Хуткасць, дакладнасць, спрыт

350 юных спартсменаў сталі ўдзельнікамі рэгіянальных спаборніцтваў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба “Снежны снайпер” у Гомелі. Яны завяршыліся сёння на біятлонным комплексе “Сож”, якому няма аналагаў у краіне.

Комплекс прыняў першых наведвальнікаў у 2019 годзе. На аб’екце два пад’ёмы рознай крутасці, біятлонны цір на 24 мішэні для малакаліберных вінтовак. Гэты ўнікальны аб’ект быў пабудаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Як расказаў галоўны суддзя спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер”, дырэктар Гомельскай гарадской ДЮСШ № 6 Юрый Сачыўка, за перамогу спрачаліся прадстаўнікі 25 каманд з усіх раёнаў вобласці і Гомеля:

— Удзельнікі спаборнічалі ў некалькіх узроставых групах: 2009—2010, 2007—2008, 2005—2006 гадоў нараджэння. Паколькі летась у Раўбічах фінальныя спаборніцтвы не адбыліся ў сувязі з пандэміяй, сёлета да іх былі дапушчаны хлопчыкі і дзяўчынкі 2004 года нара­джэння. Усе ўдзельнікі прадэманстравалі хуткасць, дакладнасць, спрыт. Мы праводзілі індывідуальную і эстафетную гонкі для ўсіх узроставых катэгорый. Дыстанцыя для малодшага ўзросту была 1800 метраў з двума агнявымі рубяжамі, для сярэдняга — 2400 метраў з двума агнявымі рубяжамі, старэйшыя пераадольвалі дыстанцыю ў 3000 м з двума агнявымі рубяжамі. У нас ёсць раёны, якія традыцыйна моцныя ў гэтых спаборніцтвах: Жлобінскі, Рагачоўскі, Светлагорскі, Гомельскі і Ельскі.

Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Вольга Ярмоленка лічыць, што самае галоўнае — зацікаўленасць школьнікаў у занятках фізкультурай:

— Канечне, вельмі важна, што мы зацікаўліваем дзяцей заняткамі фізічнай культурай, зімовымі відамі спорту. Між тым, спадзяюся, сярод тых, хто выходзіў на гэты старт, у перспектыве будуць і алімпійскія чэмпіёны-біятланісты.

Па выніках спаборніцтваў сфарміравана каманда вобласці, якая будзе адстойваць гонар рэгіёна ў фінале. У яе ўвайшлі па чатыры хлопчыкі і дзяўчынкі кожнага ўзросту. У 2019 годзе ў каманды Гомельскай вобласці ў фінале гэтых спаборніцтваў было ганаровае трэцяе месца. Ці змогуць юныя спартсмены з поўдня краіны палепшыць вынікі, пакажа час. У лютым адбудуцца рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.