Выхавальніца мінскага дзіцячага сада № 389 Вера Гапановіч расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра сваіх падапечных з Беларускага дзіцячага хоспіса і не толькі.
— ”А што я павінна рабіць?” — гэтае пытанне мяне вельмі хвалявала напярэдадні першага ў маім жыцці візіту ў сям’ю, якая знаходзілася пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса. Супакойвала толькі адно — там будзе мой старэйшы брат Андрэй. Ён падкажа, — успамінае мая суразмоўніца свой першы крок у валанцёрстве, які яна зрабіла амаль 10 гадоў назад.
Яна не хавае, што прыкладам для яе стаў брат. Ён сам у даволі сталым узросце вырашыў далучыцца да добраахвотнікаў. Выбраў для сябе Беларускі дзіцячы хоспіс і аказваў яго падапечным пасільную дапамогу падчас правядзення мерапрыемстваў, таксама наведваў сем’і.
— Мы прыехалі да дзяўчынкі, якой на той момант было 14 гадоў. Яна ўвесь час знаходзілася дома, сама хадзіла, але ў яе была затрымка інтэлектуальнага развіцця. Мэтай нашага візіту было правесці час з дзіцем — паразмаўляць, пагуляць, зрабіць, калі трэба, урокі. І даць маме магчымасць заняцца сваімі справамі, — расказвае Вера.
Пасля таго візіту яна адчула, што ў яе ёсць сілы і жаданне дзяліцца сваім цяплом, чуласцю. І, нягледзячы на працоўны графік, яна гатова знаходзіць час для валанцёрства. Вера Гапановіч пачала таксама прымаць удзел у шматлікіх на той час мерапрыемствах БДХ, якія праходзілі на працягу навучальнага года. Андрэй жа настойліва запрашаў яе далучыцца да яго летам, калі падапечныя хоспіса адпачываюць на прыродзе ў вёсцы Заброддзе. Там знаходзіцца незвычайны лагер “Бусел”, валанцёрства ў якім стала асобнай старонкай у жыцці Веры.
Брат расказваў ёй шмат цікавых гісторый пра гэтае месца, дзе дзеці з асаблівасцямі развіцця праводзяць час без бацькоў. На кожнай змене звычайна пяць хлопчыкаў і пяць дзяўчынак. Некаторыя на калясках, некаторыя ходзяць пры дапамозе хадункоў ці кіёў. У кожнага падапечнага свой валанцёр, які побач заўсёды і аказвае неабходную дапамогу. Але самае цікавае, што жыццё тут кіпіць, бурліць. Ні дня не праходзіць без мерапрыемства, усе самыя смелыя фантазіі ўвасабляюцца! Дзеці са складанымі дыягназамі гуляюць у валейбол, здымаюць кліпы, ладзяць дні беларускай кухні, інтэлектуальных гульняў, самакіравання, паэзіі, навукі… А кожны вечар, калі дазваляе надвор’е, — дыскатэка і размовы каля вогнішча.
— Я не верыла, што такое адбываецца на самай справе, пакуль там не апынулася. Для мяне першая дыскатэка стала сапраўдным адкрыццём. З таго моманту я дакладна ведала, дзе і як буду праводзіць свой адпачынак, — дзеліцца Вера.
Калі збіралася ў лагер, крыху камплексавала наконт свайго ўзросту. Часцей за ўсё пры слове “валанцёр” уяўленне малюе маладога чалавека, хлопца ці дзяўчыну. А тут — дарослая жанчына, маці дарослага сына. Таму было крыху боязна. Але нават адсутнасць брата, у якога не атрымалася прыехаць на адну змену з сястрой, не стала перашкодай на шляху. Усё склалася вельмі цудоўна.
— У першы дзень я з усімі пазнаёмілася і ўсе мае хваляванні зніклі нібыта дым. Маёй падапечнай стала дзяўчынка. Змена праляцела вельмі хутка і пакінула шмат станоўчых эмоцый. На наступны год я апякала ўжо іншую дзяўчыну — Марыну. Але ёй падабалася, калі мы яе звалі Машай. Мы пасябравалі, для мяне яна стала нібыта дачка. І далей з году ў год сустракаліся ў лагеры, — адзначае валанцёр.
У Машы шмат праблем са здароўем. Яна амаль нічога не бачыць, перамяшчаецца на інвалідным крэсле. Але інтэлект захаваны. Дзяўчынка вялікая прыхільніца футбола. Яе веды ў гэтай тэме здзіўляюць. Без перапынку яна можа расказваць пра футбалістаў, каманды, пра спаборніцтвы і чэмпіянаты ў гэтым відзе спорту.
— Таму яна і стала для нас Машай-футбалісткай, — падкрэслівае Вера. — А калі на змене разам з ёй аказваўся Саша, хлопец з Фаніпаля, яны маглі гадзінамі размаўляць пра футбол. Аднойчы я спытала ў дзяўчыны: можа, ёй не цікава са мной, можа, лепш з кімсьці маладым, а я пры гэтым буду дапамагаць, як і заўсёды. “Не, Вера! Мне з вамі вельмі добра”, — пачула ў адказ. Спадзяюся, гэтым летам мы таксама сустрэнемся з нашай футбалісткай!
Калі расказваю пра сваё валанцёрства, чую такія словы: “Ты малайчына! Я так не змагла б. Нават калі толькі бачу хворае дзіця, пачынаю плакаць, мне так шкада яго”. І мне шкада. Але нашы слёзы людзям з інваліднасцю і са складанымі дыягназамі не дапамогуць! Наш жаль ім не патрэбны. Неабходна паразуменне і зносіны на роўных.
Брат Веры з цягам часу стаў штатным супрацоўнікам Беларускага дзіцячага хоспіса — сацыяльным работнікам. Пэўны час удзельнічаў у рэалізацыі праграмы ўстановы “Маладыя дарослыя”, якая аб’яднала людзей з інваліднасцю, дасягнуўшых паўналецця. Галоўнай мэтай праграмы было даць ім магчымасць весці максімальна паўнацэннае жыццё, каб яны не адчувалі сябе ў сацыяльнай ізаляцыі. Таму ладзіліся сустрэчы з псіхолагамі, юрыстамі, арганізоўваліся шматлікія экскурсіі, нават была паездка ў Санкт-Пецярбург, сплаў на байдарках. А год назад Андрэй Гапановіч зрабіў смелы крок — арганізаваў адзіны ў нашай краіне сацыяльны валанцёрскі клуб. Яго адметнасць у тым, што маладыя людзі з інваліднасцю аказваюць пасільную дапамогу тым, хто апынуўся ў такім жа становішчы.
— Я, канечне, не магу заставацца ўбаку. Па меры магчымасці ўдзельнічаю ў розных мерапрыемствах клуба. Мы наведваем выставы, музеі, падарожнічаем па Беларусі, раз у месяц праводзім дыскатэкі, — гаворыць Вера. — Некалькі разоў была ў ролі кухара. Гатавала боршч, катлеты, салаты. Здаецца, дробязь, але як прыемна чуць словы падзякі і бачыць, што твае стравы падабаюцца і знікаюць з талерак вельмі хутка. (Усміхаецца.) Калі я побач з імі, не адчуваю розніцы ва ўзросце, у сацыяльным статусе. Мы на роўных, размаўляем на любыя тэмы, спяваем, жартуем, весялімся і атрымліваем асалоду ад жыцця тут і зараз.
Марына ЖДАНАВА