Хвала рукам, што хлеб пякуць

- 12:12Нам пішуць

Выбар прафесіі — вельмі важны і адказны крок, ад якога шмат у чым залежыць дабрабыт чалавека. У гімназіі Мсціслава педагогі пачынаюць знаёміць сваіх вучняў са светам прафесій з 1 класа. Наколькі гэты свет разнастайны, дзеці даведваюцца з гутарак, віктарын, класных гадзін, экскурсій. Так, цёплым сакавіцкім днём для малышоў была арганізавана паездка ў Магілёў для знаёмства з прадпрыемствам ААТ “Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”. Гэтае прадпрыемства — найбуйнейшы вытворца хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў у Магілёве і вобласці.

Арганізатары вельмі гасцінна сустрэлі і прынялі нашу групу з 46 чалавек. Нас пазнаёмілі з гісторыяй і традыцыямі хлебапячэння, расказалі аб працы кампаніі, аб прафесіях людзей, якія працуюць на заводзе, прадставілі выставу з шырокім асартыментам хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Вочы нашых дзетак ужо на гэтым этапе пачалі блішчаць!

Пасля прэзентацыі нам прапанавалі прайсці ў цэх, у якім паказалі ўвесь працэс вырабу хлеба ад замесу да ўпакоўкі. Навучэнцы паспрабавалі гарачага хлеба і свежую булачную выпечку. Яшчэ адным дзівосным сюрпрызам для нашых дзяцей стаў майстар-клас па лепцы казачных герояў кандытарам-спецыялістам. За лічаныя хвіліны кавалачкі масцікі ў руках майстра ператвараліся ў сабачку, зайчыка, мядзведзя. Гэтыя фігуркі дзеці прывезлі дадому ў якасці сувеніраў.

Мне здаецца, што час мы правялі з карысцю, шмат убачылі і даведаліся. І нават калі дзеці не стануць тэхнолагамі і пекарамі, то абавязкова будуць шанаваць хлеб і паважліва ставіцца да працы.

Валянціна КІРЫЛЕНКА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Мсціслава.