Хвастатае хобі

Як перамагчы свой страх перад грызунамі? Пра што можа “расказаць” кот хвастом? Якія гульні ў шыншылы любімыя? Як зрабіць папугая балбатуном? Даведацца пра ўсё гэта і не толькі штодзень спяшаюцца ў Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства хлопчыкі і дзяўчынкі з усяго горада. Правадніком у свет жывой прыроды тут амаль 4 гады назад стала Кацярына Генадзьеўна Грэнь, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Заахобі”.

Для педагога гэтая ўстанова стала другім домам з ранняга дзяцінства. Менавіта тут яна праводзіла ўвесь вольны час. Праўда, захаплялася тады кветкаводствам. Але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. “Добрыя людзі” сталі проста выкідваць на вуліцу і нават на сметнік сваіх гадаванцаў. Таму ўсім ім Каця знаходзіла месца ў сябе дома. Усе падабраныя каты — Фрост, Кіцікэт, Мурык, Дзетка — сталі жыць у яе. Нядаўна з’явіліся такса, якую не­хта таксама выкінуў на вуліцу, кот, мышаня — калматая кампанія ў яе дома ўнушальная.

Але галоўны склад гадаванцаў Кацярыны Генадзьеўны — у жывым кутку цэнтра. Гэта трусы дэкаратыўныя, свінкі марскія, мышкі дэкаратыўныя і сіямскія, дэкаратыўныя пацукі, шыншыла, пясчанка, ці тушканчык, хамякі сірыйскія і джунгарскія. Акрамя таго, некалькі відаў птушак: хвалістыя папугаі, кітайскі верабей амадзінка і гордасць кутка — фазан залацісты.

Камусьці можа падацца, што гэта ўжо занадта вялікі пералік, але сама гаспадыня не бачыць у гэтым “маштабаў” і нейкіх складанасцей, бо за плячыма ў яе — Гродзен­скі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, дзе яна атрымала адукацыю зааінжынера, работа галоўным зааінжынерам у мясцовай гаспадарцы, таму догляд жывёл, іх развядзенне, а таксама вырошчванне агародніны для траваедных ужо не падаецца такім складаным.

Тым больш што ў цэнтры ў яе шмат памочнікаў. Сярод пачатковых класаў — больш за 40 чалавек. А сярод дзяцей 5—9 класаў — 24 чалавекі. У асноўным старшыя школьнікі — гэта тыя, хто захапляецца біялогіяй і заалогіяй, хто марыць стаць ветэрынарам ці вывучае біялогію (заалогію) для падрыхтоўкі да паступлення ў медыцынскія навучальныя ўстановы.

“У маіх навучэнцаў ужо ў 8 класе ёсць дакладнае ўяўленне пра развядзенне жывёл, пра догляд іх патомства. Для дзіцяці гэта магчымасць загадзя адчуць, ці правільна яно выбрала сабе прафесію (бо, зразумела, уяўленні часта разыходзяцца з рэальнасцю). У такім выпадку нашы гутаркі і заняткі з гэтым дзіцем прахо­дзяць ужо не ў пазнавальным, а больш у прафесійным ключы. Гэта з малодшымі дзецьмі я будую заняткі так, каб проста зацікавіць, каб дзіця захацела зноў і зноў вяртацца ў наш жывы куток: расказваю гісторыю таго ж хамяка, якая, дарэчы, пачалася з XV стагоддзя, пра тое, як ён з’явіўся побач з чалавекам сабака, вучу правільна абыходзіцца з канкрэтнай жывёлай, птушкай. Тэматычны ахоп у нас шырокі — ад чарвяка і чарапахі да буйных жывёл”, — гаворыць педагог.

Кацярына Генадзьеўна і яе памочнікі-заолагі актыўна супрацоўнічаюць з Кобрынскім прытулкам для бяздомных жывёл, дапамагаюць даглядаць жывёл, многія дзеці знаходзяць сабе сярод іх сяброў. Сама ж Кацярына Генадзьеўна бярэ адтуль катоў на ператрымку, а потым шукае ім гаспадароў.

“Сёння многія праводзяць акцыі па зборы кармоў для жывёл у прытулках, але гэта — не самае галоўнае. Важная не толькі ежа, але і ўвага. Таму мы з дзецьмі ходзім у прытулак, каб яны на свае вочы ўбачылі яго жыхароў, каб змаглі іх пагладзіць, пагуляць з імі. Як правіла, пасля такога тактыльнага кантакту, а не збору корму “за вочы”, яны ўсведамляюць, што ў любым, нават самым шчыльным графіку, з любой вучэбнай нагрузкай і пры ўсім жаданні пасля школы пасядзець вечар у смартфоне, можна знайсці гадзінку, каб прыйсці да гэтых сабак, катоў, пагладзіць іх, пачасаць за вухам і падарыць ім часцінку сябе, свайго часу”, — гаворыць Кацярына Генадзьеўна.

Жывёл нельга выдзеліць з прыроды — прыроду трэба выву­чаць у цэлым. Пра гэта падрабязней педагог расказвае і на занятках у аб’яднанні па інтарэсах “Зялёная школа”. Кожную суботу да яе на заняткі прыязджаюць дзеці з розных школ горада.

Неабходнасць такога комплекснага падыходу педагог тлума­чыць так: “Сёння ў лепшым выпадку 9 з 10 дзяцей нават калі ідуць у школу, у магазін, гуляюць у двары, не прыглядаюцца і не заўва­жаюць прыроды навокал. Гэта праблема № 1 — дзеці, ды і дарослыя таксама, не бачаць сувязі паміж сабой і тым жа засохлым дрэвам, той жа вытаптанай травой, з нашай забруджанай рэчкай Мухай. Яны не бачаць прычынна-выніковай сувязі. І таму наша задача — засяродзіць дзіцячую ўвагу на гэтым, далучаць да гэтага. Я прымушаю іх думаць і быць адказнымі за свае дзеянні. Дзіця становіцца “выхаваным”, бо гаворыць: “Я зразумеў, не буду абгортку выкідваць”. Ды не! Не гэтая звычка важная. Ты падумай, чаму так нельга? Колькі гадоў яна будзе тут ляжаць? А што, калі яе з’есць птушка і памрэ?”.

Свае разважанні навучэнцы Кацярыны Генадзьеўны выказваюць і ў сваіх даследчых праектах. Напрыклад, адзін з апошніх — па праблеме бяздомных свойскіх жывёл Кобрына — прынёс ім 3-е месца на рэспубліканскім этапе конкурсу “Зялёныя школы”.

“Падчас гэтага праекта дзеці імкнуліся не проста праяўляць спачуванне, дапамогу бяздомным жывёлам, а давесці да сваіх сяброў, бацькоў, што жывёл нельга выкідваць, забіваць, і замест вывучэння трывіяльных слоў, што жывёл трэба любіць, пастараліся зразумець сэнс існавання жывёл у свеце”, — растлумачыла Кацярына Генадзьеў­на.

Святлана НІКІФАРАВА.