеры і ў спалучэнні з клеткай.
— Мы дэталёва ўлічваем і тое, што ўсе дзеці розныя, таму калекцыі разлічаны на ўсе ўзроставыя і паўнотныя групы. Шматлікія мадэлі можна раскамплектаваць і асобна набыць, напрыклад, пінжак і штаны розных памераў. Улічваючы гэтую тэндэнцыю, мы распрацавалі яшчэ і мадэлі-трансформеры. Яны забяспечаны спецыяльнымі эластычнымі стужкамі, дадатковымі гузікамі, дзякуючы якім можна рэгуляваць аб’ём таліі або даўжыню спадніцы. З улікам таго, як хутка растуць школьнікі, такія мадэлі дазволяць сем’ям сэканоміць значныя сродкі, — падкрэсліў Тэймураз Бачарышвілі.
Адметна, што на “Славянцы” не забываюць і пра якасць адзення для дзяцей. Для школьнікаў на фабрыцы шыюць у большасці з натуральных тканін, якія пастаўляе Мінскі камвольны камбінат. Актыўна ўкараняюць на прадпрыемстве і інавацыі. Самыя вядомыя — кішэні для мабільных тэлефонаў са спецыяльнай абаронай ад выпраменьвання, а таксама тэрмометры, якія ўшываюцца ў пінжакі і дазваляюць вызначыць, наколькі камфортна адчувае сябе школьнік.
Імкнуцца ўлічваць на фабрыцы і фінансавыя магчымасці бацькоў. Па словах Тэймураза Бачарышвілі, цэны на школьную форму фактычна засталіся на ўзроўні мінулага года. Касцюм для хлопчыка абыдзецца прыблізна ў 400—550 тысяч рублёў. З адзеннем для дзяўчынак усё залежыць ад камплектацыі. Камплект з чатырох прадметаў будзе каштаваць прыкладна 700 тысяч. А калі абмежавацца сарафанам або спадніцай і пінжаком, адпаведна, выйдзе ў разы танней. Увогуле, паводле даведачнай інфармацыі Міністэрства гандлю, сёлета для пакупкі аптымальнага набору тавараў для аднаго навучэнца бацькам неабходна будзе выдзеліць з сямейнага бюджэту да 4 млн рублёў.
Убачыць, наколькі бабруйскія бацькі задаволены асартыментам і цэнамі на тавары, прапанаваныя вытворцамі і гандлем, можна было падчас наведвання школьнага базару і ўнівермага горада.
— На школьным базары ў нас прадстаўлены 32 гандлёвыя аб’екты: як фірменныя магазіны вытворцаў, такіх як “Світанак”, “Элема”, “Славянка”, “Дом абутку”, так і індывідуальных прадпрымальнікаў, — расказала намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Іна Ануфрыева.
Колькасць гандлёвых кропак на школьным базары немалая. Але, нягледзячы на сярэдзіну буднага дня, у кожным павільёне ёсць пакупнікі. Дзеці прымяраюць форму, выбіраюць партфелі, канцылярскія прылады. Бацькі пільна аглядаюць іх у абноўках, супастаўляюць жаданні і магчымасці.
Як адзначае кіраўнік ААТ “Дом абутку” Людміла Стахейка, вызначальны фактар пакупніцкага попыту сёння — цана.
— Бацькі першапачаткова просяць паказаць тое, што танней. І зусім не ад таго, што не валодаюць сродкамі, а таму, што ведаюць пра сістэму скідак і акцый, якія мы прадастаўляем у перыяд падрыхтоўкі да школы, — кажа Людміла Іванаўна.
Сістэма скідак разнастайная. Скідкі прадугледжаны для мнагадзетных сем’яў, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Акрамя таго, як заўважыла намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Іна Ануфрыева, аб’екты гандлю прадугледжваюць правядзенне спецыяльных дзён скідак, арганізоўваюць розныя акцыі. Ёсць магчымасць таксама набыць тавары ў растэрміноўку або крэдыт.
Цікавую акцыю арганізавалі ў бабруйскім універмагу. Тут прадугледзелі так званую купонную скідку: пры набыцці школьных тавараў на суму ад мільёна рублёў пакупнік атрымлівае дваццаціпрацэнтную скідку на любыя іншыя тавары гандлёвай кропкі. Што тычыцца асартыменту тавараў, то ва ўнівермагу ён даволі вялікі. А вось з якасцю не ўсё так добра. Частка адзення для дзяцей на 100 працэнтаў складаецца з поліэстару, а гэта непрымальна, бо зацверджаныя нормы прадугледжваюць выкарыстанне натуральных тканін. Ва ўнівермагу такое школьнае адзенне, вядома, ёсць, але прадстаўлена яно не на самым бачным месцы.
Між тым пакупнікі, як высветлілася, аддаюць перавагу натуральнаму адзенню і таму робяць выбар на карысць беларускіх вытворцаў.
— Асартымент шырокі, але мы выбіраем у асноўным нашы тавары. Галоўная прычына — якасць. Сваю ролю адыгрываюць і значныя скідкі. Мы за адзін дзень амаль усё купілі і цалкам уклаліся ў суму, на якую разлічвалі, — расказаў Ігар Стэльмах, дзядуля вучаніцы трэцяга класа сярэдняй школы № 2 Бабруйска Ганны Мельнік.
Ганна Вараб’ёва, мама трэцякласніка сярэдняй школы № 27 Андрэя, у працэсе збораў сына ў школу таксама арыентуецца на беларускія тавары.
— Кошт, вядома, вышэйшы, але ж і якасць лепшая. Мы практычна ўсё купілі. Выдаткавалі крыху больш сродкаў, чым у мінулым годзе, — адзначыла жанчына.
Апошнім аб’ектам наведвання ў праграме выязной нарады стала сярэдняя школа № 27 Бабруйска. Тут удзельнікі мерапрыемства маглі на свае вочы ўбачыць ступень гатоўнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да новага навучальнага года. Як аказалася, у школе ўжо ўсё падрыхтавана да прыёму вучняў. Нядаўна ва ўстанове адукацыі правялі капітальны рамонт, цалкам мадэрнізавалі будынак пачатковай школы, таму сёлета тут абмежаваліся нязначнымі, бягучымі работамі.
Сярэдняя школа № 27 — перадавая навучальная ўстанова, у якой функцыянуюць спецыялізаваныя спартыўныя класы, класы з вывучэннем вучэбных прадметаў “Фізіка” і “Матэматыка” на павышаным узроўні, навуковае таварыства вучняў “Пошук”, ваенна-патрыятычны факультатыў “Школа абаронцаў Айчыны”. На працягу сямнаццаці гадоў тут існуюць класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. За гэты час сваё прафесійнае жыццё з ваеннай службай звязалі 275 выпускнікоў, з іх 173 ужо маюць афіцэрскае званне. Школа неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі Узброеных Сіл за першае месца сярод устаноў адукацыі рэспублікі па падрыхтоўцы кандыдатаў на вучобу ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і ваенныя факультэты ВНУ. А работа школьнага клуба “Юны алімпіец” па развіцці алімпійскага руху, фізічнай культуры і спорту была прызнана лепшай сярод усіх агульнаадукацыйных устаноў Бабруйска.
У сярэдняй школе № 27 падтрымліваюць і актыўна ўкараняюць у вучэбны працэс розныя адукацыйныя інавацыі. Вучні гэтай навучальнай установы прымаюць удзел у пілотным праекце “Школа будучыні”, які стартуе ў гэтым годзе. Як паведаміла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, у шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па ўзгадненні з бацькамі выбраны класы або цалкам уся паралель, навучэнцы якіх на працягу навучальнага года будуць насіць аднолькавае адзенне дзелавога стылю, адпавядаючае ўсім санітарна-гігіенічным патрабаванням.
— Пры гэтым мы не ставілі перад сабой мэту ўвесці адзіную форму адзення для ўсіх вучняў. Кожная ўстанова мае права самастойна вызначыцца з мадэллю, колерам адзення, прычым арыенцірам павінны быць пажаданні дзяцей і іх бацькоў. Магчыма, што на адзенні будзе прысутнічаць эмблема, нейкі адметны знак, які б гаварыў аб прыналежнасці вучня да пэўнай навучальнай установы. Эксперымент разлічаны на тры гады. У гэтым навучальным годзе ў ім прымаюць удзел больш за 500 навучэнцаў з шасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. На будучы год плануецца ўвесці адзіную мадэль адзення для вучняў першай ступені некаторых агульнаадукацыйных устаноў у кожнай вобласці. У выпадку станоўчага выніку ў 2016/2017 навучальным годзе магчыма яшчэ большае пашырэнне межаў праекта за кошт павелічэння колькасці ўстаноў, якія будуць у ім удзельнічаць, — патлумачыла Раіса Станіславаўна.
Як можна было пераканацца, гандлёвыя кропкі прадастаўляюць дастатковы выбар школьных тавараў на любы густ і кашалёк. Установы адукацыі таксама чакаюць навучэнцаў, а значыць, зусім хутка вучні зноў пойдуць у школу, каб разам з настаўнікамі ўрачыста сустрэць Дзень ведаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.